16:17 20.09.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАЛІТЫЧНАЕ МЕНЮ. Папулярныя тэзісы выбарчай праграмы Уладзімера Някляева на 2011-2015 год.

 «Асноўная страва» - палітычная і канстытуцыйная рэформа

Яна стане асновай пераўтварэнняў у грамадстве, галоўным звяном маючай адбыцца мадэрнізацыі.

Яе складнікі: прэзідэнцка-парламенцкая форма кіравання, выбарнасць кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады, выбарнасць суддзяў, адмена прэферэнцый для асобных палітычных партыяў, рэальная свабода СМІ, грамадскі кантроль за дзеяннем сілавых структур. Палітычная і канстытуцыйная рэформа створаць ясныя і легітымныя правілы гульні ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Парламент стане паўнавартасным органам улады. З'явіцца ўрад, адказны перад парламентам, мясцовая ўлада, адказная перад насельніцтвам адпаведных гарадоў і рэгіёнаў, і суды, якія мусяць думаць пра людзей больш, чым пра начальства. Інстытут прэзідэнцтва павінен стаць той «косткай», якая будзе трымаць усю гэту палітычную канструкцыю, - фактычна вышэйшым палітычным арбітрам у краіне, які не камандуе, не рыкае, не пагражае, а сочыць за выкананнем палітычнай волі народа, кантралюючы захаванне інтарэсаў краіны і правоў чалавека.

Праваахоўныя органы і спецслужбы будуць вызваленыя ад ненатуральнай для іх ролі «палітычнага жандараў» і сканцэнтруюцца на сваіх натуральных функцыях.

«Халодная страва» - крызіс

Яго пераадоленне - гэта не толькі вялікая і цяжкая праца, але і шанец на мадэрнізацыю эканомікі.

Галоўны складнік тут - развіццё малога і сярэдняга бізнесу, не толькі вытворчага і сервіснага, але і бізнесу інтэлектуальных паслуг (праграмаванне, нана-, бія-, лазерныя і іншыя тэхналогіі, творчыя і навуковыя працы, вынаходніцтва).

Акрамя гэтага: паэтапная падатковая рэформа, праграма раздзяржаўлення і паэтапнай жа прыватызацыі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі на грунце галоснасці, стабільных правілаў і рэальнай канкурэнцыі, правядзенне (цягам двух гадоў) прыватызацыі прадпрыемстваў сферы гандлю, паслуг і тэлекамунікацый, вытворчых прадпрыемстваў лёгкай, харчовай і лясной прамысловасці, будіндустрыі і агракомплексу, раздзяржаўленне і частковая прыватызацыя ў цяжкай прамысловасці, у тым ліку ў галіне энергетыкі і на транспарце, ажыўленне гандлёва-мытных свабодных эканамічных зон, праграма прыцягнення нацыянальных і замежных інвестыцый з прыярытэтным улікам інтарэсаў нацыянальнага бізнесу, а таксама максімальна магчымага захавання працоўных месцаў і адкрыцця новых.

«Гарачая закуска»

Эканамічную рэформу нельга правесці без вывядзення з ценю асноўных фінансавых патокаў. Ужо сёння вялікая частка інвестыцый - гэта «вернутыя» грошы тых, хто звёў іх з краіны, баючыся рэпрэсій улады. Таму неабходныя:

• Амністыя капіталу
• Падатковая амністыя для грамадзян, чый сукупны даход не перавышае 18.000 долараў ЗША (у эквіваленце) у год
• Рэвізія пазабюджэтных фондаў, у тым ліку сродкаў, назапашаных прадпрыемствамі пры Упраўленні справамі прэзідэнта; вяртанне Упраўлення справамі і прэзідэнцкіх фондаў пад кантроль парламента
• Вяртанне ў бюджэт фінансавых патокаў, накіраваных у абыход яго (у тым ліку, ад продажу зброі)
• Правядзенне адкрытай прыватызацыі на аснове аўкцыёнаў з прыярытэтам (пры іншых роўных умовах) айчыннаму інвестару
• Сістэма падтрымкі сацыяльна адказнага бізнесу

«Сацыяльны пірог» - страва, без якой не абыйсціся

Для таго, каб «сацыяльны пірог» быў дастаткова вялікім, неабходна эфектыўная эканоміка. Тады можна гаварыць пра справядлівае размеркаванне ў выглядзе льгот, выплат і пенсій. Сродкі на сацыяльную палітыку павінны таксама знайсціся за кошт тых даходаў (продаж зброі, рээкспарт нафты і гандаль нафтапрадуктамі), якія сёння праходзяць міма бюджэту.

Асноўныя «інгрэдыенты» «сацыялкі»:

• рэформа аплаты працы, набліжэнне мінімальнай заработнай платы і дапамогі па беспрацоўі да пражытачнага мінімуму; удасканаленне падатковай палітыкі ў інтарэсах сям'і, садзейнічанне ўсім формам прадпрымальніцкай дзейнасці сем'яў;
• зрушэнне акцэнтаў сацыяльнай падтрымкі ў бок сям'і з двума дзецьмі, а не толькі шматдзетных сем'яў; стымуляванне нараджальнасці за кошт выплаты матчынага (сямейнага) капіталу ў выпадку нараджэння другога і наступных дзяцей у сям'і; выплата сем'ям пры нараджэнні другога дзіцяці разавай дапамогі ў эквіваленце 25.000 долараў ЗША
• паэтапная рэформа пенсійнай сістэмы праз пераход да накапляльных пенсійных унёскаў;
• праграма стымулявання стварэння працоўных месцаў у прыватным сектары эканомікі; паэтапная манетарызацыя льгот на аснове адраснай абароны непрацаздольных і малазабяспечаных слаёў насельніцтва; праграма эфектыўнага іпатэчнага крэдытавання.

Страва дня - дактрына адказнага суседства

Адно з найбольш актуальных пытанняў - знешнепалітычнае. Адказнае суседства - гэта стабільнае і паслядоўнае падтрыманне нармальных, раўнапраўных адносін з усімі краінамі рэгіёну, выбудоўванне адносінаў на аснове дамоў, адказнае стаўленне да захавання міждзяржаўных і міжурадавых дамоў.

• На расійскім напрамку - новая стратэгія: перазагрузка адносін. Пераход ад міфічнага «братэрства» да рэальнага партнёрства,
сумесны мадэрнізацыйны скачок дзвюх узаемазвязаных эканомік,
прыцягненне ў беларускую эканоміку расійскага бізнесу другога эшалона,
убудаванне беларускіх гігантаў ў беларуска-расійскія карпаратыўныя ланцужкі.

• На еўрапейскім кірунку - будзем дамагацца адмены санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі, вяртання Беларусі ў абагульненую сістэму прэферэнцый ЕС (GSP),
скрынінга заканадаўчай базы на адпаведнасць з Acquis,
падпісання і ратыфікацыі абноўленага Пагаднення аб супрацоўніцтве і партнёрстве, а таксама Пагаднення аб гандлі,
заключэння Пагаднення аб спрашчэнні атрымання Шэнгенскіх віз, заключэння Пагаднення аб рэадмісіі,
паўнавартаснага ўдзелу ў Еўрапейскай праграме суседства (EПС) і ў праграме Ўсходняга Партнёрства.

«Гарнір»

Кантраляваць уладу можа і павінен народ. У тым ліку - праз сродкі масавай інфармацыі. Адзінай тэмай, закрытай для медыяў, па жаданні грамадзяніна, будзе яго асабістае жыццё. Дзейнасць органаў улады ўсіх узроўняў будзе максімальна адкрытай.

«Хлеб надзённы»

Паколькі для значнай часткі насельніцтва Беларусі сёння крыніцай існавання ў той ці іншай форме з'яўляецца Расія, будуць строга выконвацца ўсе міждзяржаўныя пагадненні з Расіяй, якія забяспечваюць адсутнасць мытных і візавых абмежаванняў паміж краінамі і свабоднае перамяшчэнне грамадзян, тавараў і капіталаў. Ва ўмовах правядзення эканамічных рэформаў у Беларусі беларуская дзяржава таксама павінна ўзяць на сябе абавязацельства перад грамадзянамі па стварэнні міждзяржаўнай заканадаўчай базы па развіцці сістэмы працоўнай міграцыі, узаемавыгаднай як для Беларусі, так і для Расіі.

«Любімая страва» - пытанні нацыянальнай палітыкі і свабоды веравызнання, культуры і адукацыі

Дзяржава будзе падтрымліваць развіццё нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці ўсіх народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, у спалучэнні з прыярытэтнай падтрымкай мовы і культуры тытульнай (беларускай) нацыі як дзяржаўных.

Дзяржава будзе падтрымліваць роўна ўсе рэлігійныя канфесіі, што дзейнічаюць на падставе беларускага заканадаўства, пакідаючы за сабой права ў судовым парадку абараняць інтарэсы грамадзян ад праяў рэлігійнага экстрэмізму.

Сістэма адукацыі ў Беларусі будзе максімальна інтэгравана ў агульнаеўрапейскую адукацыйную сістэму. Мы будзем дамагацца інтэлектуальнага прарыву Беларусі не толькі за кошт эксплуатацыі наяўнага адукацыйнага і навуковага патэнцыялу, але, перш за ўсё, укаранення новых адукацыйных тэхналогій і мэтавай падрыхтоўкі новага пакалення кіраўнікоў-менеджэраў у найлепшых навучальных установах свету.

  20 верасьня 2010

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме