00:16 02.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ПАДАРВАЛА ЗДАРОЎЕ НА ДЗЯРЖСЛУЖБЕ: ВОЛЬГА АБРАМАВА
Іосіф Паўлавіч, калі знойдзеце магчымым, надрукуйце, калі ласка, мой водгук на інтэрв’ю з Вольгай Абрамавай (). Не знаходжу слоў, як гэта ўсё можна назваць!
З павагай П.Садоўскі.
Дыпламаваны марксіст-палітолаг Вольга Абрамава скардзіцца, што значную частку сваёй дэпутацкай пенсіі, якая складае 2 мільёны 358 тысяч рублёў, павінна траціць на папраўку здароўя: “...в первую очередь меня беспокоит мое здоровье, подорванное на госслужбе...”). У другую чаргу былая дэпутатка абяцае стварыць “прафесійна”, “не па-аматарску” грамадскую арганізацыю “з перспектывай перарастання ў сацыяльную партыю”, дзе яна збіраецца бараніць правы гарадскіх грамадзян, у тым ліку і пенсіянераў. Пакуль, праўда, цяжка са сродкамі: “А для того, чтобы делать профессионально, сегодня не самое лучшее время, в стране — кризис...”. Шкада, я думаў, што дажыву да таго дня, калі сп.Вольга абароніць і мяне. Я таксама быў дэпутатам, нават членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета 12-га склікання, старшынёй Камісіі па замежных справах, амбасадарам у ФРГ, кандыдат навук, дацэнт, але вось пенсію атрымліваю амаль у чатыры разы меншую, чым сп. Абрамава, — каля 140 еўра (у эквіваленце). Я ўжо 10 гадоў пенсіянер. Мог бы яшчэ працаваць па спецыяльнасці, здароўе дазваляе. Але ж дзяржава, а дакладней — улада не бярэ на працу: “няправільны” я дэпутат, апазіцыянер, бэнээфавец.
Я не заклікаю сп.Абрамаву адмовіцца ад такой добрай пенсіі: можа, праўда, здароўе падарвала? Толькі адно не разумею: як сп.Абрамава магла быць адначасна і дэпутаткай, і дзяржслужбоўкай? Нас у дэпутаты ў 1990 годзе выбіралі. Дзяржслужбоўцаў жа прызначаюць.
Як быць з гэтай закавыкай? Вы, спадарыня Абрамава, гаворыце: “Граждане со всей страны постоянно и активно обращаются ко мне с просьбой: Ольга Михайловна, засучите рукава и напрягайтесь. Нам уже надоело, что вы ничего не делаете в наших интересах...”
Праўда, Вольга Міхайлаўна, не таміце Вы людзей. Папраўляйце хутчэй здароўе ды вяртайцеся ў шэрагі барацьбітоў. Але скажыце вашым прыхільнікам-выбарцам, каб звярталіся не да Вас, а туды, дзе дэпутатаў прызначаюць...
З экс-дэпутацкім прывітаннем —
Пётр САДОЎСКІ, 1 красавiка 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме