19:00 06.02.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Неўміручы ўзор “круглага стала”
6 лютага – важная дата ў найноўшай гісторыі Польшчы. Чвэрць стагоддзя таму распачаліся перамовы за круглым сталом паміж прадстаўнікамі камуністычнай улады і апазіцыі пры ўдзеле Касцёла ў якасці назіральніка. З гэтага дня пачаўся працэс мірнага пераходу ад таталітарызму да дэмакратыі.
Паняцце “круглага стала” запазычанае з ангельскай гісторыі. Такі стол быў ахвяраваны каралю Артуру яго жонкай, альбо, паводле іншага пераказу, Мэрлінам для дэбатаў паміж уладаром і рыцарамі. Кожны з удзельнікаў перамоваў за круглым сталом лічыўся раўнапраўным. Што тычыцца польскага “круглага стала”, дык улады пайшлі на такія перамовы з апазіцыяй у выніку страйкаў 88-га года і затым дамовы паміж партыйнай вярхушкай і лідарамі апазіцыі. Насупраць сябе, насцярожана і поўныя ўзаемнага недаверу, з урадавага боку селі такія людзі, як сябры ЦК кампартыі генерал Чэслаў Кішчак і Аляксандар Квасьнеўскі, а з апазіцыйнага лагеру – лідар “Салідарнасці” Лех Валэнса са сваімі дараднікамі і Уладыслаў Фрасынюк, які адсядзеў за сваю падпольную дзейнасць і меў статус небяспечнага экстрэміста. Перамовы ў пары месцах, у прыватнасці ў цяперашнім прэзідэнцкім палацы, працягваліся два месяцы, да 5 красавіка. Яны адбываліся ў трох асноўных групах: у справах гаспадаркі і сацыяльнай палітыкі, палітычных рэформаў і прафсаюзнага плюралізму. Агулам у групах і падгрупах прынялі ўдзел 452 асобы. Плёнам “круглага стала” стала шэраг важных пастановаў. Было вырашана стварыць вышэйшую палату Сойму ў складзе 100 дэпутатаў. На наступных парламенцкіх выбарах 65% месцаў былі адведзеныя для кіруючай пракамуністычнай кааліцыі, а астатнія 35% - для апазіцыі. Сенат меў быць сфармаваны на свабоднай аснове. Паўторна ўводзіўся інстытут Прэзідэнта. Прынята рашэнне пра асацыяцыі, што дазволіла легалізаваць прафсаюз “Салідарнасць”. Апазіцыя атрымала доступ да медыя. Чатыры месяцы пазней адбыліся паўсвабодныя парламенцкія выбары, якія прынеслі дэмакратычнай апазіцыі ашаламляльную перамогу, а 4 чэрвеня лічыцца датай канца камуністычнага кіравання ў Польшчы.
Узгадваючы той “круглы стол”, яго ўдзельнік і першы некамуністычны прэм’ер Тадэвуш Мазавецкі кажа, што перамовы пачыналіся ў атмасферы напружанасці. Апазіцыйныя лідары баялася правакацыі, падману, арышту і абвінавачанняў у здрадзе з боку грамадства. Паўстала пытанне: як ахвяра можа публічна падаць руку кату? Аднак трансляцыя перамоваў у рэжымных медыя ўсведаміла грамадству феномен “круглага стала”, што ён азначае раўнапраўе бакоў. Калі людзі ўбачылі, як каты і ахвяры размаўляюць, як роўны з роўным, дык гэта быў знак моцы апазіцыі і слабасці ўлады. Потым было карпатлівае, пункт за пунктам адваёўванне чарговых саступак з боку ўлады. У выніку адбылася бяскроўная рэвалюцыя, мірная трансфармацыя дзяржаўнага ладу пры двухбковай, джэнтэльменскай дамове, што чыя-небудзь параза не закончыцца расправай над ім.
Зараз 42% палякаў станоўча ацэньваюць “круглы стол” і толькі кожны дзясяты лічыць удзел у ім актам здрады ідэалаў “Салідарнасці”. Аднак свет адназначна лічыць яго ўзорам палітычнага кампрамісу. Дагэтуль бяскроўны адыход ад камунізму падаваўся абсалютна немагчым. Гэта феномен у сусветных маштабах. Палякі, што ў мінулым пачыналі заўсёды крывавыя паўстанні, могуць слушна ганарыцца тым, як разумна, узважана і дальнабачна яны сябе павялі 25 гадоў таму. Досвед польскага “круглага стала” можа быць паспяхова скарыстаны ў шэрагу краінаў свету, у прыватнасці ва Украіне. Гэта тамтэйшым палітычным апанентам з поўным перакананнем падказваюць самі ўдзельнікі таго польскага “круглага стала”.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме