19:00 15.02.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАМЯЦІ ЛЕАНІДА ДЗЕЙКІ

15 лютага 2021 года на 72-м годзе жыцця нас пакінуў і адышоў у вечнасць ветэран Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Леанід Іванавіч Дзейка.

Сын настаўнікаў, ураджэнец вёскі Заастравечча, што ў Клецкім раёне, Леанід Дзейка скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Пасля заканчэння вучобы (1971) яго накіравалі працаваць у Казахстан. У 1975 годзе Леанід Іванавіч вярнуўся ў Беларусь. Працаваў спачатку старшым інжынерам-электронікам у вылічальным цэнтры баваўнянага камбіната ў Баранавічах, а потым старшым інжынерам-электронікам у аддзеле аўтаматычнай сістэмы кіравання вытворчага аб’яднання “Беларуськалій”. Быў ён таксама начальнікам электрамеханічнага аддзела.

З 1988 года Леанід Дзейка працаваў інжынерам-электронікам механічнага завода ў Клецку — у горадзе, дзе жылі ягоныя бацькі.

Сябар Камуністычнай партыі, Леанід Іванавіч з энтузіязмам успрыняў ідэі перабудовы савецкага грамадства. І калі на 4 сакавіка 1990 года былі прызначаны выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР ХІІ склікання, ён стаў кандыдатам у дэпутаты у Клецкай выбарчай акрузе № 62. Яго канкурэнтамі былі шэсць чалавек, у тым ліку намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта эканомікі і планавання, а раней загадчык эканамічнага аддзела Цэнтральнага Камітэта КПБ, першы сакратар Клецкага раённага камітэта партыі, першы сакратар раённага камітэта камсамола, дырэктар швейнай фабрыкі і дырэктар райсельгасхіміі.

Першы тур галасавання прынёс Леаніду Іванавічу пяць тысяч галасоў. Першы сакратар РК КПБ атрымаў 14 тысяч галасоў. Аднак праз два тыдні сімпатыі выбаршчыкаў памяняліся. У другім туры галасавання інжынер Леанід Дзейка атрымаў 16077 галасоў выбаршчыкаў, а яго канкурэнт — 13514 галасоў.

У Вярхоўным Саеце ХІІ склікання Ленід Іванавіч Дзейка быў сярод тых дэпутатаў, якія выступалі за дэмакратыю, за дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, за сваё войска, мытню, памежную службу, за новую назву нашай Рэспублікі, за вяртанне гістарычнай дзяржаўнай сімволікі — герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сцяга. Разам з дэпутатамі, якія выступілі на абарону беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы краіны і супраць намераў вярнуць у зыначаным выглядзе савецкую дзяржаўную сімволіку, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года ён трымаў галадоўку і быў жорстка збіты.

Леанід Іванавіч Дзейка быў адным з тых грамадзян Беларусі, хто ў канцы 1990 года выступіў за адраджэнне беларускага сацыялістычнага руху — руху дзякуючы якому стала магчымая беларуская дзяржаўнасць ХХ стагоддзя. Ён выйшаў з КПСС і 2–3 сакавіка 1991 года быў удзельнікам Устаноўчага з’езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, якая пазней прыняла назву Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

Сціплы працаўнік, шматгадовы прэс-сакратар партыі, Леанід Іванавіч да канца свайго жыцця быў шчыра адданы ідэалам сацыяльнай дэмакратыі. Памяць пра яго захаваецца ў нашых сэрцах.

ПРЭЗІДЫУМ БСДП.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме