16:46 18.12.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Някляеў, Статкевіч і Шушкевіч ствараюць аргкамітэт кангрэсу дэмсіл (дап)
Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Станіслаў Шушкевіч аб'явілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэсу дэмакратычных сіл Беларусі.
У сумеснай заяве тры палітыкі падтрымалі апублікаваны 17 снежня зварот вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў да лідараў і актывістаў беларускай апазіцыі з заклікам кансалідавацца і правесці кангрэс дэмакратычных сіл для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў.
Някляеў, Статкевіч і Шушкевіч лічаць сімвалічным, што такі зварот з'явіўся напярэдадні 5-й гадавіны брутальных падзей 19 снежня 2010 года. Іх можна было б пазбегнуць, калі б апазіцыя была кансалідаваная, правяла кангрэс, прыняла адзіную праграму і вылучыла адзінага кандыдата ў прэзідэнты, перакананыя аўтары заявы.
«Выбары 2015 года таксама маглі б быць іншымі, калі б апазіцыя дамовілася аб адзіным кандыдаце, выпрацавала сумесны план дзеянняў. Менавіта адсутнасць адзінства прывяла да трагедыі на «выбарах» 2010 года і да фарсу ў палітычнай кампаніі пад назвай «выбары» ў 2015-м», — гаворыцца ў заяве.
На думку Някляева, Статкевіча і Шушкевіча, «далей у гэты бок ісці няма куды — хіба толькі на адкрытую службу рэжыму», да чаго асобныя апазіцыйныя структуры, лічаць палітыкі, «ужо нібыта гатовыя — адразу пасля прэзідэнцкіх «выбараў» яны заявілі пра ўдзел у «выбарах» парламенцкіх».
І гэта пры тым, што пры дзейным выбарчым заканадаўстве правядзенне свабодных дэмакратычных выбараў немагчымае, падкрэсліваецца ў заяве. «Значыць, апазіцыя згодная не на выбары, а на прызначэнне ў палатку. І ўнутры апазіцыі ўжо пачалася за гэта барацьба», — лічаць тры палітыкі.
Някляеў, Статкевіч і Шушкевіч засцерагаюць дэмсілы ад гэтага шляху. «Шлях да дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі — гэта шлях праз свабодныя выбары, якіх неабходна дабіцца аб'яднаўшыся. Мы цалкам раздзяляем гэтую пазіцыю і пачынаем перамовы з кіраўнікамі апазіцыйных структур, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці па стварэнні аргкамітэта кангрэсу», — гаворыцца ў заяве.
У каментарыі БелаПАН Мікалай Статкевіч выказаў меркаванне, што кангрэс неабходна праводзіць ужо ў лютым-сакавіку. Паводле яго слоў, «ідэя правядзення кангрэсу ўжо нават пераспела». «Таму я пачаў выконваць тэхнічныя функцыі і тэлефаную ўсім лідарам апазіцыі. Я гатовы прыкласці намаганні, каб паскорыць рэакцыю лідараў апазіцыі, да якіх быў адрасаваны ўчарашні зварот», — заявіў Статкевіч.
Ён лічыць пакуль «не зусім карэктным» называць лідараў арганізацый, якія падтрымліваюць правядзенне кангрэсу. «Пакуль ніхто не адмовіўся. З трынаццаці чалавек палова падтрымала, чацвёра пакуль думаюць, да двух яшчэ не датэлефанаваўся», — паведаміў Статкевіч.
Сярод тых, хто падтрымаў ідэю правядзення кангрэсу, Статкевіч змог назваць толькі Рух салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, бо 17 снежня ён прысутнічаў на пасяджэнні аргкамітэта гэтай арганізацыі і там было заяўлена аб падтрымцы кангрэсу.
* * *
Рэакцыя на прапанову правесьці Кангрэс дэмсілаў: Статкевіч «за», Дзьмітрыеў «супраць», Янукевіч ня вызначыўся
Апазыцыйныя палітыкі збольшага станоўча ставяцца да прапановы правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў дзеля аб’яднаньня. Але ёсьць і тыя, хто ставяцца да гэтай ініцыятывы скептычна.
Учора прадстаўнікі беларускай культуры і грамадзкія дзеячы апублікавалі зварот да беларускай апазыцыі з заклікам правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў «дзеля нацыянальнай згоды». Зварот падпісалі Ўладзімер Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.
Аб падтрымцы прапановы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі адразу абвесьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікалай Статкевіч:
Мікалай Статкевіч«Лічу, што кіраўнікі дэмакратычных арганізацый абавязаныя скарыстацца гэтай „падачай“ дзеля аб’яднаньня. Часу на рэалізацыю ініцыятывы засталося мала. Таму неадкладна пачаў кансультацыі з дэмакратычнымі лідэрамі аб яе рэалізацыі. Большасьць з тых, да каго пасьпеў зьвярнуцца, адразу падтрымалі ідэю кангрэсу і заявілі аб сваёй гатоўнасьці ўвайсьці ў склад яго аргкамітэту. Некаторыя папрасілі час, каб параіцца са сваімі калегамі. Думаю, што вечарам 18 сьнежня можна будзе даведацца пра папярэдні склад аргкамітэту. А таксама пра прычыны, па якім кіраўнікі некаторых арганізацый адмовіліся падтрымаць аб’яднальны кангрэс. Калі такія знойдуцца».
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заявіў Свабодзе, што да прапановы аб’яднацца на Кангрэсе дэмакратычных сілаў ён ставіцца абсалютна станоўча.
Віталь Рымашэўскі«Я скажу больш, мы працуем сёньня над аб’яднаньнем дэмакратычных сілаў. Створана сёньня пляцоўка для супрацы правацэнтрысцкіх сілаў Беларусі. Пры гэтым я хачу зазначыць, што эфэктыўнае яднаньне дэмакратычных сілаў магчыма сёньня толькі на двух падмурках: супольных каштоўнасьцях і супольных дзеяньнях. Дык вось, усе прапановы аб’яднаньня, у тым ліку правядзеньня кангрэсу, яны абавязкова мусяць уключаць у сябе гэтыя два элемэнты: супольныя каштоўнасьці і супольны плян дзеяньняў. А тое сёньня за апазыцыянэраў выдаюць і Гайдукевіча, і Ўлаховіча... Калі тут ня вызначыцца, то ідэя аб’яднаньня будуць дэвальваваны — і так сёньня многія скептычна ставяцца да гэтых спроб і ініцыятыў», — кажа ён.
Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў мае сэнс:
Юрась Губарэвіч«Мы лічым, што насамрэч існуе пэўная раздробленасьць сярод розных структур апазыцыі, асабліва на левым флянгу. Калі браць правацэнтрысцкія структуры, то вы цудоўна ведаеце, што ня так даўно яны падпісалі супольнае пагадненьне. Хацелася, каб падобныя працэсы адбываліся і сярод левацэнтрысцкіх структураў. Магчыма, такі кангрэс паспрыяе іх аб’яднаньню і паўстане таксама левацэнтрысцкі блёк. А далей ужо можна будзе казаць пра пэўную супрацу паміж гэтымі дзьвюма плынямі беларускай апазыцыі».
Старшыня рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ня лічыць мэтазгодным праводзіць такі кангрэс:
Андрэй Дзьмітрыеў«Пакуль што ў гісторыі беларускай апазыцыі такія кангрэсы прыводзілі ў выніку да яшчэ большага раз’яднаньня, да таго, што навешваліся новыя цэтлікі і барацьба ў выніку была не за галасы людзей, не за іх падтрымку, а ўнутры, за тое, хто ўзначаліць такі кангрэс, хто стане кіраўніком, хто будзе казаць ад імя ўсіх», — кажа ён.
Дзьмітрыеў прывёў у прыклад кангрэс 2007 году, дзе апазыцыя выступіла супраць Аляксандра Мілінкевіча, але аб’яднацца так і не змагла: адзінага кандыдата на выбарах 2010 году не было.
Таму палітык замест правядзеньня кангрэсу прапаноўвае сканцэнтравацца на працы зь людзьмі:
«У нас пяць гадоў да наступных прэзыдэнцкіх выбараў, гэта вельмі мала. „Гавары праўду“ сваю перадвыбарчую кампанію пачала ўжо цяпер. Мы разумеем, што пакуль што шмат людзей яшчэ галасуюць за Лукашэнку. І нам вельмі важна данесьці да іх, што ёсьць альтэрнатыва, якую варта падтрымліваць. Таму давайце мы сёньня сканцэнтруемся на працы зь людзьмі: хто як гэта бачыць, хто як гэта можа зрабіць. Але менавіта зь людзьмі, а не на ўнутраных гэтых схемах, якія не спрацоўваць. Якія прыгожа выглядаць на паперы, але ў выніку яны прыводзяць толькі да аднаго: мы страцім час і рэсурсы на ўнутраную барацьбу замест барацьбы за галасы людзей. Таму адзінства ў дзеяньні было б значна лепш, чым фармальнае адзінства ў нейкай структуры».
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што да падпісантаў гэтага звароту ён ставіцца з глыбокай павагай і лічыць ідэю аб’яднаньня апазыцыі вельмі важнай. Аднак гэтая прапанова яшчэ будзе абмяркоўвацца, кажа ён:
Аляксей Янукевіч«Гэтае пытаньне даўно стаіць у парадку дня. Што тычыцца нейкіх канкрэтных арганізацыйных момантаў, то, як заўсёды, вельмі часта ў іх хаваецца д’ябал. Мы бачым, што ўсе спробы апазыцыі аб’яднацца пасьля 2006 году (можна сумнявацца наколькі яны былі шчырымі, але яны былі) як раз разьбіваліся аб вось гэтыя дэталі і нейкія тэхнічныя акалічнасьці. Аднак я думаю, што мы гэтую прапанову абавязкова неўзабаве абмяркуем у Партыі БНФ і прымем свае рашэньне. Патэнцыйна гэта магло быць нам цікава».
* * *
17 снежня прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі са зваротам да лідэраў і актывістаў апазіцыі, у якім заклікалі правесці Кангрэс дэмакратычных сіл.
“Сёлетняя палітычная кампанія па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у чарговы раз засведчыла даўнюю хібу беларускай дэмакратычнай апазіцыі: няздольнасць аб’ядноўвацца, дамаўляцца аб супольных дзеяннях, выступаць адзінай сілай, — гаворыцца ў звароце. — Апазіцыя не змагла выпрацаваць і прыняць сумесную праграму, вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты. У выніку выбары прайшлі па сцэнары ўлады і прывялі апазіцыю да крызіснага стану. Чым займаецца ў такім стане апазіцыя? Аналізуе памылкі? Робіць з іх высновы? Шукае выйсце з крызісу? Не. І тыя, хто ўдзельнічаў у выбарах, і тыя, хто іх байкатаваў, даводзяць сваю правату, паглыбляюць раскол. Частка апазіцыі ўжо заяўляе пра гатоўнасць удзельнічаць у наступнай палітычнай кампаніі: парламенцкіх выбарах. Прычым, заяўляе гэта пры выбарчым законе, які дэмакратычных, свабодных выбараў не прадугледжвае”.
“Мы не заклікаем ні да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, ні да няўдзелу, — падкрэсліваюць аўтары звароту. — Мы заклікаем да кансалідацыі, да супольнай пазіцыі як у адносінах да выбараў, гэтак і ў адносінах да тых палітычных працэсаў, якія акрэсліліся апошнім часам у стасунках паміж Беларуссю і Еўразвязам, дэмакратычным Захадам. Працэсы гэтыя выключна важныя, яны наўпрост уплываюць на будучыню краіны — і падыходы да іх мусяць быць дакладна вызначанымі, цалкам зразумелымі нашаму грамадству. Пляцоўкай для выпрацоўкі супольнай пазіцыі, трыбунай для заявы пра яе можа стаць Кангрэс дэмакратычных сіл, магчымасці якога не былі скарыстаныя перад прэзідэнцкімі выбарамі, і мы заклікаем скарыстаць іх перад выбарамі парламенцкімі. Толькі сумесны план дзеянняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх рашэннямі кангрэсу, можа выправіць сітуацыю: вывесці апазіцыю з крызісу, вярнуць ёй палітычную вагу, давер унутры краіны і за яе межамі. Гэта цяжка, але яшчэ можна зрабіць, калі паставіць інтарэсы Беларусі вышэй за інтарэсы партый, рухаў, за асабістыя інтарэсы”.
У звароце ўтрымліваецца заклік да “усіх лідараў і актывістаў беларускай дэмакратычнай апазіцыі выявіць палітычную адказнаць, склікаць Кангрэс з шырокім удзелам грамадзянскай супольнасці і прыняць рашэнні, скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы”.
“Гэта трэба зрабіць не толькі дзеля кансалідацыі апазіцыі — дзеля нацыянальнай згоды. Бо пры той нязгодзе, якая ёсць сёння ў нашым беларускім доме, мы не толькі не дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, якую маем”, — адзначаюць прадстаўнікі інтэлігенцыі.
Зварот падпісалі народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Ніл Гілевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Віктар Казько, акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Аляксей Марачкін, старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме