18:02 18.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАЛЯВАННЕ НА СВАІХ

Апошнім часам па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў мясцовых кіраўнікоў. Паводле некаторых меркаванняў, такога пераследу рэгіянальных чыноўнікаў, як цяпер, у Беларусі ніколі не было.
Можа, нехта аб’явіў паляванне на вертыкальшчыкаў?
На гэтае пытанне з дапамогай экспертаў паспрабавала адказаць газета “Тут і цяпер”.

ХТО З ВЕРТЫКАЛЬШЧЫКАЎ УЖО ПАПАЎСЯ

Зусім нядаўна на 4 гады за злоўжыванне ўладай асудзілі былога старшыню Ждановіцкага сельскага савета Валерыя Маскалёва.

8 гадоў атрымаў намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама.

Былога першага намесніка старшыні Вілейскага райвыканкама абвінавачваюць у халатнасці.

У Мазыры супрацоўнікамі КДБ арыштаваны былы першы намеснік старшыні райвыканкама. Яго падазраюць у хабарніцтве і злоўжыванні ўладай.

Намесніка старшыні Нараўлянскага райвыканкама падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і злоўжыванні службовым становішчам.

У Брэсце ў сваім службовым кабінеце за хабар затрыманы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна.

Былая намесніца кіраўніка аддзела фінансавай палітыкі Камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама за хабар пазбаўлена волі на 8 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

ХАБАР БЯРУЦЬ НЯВЫХАВАНЫЯ?

Былы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Сцяпанаў не выключае таго, што праваахоўныя органы зверху атрымалі каманду “Фас!”.

— Раней на мясцовых чыноўнікаў не звярталі ўвагі, — выказвае нашаму выданню сваё меркаванне Уладзімір Іванавіч. — Вось, напрыклад, у нас нядаўна затрымалі чыноўніка з гарадской адміністрацыі. Калі была інфармацыя, што ён даволі доўга займаўся незаконнай дзейнасцю, чаму яго затрымалі толькі цяпер? Відаць, паступіў нейкі сігнал, і па ўсёй рэспубліцы панеслася! Планамернай жа працы па супрацьдзеянні карупцыі, прафілактычнай, выхаваўчай працы як не было, так і няма.

А наконт таго, ці ўсё вертыкальшчыкі бяруць хабар… Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Вядома, што кожнаму хочацца жыць лепш. Але ёсць тыя, хто бедны, каму сапраўды патрэбны грошы, аднак сумленне не дазваляе падзарабляць незаконным шляхам.

На мой погляд, трэба, каб адказнасць за хабар нёс не толькі той, хто яго бярэ, але і хто прапаноўвае. Не варта забываць і пра тое, што беларускіх чыноўнікаў часам спецыяльна правакуюць на хабарніцтва тыя ж праваахоўныя органы.

УЛАДА ПАВІННА КАНТРАЛЯВАЦЦА НАРОДАМ

Юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч стараецца як мага менш кантактаваць з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў любога ўзроўню.

— Я плачу падаткі, міліцыя мяне ахоўвае, а больш я нічога ад улады не хачу, няхай пакіне мяне ў спакоі і не дурыць галаву, бо я сам ведаю, што і як рабіць, — гаворыць юрыст. — Але пры гэтым упэўнены, што любая ўлада, у тым ліку і мясцовая, павінна кантралявацца народам. Гэта гарантыя таго, што чыноўнікі будуць трошкі думаць, што яны робяць і як. Што тычыцца злоўжыванняў, то барацьба з карупцыяй, калі мясцовыя органы ўлады не кантралююцца народам, мне падаецца ў нейкім сэнсе змаганнем з ветракамі. Калі б старшыня гарвыканкама ведаў, што калі ён будзе займацца кепскімі справамі, людзі не выберуць яго на наступны тэрмін, то ён паводзіў бы сябе крыху інакш. А наконт таго, з’яўляюцца затрыманыя чыноўнікі карупцыянерамі ці не — будзем спадзявацца, што ў гэтым разбяруцца следчыя органы.

БІЦЬ СВАІХ, КАБ ЧУЖЫЯ ЗАЙЗДРОСЦІЛІ?

Памочнік экс-кандытата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец кажа, што арышты раённых чыноўнікаў могуць саслужыць дрэнную службу дзеючаму рэжыму:

— Сёння звужаецца кола магчымасцей дзяржаўных рэсурсаў, і адпаведныя органы кантралююць тыя сферы, якія раней аддаваліся ў якасці вотчыны мясцовым вертыкальшчыкам, — тлумачыць сваю пазіцыю Лагвінец. — Ва ўмовах скарачальнага бюджэту крымінальныя справы ў рэгіёнах відавочныя. Але тут палка з двума канцамі для рэжыму: з аднаго боку, каб утрымаць свой першапачатковы антыкарупцыйны лозунг, улада мусіць і далей працягваць актыўную барацьбу з карупцыяй, нягледзячы ні на што. А з іншага боку, такім чынам яна адварочвае ад сябе мясцовую наменклатуру.

ЛЕНІН СКАЗАЎ ДЗЯЛІЦЦА...

Праваабаронца Валерый Шчукін лічыць, што мясцовыя князькі не ўвесь незаконны даход кладуць у сваю кішэню.

— Фокус у тым, што ў нашай дзяржаве чыноўнікам дазволена карыстацца сваімі службовымі абавязкамі, але калі яны перабольшваюць, як, напрыклад, былая кіраўніца справамі прэзідэнта Галіна Жураўкова, тады іх бяруць за жабры. Пры тым татальным кантролі за чыноўнікамі, які існуе ў нашай паліцэйскай краіне, узяць так, каб ніхто не даведаўся, немагчыма. Таму ім прыходзіцца дзяліцца. З кім — гэта ўжо іншая справа.

А мноства пытанняў, якія апошнім часам з’явіліся ў праваахоўных чыноўнікаў да вертыкальшчыкаў, тлумачыцца палітыкай кіраўніка дзяржавы: абавязкова пакласці нейкага чыноўніка ў якасці ахвяры на алтар. Каб людзі не расслабляліся, заўсёды былі ў напружанні, чакалі, што за імі ў любы момант могуць прыйсці.

АФІЦЫЙНА

Як адзначыў на нядаўняй сустрэчы з журналістамі кіраўнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Аляксандр Ракевіч, апошнім часам адзначаецца рост колькасці карупцыйных злачынстваў у сферы культуры, аховы здароўя і адукацыі.

Паводле слоў дырэктара Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю Валерыя Ярашэўскага, эксперты Еўразійскай групы па супрацьдзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансавання тэрарызму рэкамендуюць Беларусі ўзмацніць кантроль за фінансавымі гісторыямі публічных асоб.

“Але ў нашым заканадаўстве не прапісана норма, што за гэтымі людзьмі павінен ажыццяўляцца больш пільны кантроль, а нам кажуць, што іх нельга выпускаць з поля зроку…”, — гаворыць Валерый Ярашэўскі

Таццяна ГЛАДКЕВІЧ, спецыяльна для

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме