10:15 01.02.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ну што, Аляксандар Рыгоравіч, дапамаглі вам вашыя эўразійцы?
Забаўна, што рэжым А. Лукашэнкі ў цяперашні час можа з большай пэўнасьцю давяраць нацыянальна-дэмакратычнай проэўрапейскай апазыцыі, чым сваім традыцыйным ідэалягічным камісарам.
На працягу ўсёй найноўшай гісторыі «заходнерусы» былі ідэйным апірышчам дзейнай улады. Людзі з адкрыта фашыстоўска-чарнасоценнымі поглядамі займалі і займаюць шэраг ключавых пасадаў у дзяржаўнай ідэалёгіі і прапагандзе Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым, вядома, афіцыйная ідэалёгія беларускай дзяржавы часоў А. Лукашэнкі пазьбегла канчатковага скатваньня ў «заходнерусізм» і беларусафобію, і міжволі была вымушаная грунтавацца на своеасаблівым і эклектычным, але ўсё ж усьведамленьні каштоўнасьці факту дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі як такой.
У выніку гэтага мяжа паміж рэжымным ідэолягам і агентам расейскага ўплыву заўжды была досыць цьмянай. Як, уласна, і сама натура рэжыму, які ўсталяваў А. Лукашэнка: ці то закамуфліяваная замежная акупацыя з замежнымі вайсковымі базамі і рэпрэсіямі супраць нацыянальнай мовы і культуры, ці то ўсё ж самастойны рэжым неабмежаванай асабістай улады.
Але цяпер гэтая маральная мяжа паміж менскацэнтрычнымі і масквацэнтрычнымі настроямі ўнутры ідэалягічнай вэртыкалі, дзяржаўных органаў і перадусім сілавых структур (а такая мяжа, бясспрэчна, існуе, і нават часам можа ісьці ўнутры адной галавы) для Лукашэнкі пачынае граць фатальную ролю.
Бо галоўная пагроза для цяперашняе ўлады прыйшла адтуль, адкуль яе не чакалі: цяпер гэта не разгромленая і зьнішчаная прозаходняя апазыцыя, а прыгрэтая на ўласнай грудзі эўразійская «зьмяя».
Нэасавецкая імпэрская эўразійская ідэалёгія цяпер зрабілася ня толькі пагрозай для беларускай дзяржаўнасьці, якой яна была ад самога пачатку, але і для рэжыму А. Лукашэнкі.
Пралукашэнкаўскія ідэолягі і прапагандысты доўгія гады з вучоным відам абмяркоўвалі перавагі ўдзелу Беларусі ў якім-небудзь чарговым аб’яднаньні з Таджыкістанам і Ўзбэкістанам, а не ў Эўрапейскім Зьвязе. Але хто цяпер скажа дакладна, ці рабілі яны гэта дзеля інтарэсаў афіцыйнага Менску або дзеля інтарэсаў Крамля?
Бо сёньня нехта зь іх, вядома, апраўдаць цяперашнюю маленькую афіцыйную «адлігу» ў дачыненьні да беларушчыны перад прыхільнікамі «расейскага сьвету», на зразумелай ім мове. Але нехта, наадварот, даўно пачаў у расейскіх СМІ пагрозы, што ўлады «Белоруссии» робяць памылкі, якія могуць прывесьці да «Майдану».
А вось з прозаходнім апазыцыйным рухам у дадзеным выпадку ўсё больш адназначна і зразумела. «Незалежніцтва» і рух у Эўропу — гэта ня толькі тое, што нашмат больш адпавядае беларускім нацыянальным і дзяржаўным інтарэсам, чым эўразійства.
Стаўка на нармалізацыю стасункаў з Захадам і дэмакратычнае разьвіцьцё — гэта, як цяпер апынулася, адзінае, што магло б выратаваць цяперашнюю ўладу ад ператварэньня ў адміністрацыю губэрнатара пэрыфэрыйнага суб’екту РФ.
Хаця, па вялікім рахунку, для гэтага прагматычнае доўгатэрміновае плянаваньне мусіла б быць складнікам працы беларускай дзяржавы яшчэ гадоў дваццаць таму. І ў адпаведнасьці з гэтым Беларусь тады мусіла ўзяць курс на інтэграцыю ў НАТО і Эўрапейскі Зьвяз, як гэта было зроблена амаль ва ўсіх краінах нашага рэгіёну. Цяпер, у адной клетцы з драпежнікам, часу для рэфлексіі ў беларускага рэжыму ўжо не засталося. Сапраўдная схопка, цалкам магчыма, пачнецца ўжо хутка, будзе гарачай, кароткай, і скончыцца не на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.
Так што мы ў прынцыпе можам пачынаць думаць пра тое, што рабіць у тым выпадку, калі ў лістападзе на тэрыторыі Беларусі раптам зьявяцца атрады ня вельмі ветлівых людзей без апазнавальных знакаў, але з характэрным піцерскім ці краснадарскім пранонсам.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме