15:22 19.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАЧАЛА АЖЫВАЦЬ "РАССТРАЛЯНАЯ ЛІТАРАТУРА"

Прэзентацыя кнігі пад такой назвай адбылася ў Гародні. Па сутнасці, анталогіі знішчэння беларускай літаратуры на 696 старонках. Унікальная з’ява.

Унікальная таму, што ў кнізе сабраны творы 66 беларускіх літаратараў, знішчаных сталінскім рэжымам у 1920-50-я гады мінулага стагоддзя. Літаратараў, якіх мы практычна не ведалі і не ведаем да сённяшняга часу. За выключэннем, безумоўна, некалькіх прозвішчаў, якія часцей за іншых усплывалі ў матэрыялах даследчыкаў і даходзілі да нашага ўсведамлення. Напрыклад, Гартнага, Гарэцкага, Зарэцкага, Галавача…

Астатнія прадстаўнікі тагачаснай беларускай літаратуры заставаліся невядомымі, быццам сапраўды іх творы былі расстраляны. Аднак аўтары кнігі сццвярджаюць, што назва кнігі ўмоўная, хутчэй метафарычная, бо літаратуру расстраляць нельга.

Што, дарэчы, яны і даказалі. Яны – гэта ўкладальнік кнігі Міхась Скобла, аўтар прадмовы Анатоль Сідарэвіч, а таксама Лідзія  Савік і Кастусь Цвірка.

– Большасць расстраляных творцаў – людзі 30-40 гадоў – самага росквіту кожнага чалавека. Я не магу сказаць, якімі былі б мы сёння і якой была б наша літаратура і культура, каб жылі гэтыя людзі, – зазначыў паэт Міхась Скобла. – Але што іншымі – безумоўна.

Аўтары анталогіі расстралянай літаратуры паведамілі, што ў зборы не поўны пералік знішчаных паэтаў і празаікаў. Іх больш 100, яшчэ два дзесяткі  лёсаў творцаў амаль невядомыя. Акрамя таго, што яны былі закатаваны, расстраляны, памерлі ў турмах і лагерах.Увогуле з 200 літаратараў перад вайной засталося каля 40 чалавек.

Анатоль Сідарэвіч удакладніў: у кнізе чытач знойдзе пытальнікі, таму што былі праблемы з датоўкай смерці людзей. І 40-50-я гады у беларускай культуры – гэта гады мертвага творчага сезону. Спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб вырасла новае пакаленне беларускіх літаратараў. Аднак нельга адмаўляць і тое, што ў апошнія за гэтым перыядам гады літаратура так і не паднялася ва ўвесь рост і патэнцыял.

Гэтыя людзі, – дадаў Міхась Скобла, – не займаліся тэрорам, не ваявалі супраць улады, а многія змагаліся ў радах Чырвонай Арміі. Але былі знішчаны за тое, што былі беларусамі і любілі сваю Бацькаўшчыну. З-за гэтай любові яны і загінулі. Мы вярнулі беларусам спадчыну праз боль і страты…

Гэтая кніга павінна была выйсці да чытача і яна выйшла. І адначасова сама задала пытанне, звернутае ў нашу рэчаіснасць: у сённяшніх літаратараў лёс іншы. Але ці не расстрэл гэта духоўны, калі іх творы нідзе не друкуюцца ў айчынных дзяржаўных выдавецтвах?  

Алесь Васількоў   19.02.2008

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме