02:45 31.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАЛІТОЛАГІ: УСЯ ПАЛІТЫКА Ў 2010-М БЫЛА ПАДПАРАДКАВАНА ПРЭЗІДЭНЦКІМ ВЫБАРАМ

Еўрарадыё разам з палітолагамі падвяло палітычныя вынікі 2010 года.

Галоўнай і самай важнай палітычнай падзеяй 2010 года палітолагі аднагалосна называюць прэзідэнцкія выбары. Больш за тое, усе дзеянні ўлады цягам года як ў эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы, знешняй і ўнутранай палітыцы былі падпарадкаваныя менавіта выбарам. Нават другая найважнейшая палітычная падзея адыходзячага года – інфармацыйная вайна паміж Беларуссю і Расіяй, кажа палітолаг Святлана Навумава.

Святлана Навумава:“Абвастрэнне ўзаемаадносінаў з Расіяй, тое, чаго мы не чакалі, і інфармацыйная вайна з боку Расіі – гэта, безумоўна, такая падзея, якая паўплывала на расстаноўку сіл. Але самай важнай падзеяй была прэзідэнцкая кампанія, якая сёлета насіла якасна іншы характар. І справа нават не ў тым, што было вылучана вельмі шмат кандыдатаў, а ў тым, што ўсё ж былі магчымасці для правядзення гэтай кампаніі і некаторыя каманды гэтым скарысталіся”.

І нават тое, што цягам усяго года рабіла апазіцыя, было падпарадкавана выбарам, кажа палітолаг Валеры Карбалевіч.

Валеры Карбалевіч:“У апазіцыі ўвесь год праводзіліся спрэчкі пра тое, як праводзіць выбары, спрэчкі пра тое, ці патрэбны адзіны кандыдат. Былі спробы стварэння нейкіх кааліцый. Абмеркаванне: хто пойдзе, хто – не пойдзе, хто моцны, хто – не, хто знойдзе рэсурсы, хто – не знойдзе. Як бы не было, выбары былі галоўным чыннім усіх дзеянняў”.

Безумоўна, кажа Святлана Навумава, нельга не адзначыць пэўны прарыў ва ўзаемаадносінах з Еўропай у 2010 годзе. Мноства візітаў шматлікіх еўрачыноўнікаў рознага ўзроўню ў Беларусь. Але, на яе думку, гэта мноства візітаў перавялі іх у ранг падзей “другога парадку”.

Святлана Навумава:“Абазначыўся новы трэнд, калі падавалася, што Аляксандр Лукашэнка пайшоў на дыялог з Еўропай. У гэты шэраг укладаецца і візіт прэзідэнта Літвы, і візіт міністраў замежных спраў Польшчы і Нямеччыны Сікорскага і Вестэрвеле. Іх аптымістычныя заявы пра тое, што ёсць пэўны прагрэс і гэты прагрэс можа быць канвертаваны ў нейкую рэальную матэрыяльную дапамогу Беларусі. Усе гэтыя падзеі, безумоўна, важныя. Але ўсе гэта падзеі не тое, каб другога парадку – іх было шмат такіх падзей”.

І нават шырока разрэкламаваны візіт кіраўніка Беларусі ў Ватыкан Валерый Карбалевіч не стаў выносіць у шэраг выбітных палітычных падзей мінулага года.

Валеры Карбалевіч:“Гэты візіт не стаў прарыўным у сэнсе нармалізацыі адносін з Еўропай. Ён стаў прарыўным, можа, у беларускай прапагандзе, якая паказала беларускаму грамадству, што ў нас з Еўропай усё добра. А дачыненні з Еўропай развіваліся даволі цяжка. Нягледзячы на асобныя кантакты Лукашэнкі з еўрапейскімі палітыкамі”.

Што ж тычыцца вынікаў такой падпарадкаванасці ўсіх дзеянняў улады цягам года адно прэзідэнцкім выбарам, то, на думку Карбалевіча, гэта дрэнна адбілася на агульнай сітуацыі ў краіне.

Валеры Карбалевіч:“Беларускія ўлады выйшлі з гэтай прэзідэнцкай кампаніі ў даволі цяжкім становішчы. Эканамічнае становішча цяжкае – трэба будзе ў наступным годзе выплачваць тыя заробкі, якія паабяцалі сёлета, а выплачваць няма з чаго. Трэба браць крэдыты, а іх таксама не так ужо лёгка ўзяць. На Захадзе асабліва. Пасля тых брутальных дзеянняў беларускіх уладаў падчас вулічных акцый”.

Палітолагі мяркуюць, што ўзаемаадносіны Беларусі з Еўропай у 2011 годзе вернуцца да “нулявой” адзнакі – з якой пачыналі наладжваць стасункі летась. А вось ва ўзаемаадносінах з Расіяй, кажа Святлана Навумава, нас чакае шмат сюрпрызаў.

Святлана Навумава: “Сыходзячы з таго, як хутка Расія пераарыентавалася ад агрэсіўнага непрымання Лукашэнкі да яго падтрымкі, дастаткова стрыманай праўда, гаворыць за тое, што відаць нешта такое Аляксандр Лукашэнка прадаў Расіі, пра што мы яшчэ не ведаем. І я думаю, што мы яшчэ сутыкнёмся з гэтым у новым годзе. Я думаю, што яму давялося заплаціць вельмі вялікую цану за такі “худы” мір з Расіяй”.

Вось толькі што гэта можа быць, палітолагі меркаваць не сталі.
Зміцер Лукашук  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме