17:15 29.08.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
"ПАДОБНЫХ СКАНДАЛАЎ З УДЗЕЛАМ КРАІН-СУСЕДАК БЕЛАРУСІ БУДЗЕ ЎСЁ БОЛЕЙ"
З гарадзенскага ізалятару вызвалены літоўскі паліцэйскі Лайманас Банкаўскас, якога затрымалі 16 жніўня, абвінаваціўшы ў правозе наркотыкаў. Назіральнікі не выключаюць, што ў гэтай гісторыі ёсьць агульнае зь нядаўнім сэкс-скандалам вакол эстонскага дыплямата.
Паводле літоўскіх мэдыяў са спасылкай на прадстаўніка беларускага КДБ Аляксандра Антановіча, "матэрыялы справы Банкаўскаса перададзеныя Рэспубліканскай пракуратуры Беларусі, якая прыме рашэньне пра далейшы лёс справы".
Дык вёз Лайманас Банкаўскас наркотыкі ці не, ці ёсьць судовая пэрспэктыва ў справы, якая цяпер знаходзіцца ў пракуратуры Беларусі? Аляксандар Антановіч адмовіўся камэнтаваць гэтую тэму для "Свабоды". Маўчаць адносна яе і ў пракуратуры.
Дзе зараз Лайманас Банкаўскас? У консульстве Літвы ў Гародні паведамілі, што віленскі паліцэйскі правёў ноч у будынку консульства і раніцай 26 жніўня сышоў.
"Куды ён пайшоў, мы ня ведаем. Ён вольны чалавек і можа накіроўвацца куды заўгодна", — паведамілі ў консульстве. Пра камэнтары Лайманаса Банкаўскаса адносна таго, што зь ім адбылося за апошнія дні, у консульстве на паведамілі.
Літоўскія мэдыі паведамляюць, што ў Лайманаса Банкаўскаса ў Менску жыве ягоная цешча і сваякі жонкі, аднак больш верагодна, што неўзабаве літоўскі паліцэйскі вернецца ў Літву, калі ён ужо ня там. Зьвязацца са спадаром Банкаўскасам, альбо зь ягонымі беларускімі сваякамі не ўдалося.
Вызваленьне "без усялякіх умоваў" чалавека, якога раней падазравалі ў правозе наркотыкаў, былы супрацоўнік КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка тлумачыць палітычнымі прычынамі.
Пры гэтым Валер Костка мяркуе, што і арышт Банкаўскаса спарадзілі падзеі ў палітыцы. Былы супрацоўнік КДБ зьвязаў гэтую гісторыю зь нядаўнім скандалам вакол эстонскага дыплямата Хары Лахтейна, які мусіў пайсьці ў адстаўку пасьля таго, як нейкая дзяўчына зь Менску абвінаваціла яго ў сэксуальным дамагальніцтве.
Вось якая вэрсія ўзьнікненьня гэтых скандалаў паводле Валера Косткі: "Расейскія спэцслужбы робяць усё магчымае, каб сапсаваць адносіны Беларусі зь іншымі краінамі. З кім у першую чаргу? Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Украіна. Бо Эстонія, Літва, Украіна зараз вэнэсуэльскую нафту ў Беларусь правозяць, а ім трэба заціснуць гэтак, каб тут сядзелі на галодным пайку. Таму, мяркую, усе скандалы вакол дыпляматаў і службоўцаў, асабліва краін Эўразьвязу, якія будуць адбывацца ў зьвязку зь Беларусьсю, будуць насіць палітычны характар. Прыкладам, ну што за праблема, што эстонскі дыплямат сустракаўся зь дзяўчынай? Усе нармальныя мужыкі сустракаюцца зь дзяўчатамі — і нічога. Таму тут яўна палітычны кантэкст".
Паводле другой вэрсіі, якая фігуруе ў інтэрнэце, літоўскага паліцэйскага ў Ашмянах затрымалі карумпаваныя беларускія мытнікі, паколькі ён не "падзяліўся" прыбыткамі ад кантрабанды. Але ўзьнікла неспадзяванка — літовец аказаўся зь "сілавікоў", і справа атрымала агалоску.
Што да агалоскі, літоўскія мэдыі адзначаюць, што ў Беларусі, у тым ліку ў дзяржаўных мэдыях, гэтая гісторыя шырока і апэратыўна асьвятлялася. У тым ліку асьвятляўся і той момант, што ў справу хутка ўмяшаліся на самым версе. "Прэзыдэнт спадзяецца, што беларускае кіраўніцтва, разумеючы сытуацыю, забясьпечыць апэратыўнае і аб'ектыўнае расьсьледаваньне", — заяўляла адразу пасьля арышту Банкаўскаса 19-га жніўня дарадца літоўскага прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце. Меней як праз тыдзень затрыманы літоўскі паліцэйскі выйшаў на волю.
16 жніўня начальнік коннай роты паліцыі Вільні Лайманас Банкаўскас быў затрыманы на Ашмянскім пераходзе беларуска-літоўскай мяжы. У аўтамабілі паліцэйскага беларускія мытнікі знайшлі 45 грамаў сынтэтычнага наркотыка амфэтаміну. Лайманас Банкаўскас прыналежнасьць яму наркотыкаў адмаўляў і казаў, што іх яму падкінулі. Арышт Банкаўскаса працягнулі спачатку на 10 дзён, потым да 2 месяцаў. Утрымлівалі літоўца ў ізалятары ў Горадні, ягонай справай займаўся мясцовы КДБ.
Алег Грузьдзіловіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме