08:32 03.06.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Няма каму
Пра такія сустрэчы высокіх чыноўнікаў з людзьмі даўно не паведамлялася. Магчыма, ніколі.
Звычайна вынікала, што, пагаварыўшы з чалавекам 2-3 хвіліны, мінскі начальнік здымае ўсе пытанні, ладзіць разнос мясцовым "бугаркам", запэўнівае ў тым, што "дзяржава цвёрдаю рукою..." І, нібыта, ўсе задаволеныя. Але вось іншы прыклад.
Людзі на прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў, былога кіраўнік Віцебшчыны Уладзіміра Андрэйчанкі ішлі цэлымі дэлегацыямі, кабінет нават аказаўся непадрыхтаваным да такога наплыву наведнікаў. Але вопытны Андрэйчанка хуценька з усімі праблемамі "разабраўся".
... У XXI стагоддзі людзі не могуць зразумець, чаму, жывучы ў райцэнтры, у цэнтры Еўропы, яны ў дождж і непагадзь, месяць нагамі балота. Пры гэтым цэнтр горада -- што лялька, на цэнтр не шкадуюць ні асфальту, ні грошай на добраўпарадкаванне. Толькі там і рамантуюць.
"Так і будзе. Сёлета толькі на цэнтр грошай і хопіць. І ўвогуле ў дзяржавы цяпер іншыя прыярытэты -- будаваць новыя мікрараёны пад арэндныя дамы, там таксама дарогі патрэбныя. А вы чакайце. Некалі ўсё зробіцца ... Пры наяўнасці сродкаў".
Не большага дабілася і жыхарка вёскі, якая прасіла, каб ачысцілі меліярацыйны канал у межах вёскі, які загрувашчаны старымі дрэвамі і ператвораны ў сметнік, каб пачысцілі агульны калодзеж... Але дарэмна цётка ехала да мінскага госця са сваім расповедам пра безгаспадарчасць мясцовых уладаў.
"Ну дык самі і пачысціце і той канал, і той калодзеж. Збярыцеся, вазьміце дзяцей -- і працуйце..."
Гэта ўжо нейкі новы этап у адносінах слуг народа да народа. Яны ўжо могуць паўтара года не плаціць заробкі (як у Коханаве), прымушаць да бясплатнай і бруднай працы (як ва Ушачах з разнарадкай па пастаўцы рабсілы на фермы), проста адфутбольваць тых, хто яшчэ ходзіць па кабінетах са сваімі праблемамі і спрабуе нечага дабіцца -- каб не хадзілі, не зудзелі, на надакучвалі (як Андрэйчанка). І няма каму скардзіцца.
У савецкія часы людзі, не дабіўшыся праўды на месцы, ехалі ў Маскву, і сітуацыя зрушвалася. А цяпер куды і да каго ехаць, ляцець, бегчы?
Да дэпутата? Ну, вось Андрэйчанка, так бы мовіць, дэпутат. Але такі, што і не хавае: не тлуміце галаву, выбрашчыкі.
Да Лукашэнкі? Ён можа адказаць на ліст нейкай пенсіянеркі з Расіі і нават матацыкл ёй падарыць, а вось пісьмы беларускіх пенсіянераў яму не цікавыя. Ён іх і не чытае, і не адказвае. І нават службы не мае, якая б разбіралася са скаргамі. Прыёмная Адміністрацыі прэзідэнта -- гэта пошта з высокааплочваемымі паштальёнамі: атрымалі ліст -- перанакіравалі яго таму, на каго скардзяцца. І ніякай справы няма гэтаму паштальёну да людской бяды.
Адным словам, цікавы этап мы перажываем: ёсць што сказаць ды няма каму.
Святлана КАЛІНКІНА Народная Воля
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме