10:16 06.06.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАЧАТАК БЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ (100 гадоў таму)

4. ПАЧАТАК БЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ
1. Тэрмін “беларуская нацыянальная рэвалюцыя”. Ужо было адзначана, што Вялікая рэвалюцыя паклала пачатак паласе нацыянальна-вызвольных рэвалюцый. Сакавік 1917 г. можна лічыць пачаткам беларускай нацыянальнай палітычнай рэвалюцыі.
Тэрмін “беларуская рэвалюцыя” ўпершыню ўведзены Язэпам Лёсікам 21 снежня 1917 г. – пасля разгону бальшавікамі Усебеларускага З’езду. Паняцце “беларуская нацыянальная (народная) рэвалюцыя” мы сустракаем у тэкстах Антона Луцкевіча, Аляксандра Цвікевіча, Макара Косьцевіча (Макара Краўцова) і Тамаша Грыба.
Я. Лёсік, пішучы аб разгоне Усебеларускага З’езду, сцвярджаў, што з гэтае падзеі беларуская рэвалюцыя пачалася. З гэтым тэзісам можна згаджацца і не згаджацца, калі прызнаць, што рацыю меў Мікалай Бухарын, які пісаў, што рэвалюцыі палітычнай папярэднічае рэвалюцыя ідэалагічная.
Карл Маркс пісаў, што тэорыя (ідэя) становіцца матэрыяльнай сілай, як толькі яна авалодвае масамі. Перш чым здзейсніцца палітычная рэвалюцыя, неабходна, каб пераварот адбыўся ў свядомасці як мага большай часткі людзей. І калі ведаць, што ідэал Беларусі як незалежнай дэмакратычнай рэспублікі сфармуляваны ў праграме Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады 1903 г., а пра Беларусь як аўтаномную адзінку ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, напісана ў праграме БСГ 1906 г., дык неабходна прызнаць, што ідэалогія беларускага нацыянальна-вызвольнага руху была распрацавана да 1917 г. Іншая справа, наколькі ідэі аўтаноміі і незалежнасці ахапілі розныя пласты грамадства. І ўсё ж трэба канстатаваць, што ў 1917 г. настаў час рэалізацыі праграмнай мэты БСГ, якая стала мэтай усяго беларускага руху.

2. Беларускі рух адразу пасьля Вялікай рэвалюцыі. Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт. Першая сусветная вайна, адарваўшы ад родных мясцін сотні тысяч нашых суайчыннікаў, нямала зрабіла для таго, каб многія з іх з этнаграфічных беларусаў сталі палітычнымі. Гэтаму спрыяла і рэвалюцыйная атмасфера 1917 г. Таму ў беларускі рух цягам году ўліліся тысячы людзей, якія яшчэ нядаўна думалі пра сябе (у залежнасці ад веравызанння) як пра рускіх ці палякаў.
У нас вельмі скупыя звесткі пра тыя арганізацыйныя формы, якія беларускі рух прыняў на самым пачатку 1917 г.
Можна канстатаваць, што ў Менску і Петраградзе дзейнічалі аддзелы Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якія часта называлі камітэтамі дапамогі ахвярам вайны. Яны былі і дабрачыннымі, і культурніцкімі арганізацыямі.
У Менску ў аддзеле былі занятыя юрыст Павел Аляксюк, ксёндз Аляксандр Астрамовіч, пісьменнік і юрыст Максім Багдановіч, пісьменнік Змітрок Бядуля, архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі, аграном Аркадзь Смоліч, тэатральны дзеяч Усевалад Фальскі, прыватны адвакат Фабіян Шантыр, пісьменнік Ядвігін Ш. ды іншыя. Са студзеня 1917 г. аддзел узначаліў былы дэпутат Дзяржаўнай Думы і член Дзяржаўнага Савета Расіі, абшарнік з Піншчыны Раман Скірмунт. Яго намеснікам стаў “беспартыйны марксіст” Усевалад Фальскі.
Рэвалюцыйныя падзеі разгортваліся імкліва. Адно за адным паўставалі прадстаўніцтвы прыгнечаных Расіяй народаў: латышоў, літоўцаў, палякаў, украінцаў ды інш. Прадстаўніцтвы суседніх народаў заяўлялі аб жаданні бачыць свае краіны або аўтаномнымі адзінкамі Расіі, або незалежнымі дзяржавамі і выстаўлялі прэтэнзіі на пэўныя часткі беларускай этнічнай тэрыторыі. Для рэпрэзэнтацыі беларускіх інтарэсаў неабходнай было мець свой прадстаўнічы орган. Таму на аснове Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў першыя дні пасля Вялікай рэвалюцыі быў створаны Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт на чале з Р. Скірмунтам.

3. Грамадзянская актыўнасць і публічныя акцыі ў Менску. З далейшага мы ўбачым, што ў 1917 г. у галоўны цэнтр беларускага руху стаў ператварацца Менск. Пры гэтым трэба ўлічыць, што ў Менску беларусы былі этнічнай меншасцю. І вельмі важна было засведчыць перад габрэйскай (шмат у чым зрусіфікаванай), расійскай і польскай большасцю менавіта беларускую прысутнасць у рэвалюцыйным руху і грамадскім жыцці, давесці да гэтай большасці беларускія пастулаты.
Адразу пасля перамогі Вялікай рэвалюцыі (3 сакавіка) быў створаны Менскі камітэт грамадскай бяспекі (інакш яго называлі Камітэтам грамадскага парадку і бяспекі). 7 сакавіка ў прэзідыум гэтай інстытуцыі абралі сябра БСГ і Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэта Паўла Алексюка.
Бальшавіцкі дзеяч Вільгельм Кнорын сцвярджаў, што менская грамадаўцы не мелі ў сваіх шэрагах 100 сябраў і таму не былі прадстаўлены Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Аднак гісторык Пётр Башко канстатаваў, што прадстаўнікі Грамады засядалі як у Менскім, так і ў Петраградскім, і ў Гомельскім Саветах. На жаль, мы не ведаем прозвішча дэпутата ад БСГ у Гомелі, а ў Менскім Савеце засядаў Іван Кузьміцкі, у Петраградскім – Палута Бадунова і Зміцер Жылуновіч, які на пачатку 1917 г. з РСДРП перайшоў у БСГ. Ветэран Грамады Мікола Шыла быў сябрам выканкама Барысаўскага павятовага Савета. Яго подпіс стаіць пад пастановай аб увядзенні на прадпрыемствах 8-гадзіннага рабочага дня.
6 сакавіка ў Менску адбылася агульнагарадская маніфестацыя ў гонар перамогі рэвалюцыі. Беларусы, аб’яднаныя вакол Часовага Нацыянальнага Камітэту, выйшлі на гэтую акцыю пад сваімі лозунгамі “Вітайма Волю народу!” і “Жыве Беларусь!”.
10 сакавіка Часовы Нацыянальны Камітэт правёў на Залатой Горцы асобны мітынг, на якім з прамовамі па-беларуску выступілі Павел Аляксюк, Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр.
12 сакавіка у Менску прайшоў Дзень беларускага значка. Гэта была акцыя дзеля папулярызацыі нацыянальнай сімволікі. Паўсюль у Менску прадавалі бел-чырвона-белыя сцяжкі, значкі і кукарды. У рамках Дня ў кінатэатры “Гігант” прайшоў яшчэ адзін беларускі мітынг. Акрамя П. Алексюка, А. Смоліча і Ф. Шантыра, на ім выступілі Раман Скірмунт, доктар філасофіі Пётр Масоніус і Леанард Заяц.
Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем краёвай аўтаноміі для Беларусі.
Не без уплыву Часовага Нацыянальнага Камітэту ўзнік гурток магілёўскіх беларусаў і педагогаў. Беларускі гурток арганізаваўся ў Бабруйску. Гурток настаўнікаў “Вольная Беларусь” аформіўся пры Менскім настаўніцкім інстытуце, які быў эвакуяваны ў Яраслаўль.

4. Актывізацыя беларускага руху Петраградзе ды іншых цэнтрах. Для разумення сітуацыі, трэба памятаць, што падчас сусветнай вайны ў расійскіх, а таксама ва ўкраінскіх гарадах апынуліся сотні тысяч уцекачоў і выгнанцаў з Горадзенскай і частак Віленскай ды Менскай губерняў. Такімі цэнтрамі сталі ў прыватнасці Петраград, Масква, Кіеў, Адэса.
У першыя дні пасля Вялікай рэвалюцыі ў Петраградскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны адбылася нарада беларускіх дзеячаў, у якой узялі ўдзел каля 30 чалавек, у іх ліку Эдвард Будзька, Клаўдзій Дуж-Душэўскі і Браніслаў Тарашкевіч. Як сведчыў удзельнік тых падзей Зміцер Жылуновіч, большасць клікала піцерскіх беларусаў яднацца вакол Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Праўда, у Петраградзе праграма БСГ успрымалася асобнымі беларускімі дзеячамі негатыўна. Адны (эсэраўскі кірунак) заклікалі захоўваць адзінства Расіі ў імя рэвалюцыі, іншыя стаялі на абласніцкіх пазіцыях, г. зн. бачылі Беларусь як асобную вобласць Расіі, і не больш. Аднак большасьць удзельнікаў нарады падтрымалі праграму БСГ. Было пацверджана таксама, што барацьбу на нацыянальнае самавызначэнне нельга весці ў адрыве ад барацьбы за сацыяльнае вызваленне.
Пасля нарады петраградскія сябры БСГ правялібеларускі мітынг у цырку «Мадэрн» на Каменнавостраўскім праспекце. Сабралася, як сведчыў Зм. Жылуновіч, да дзвюх тысяч чалавек, галоўным чынам рабочых і салдат. Пасля мітынгу, пісаў ён, у Грамаду запісаліся каля 50 чалавек, выключна рабочых з Выбаргскае стараны.
Як і да вайны, у Петраградзе пачалі яднацца студэнты-беларусы. З’явіўся ў горадзе і жаночы гурток “Пралеска”. Арганізоўваліся маскоўскія і кіеўскія беларусы.
Пасля Вялікай рэвалюцыі пачала набываць пэўныя формы беларуская хрысціянская дэмакратыя. У сакавіку ўжо мелася Каталіцкая дэмакратычная партыя. Было абвешчана аб стварэнні Народна-дэмакратычнай партыі. У Петраградзе заявілі пра сябе беларусы-народнікі.

***

Ажыўленне партыйнага жыцця самой БСГ, з’яўленне новых палітычных, грамадскіх і культурніцкіх структураў, а таксама выклікі беларускаму руху з боку расійскіх вялікадзяржаўнікаў, польскага, латвійскага, літоўскага і ўкраінскага нацыянальных прадстаўніцтваў спарадзілі патрэбу ў тым, каб Сацыялістычная Грамада вызначыла свае прыярытэты і каб была выпрацавана праграма беларускага руху ў цэлым. Адказ на многія пытанні меліся даць канферэнцыя партыйных арганізацый Грамады і З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, скліканыя пад канец сакавіка 1917 г.

Гл.: Бухарин Н. И. Проблемы теории и практики социализма. – М., 1989. С. 103. Гл.: Башко П. К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии (март – октябрь 1917 г. – Мн., 1987. С. 53. Гл.: Великая Октябрьская социалистическая революция. Документы и материалы. В 2 т. Т. 1. Белоруссия в период подготовки социалистической революции (февраль – октябрь 1917 г.). Мн., 1957. С. 256.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме