15:30 15.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Назіральнікі пра выбары: Цырк і загадзя пастаўлены спектакль
Праваабаронца Барыс Бухель і юрыстка Наста Тарасенка былі зарэгістраваны ў якасці назіральнікаў на выбарчым участку №117, які размяшчаўся ў “Палацы культуры вобласці”. Пасля выбараў яны падзяліліся сваімі ўражаннямі аб назірання за прцэсам галасавання і арганізацыяй працы выбарчай камісіі.
Як вы сталі назіральнікамі і навошта?
Барыс Бухель: Я назіраю ўжо шмат гадоў. Быў назіральнікам на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, а таксама выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. У гэту кампанію назіраў ад “Магілёўскага праваабарончага цэнтра”. Для мяне тут не было нічога новага, затое было цікава назіраць рэакцыю чалавека, які першы раз патрапіў на гэты спектакль.
Наста Тарасенка: Я першы раз удзельнічала ў назіранні за выбарамі ў якасці назіральніка. Гэта вельмі карысны вопыт для юрыста. Адна справа, калі ты здагадваешся, чаму адбываецца так, як адбываецца, а другая - бачыць усё на ўласныя вочы. Мне было проста цікава за самой працэдурай назірання за выбарамі: як апячатваюць скрыні для галасавання, ці можна падкінуць туды бюлетэні, ці можна дапісаць галасы і г.д.
Ці спраўдзіліся вашыя чаканні ад працэса назірання?
Б.Б.: Наша задача з Насцяй - лічыць людзей, якія прыйшлі галасаваць. Праз 5-10 чалавек мы звяралі свае дадзеныя з падлікамі камісіі і сапраўды першыя чатыры дні ўсе лічбы ў нас супадалі. А ў апошні дзень датэрміновага галасавання - разышліся. Мы з Настай налічылі 370 чалавек за ўсе 5 дзён, а камісія вывесіла пратакол з лічбай 565 чалавек.
Н.Т.: Прадстаўнікі выбарчай камісіі мне таксама задалі пытанне: “Вы прадстаўляеце апазіцыю, чаго вы хочаце, чаму прыйшлі на гэтыя выбары?” Я хачу, каб выбары прайшлі сумленна. На што яны яшчэ здзівіліся: “А што, у нас не сумленныя выбары?” Я кажу: “Мы ж разам з вамі лічылі выбаршчыкаў, звяраліся, чаму ж у выніковым пратаколе разыходжанне ў 195 чалавек?” Сябры камісіі нічога не могуць адказаць, выніковы пратакол складае сакратар камісіі. Яны насамрэч нічога не ведалі і не падазравалі. У іх на тварах спачатку здзіўленне, як такое вялікае разыходжанне магло адбыцца, а пасля, падумаўшы, яны кажуць: “А што гэта зменіць?” Яны сабе прыдумваюць нейкія адмазкі, нібыта нічога страшнага не здарылася.
Б.Б.: Вось узяць два сябры камісіі. Ці можа адзін з іх гарантаваць, што другі правільна падліча галасы? Не. Могуць яны абодва гарантаваць, што тую лічбу, якую яны скажуць сакратару камісіі, апошні правільна пачуе і правільна запіша? Не. Ці могуць гарантаваць, што сактар камісіі правільна зробіць падлік галасоў? Не могуць. Усё ведае толькі тры чалавекі: старышня, яго намеснік і сакратар, астатнія - статысты, пешкі.
Што ў выпадку парушэння на выбарчым участку робяць назіральнікі?
Б.Б.: Я абраў такую тактыку, старацца пазбягаць напісання скаргаў, а шукаць вырашэнне праблемы праз тлумачэнне заканадаўства. Так атрымался, што ўчастковая выбарчая камісія №117 цалкам складалася з работнікаў аднаго прадпрыемства - “Хімвалакно”. Галоўны ідэолаг прадпрыемства прызнаў, што імі выканана “задача партыі” - укамплектавана 5 выбарчых камісій сваімі супрацоўнікамі, якія ўсе знаходзяцца ў яго падначаленi. Яшчэ яны даслалі і назіральнікаў з ліку сваіх супрацоўнікаў у гэтыя ж самыя камісіі. Зразумела, што гэтыя назіральнікі не цікавіліся выбарчым працэсам і наўпрост не прысутнічалі пры галасаванні. Яны былі зарэгістраваны хоць і ад розных арганізацый: “Белай русі”, БРСМ і іншых, але па сутнасці з’яўляўліся калегамі сябраў камісіі. Толькі аднойчы гэтыя назіральнікі з’явіліся на ўчастку - калі трэба было перастаўляць мэблю перад асноўным днём галасавання, у астанія часы іх на ўчастку не было.
Мала таго, у адзін з дзён датэрміновага галасавання на участак прыйшлі дзве жанчыны, якія гучна размаўлялі з сябрамі камісіі, гэта былі іх калегі. Пасля я даведаўся, што на ўчастку як раз знаходзяцца дамы, кватэры ў якіх выдаваліся работнікам “Хімвалакно”. Я спытаў у гэтых жанчын, ці пойдуць яны далей на працу, на што яны адказалі, што ім даюць адгул, калі яны ідуць галасаваць. Два сябры камісіі пацвердзілі мне, што ў іх складзены план галасавання і ўсё гэта кантралюецца.
Н.Т.: Яны выкарыстоўваюць працоўныя спісы, пры дапамозе якіх можна ціснуць на людзей. Канешне, людзям прасцей пайсці прагаласаваць, чым пасля не атрымаць прэмію.
Б.Б.: Першпачаткова інфармацыю пра парушэнні (прыпіскі галасоў і вытворчы прынцып складання камісіі) я падаў у Інтернэт. На наступны дзень я паказаў гэты артыкул старшыні камісіі - ён не прад’явіў аніякіх прэтэнзій, бо яму не было чаго казаць, усё было праўдай. Адзінае, ён сам загадаў пісаць мне скаргі па гэтых пунктах, каб яны іх разгледзілі.
Як праходзіла галасаванне ў асноўны дзень?
Н.Т.: Я ездзіла з камісіяй да выбаршчыкаў па месцу жыхарства. У нас было не шмат людзей - усе старыя бабулі. І я магу дакладна сказаць, што ўсе яны прагаласавалі за Лукашэнка. Яны самі агучвалі свае рашэнні, прасілі паказаць, дзе прагаласаваць “за Бацьку”, “за Коленьку”, “за Лукошко” і г.д.. Гэта адзіная скрыня для галасавання, да якой няма прэтэнзій.
Б.Б.: Як толькі пачаўся падлік, нам адразу забаранілі фатаграфаваць, хаця раней тэхнічныя здымкі (скрыні, пячаткі, пратаколы і г.д.) мы маглі рабіць. На участку ў асноўны дзень галасавання мы налічылі 872 чалавекі, але выбарчая камісія пазначыла ў пратаколе на 500 чалавек болей. Навошта? Бо і так па нашых падліках прагаласавала 60% выбаршчыкаў, выбары адбыліся, але іх такія лічбы не задавальнялі. Яшчэ пасля таго, як яны дапісалі амаль 200 галасоў на датэрміновым галасаванні я пажадаў ім 100% яўкі 11 кастрычніка, каб у выніку ў іх атрымылася 130% галасоў. Цікава было б паглядзець, як бы яны выкручваліся.
Н.Т.: Адна жанчына перахрысціла скрыню і толькі пасля гэтага кінула ў яе бюлетэнь са словамі “З Богам!”
Што адбывалася пры падліку галасоў?
Б.Б.: Сам працэс падліку праходзіў непразрыста. Сябры камісіі абступілі сталы і сталі да нас спінамі на адлегласці каля 10 м. Мы маглі бачыць, што сам працэс адбываецца, але як ён адбываецца - нікому не вядома. Да пачатку падліку мы падавалі заяву, каб камісія праводзіла падлік па адным бюлетэні, гэта калі кожны бюлетэнь уздымаецца ўгару і ўголас называецца яго вынік, але нам адмовілі ў гэтым.
Н.Т.: Сапраўды кожны сябра камісіі ліча толькі свае бюлетэні і не ведае, якая там колькасць у іншых. Хаця пад час эксперыменту мы сцвердзілі, што нават свае бюлетэні яны наўрад ці могуць падлічыць. У нас з імі былі аднолькавыя сталы і мы спрабавалі на той жа плошчы, што і яны, раскласці 6 стопак аркушаў фармату А4 - не атрымалася. Як яны стаяць каля гэтых сталоў і лічаць кожны свае галасы я не разумею, там проста няма месца, каб усе іх раскласці.
Што скажаце пра вынікі выбараў?
Б.Б.: На наступны дзень пасля сканчэння выбараў я сустрэў старшыню камісіі і павіншаваў з паспяховым завяршэннем спектакля.
Н.Т.: Гэта быў не спектакль, гэта быў цырк! Пасля падліку галасоў сакратар камісіі кажа, што ў ніх не сыходзяцца лічбы і трэба пералічваць! Вось гэта да! Усе бюлетэні пералічылі максімум за 10 хвілін і ўсё сышлося! Я лічу, гэты “прыём” з пералікам яны выкарысталі толькі таму, што разам з намі на падлік галасоў застаўся і міжнародны назіральнік.
Як лічаце, парушэнні, якія вы заўважылі, былі зроблены наўмысна ці выпадкова?
Б.Б.: Яны ідуць на гэта свядома. З імі размаўляеш пра сумленныя выбары, палітыку, Украіну, яны з усім пагаджаюцца, іншы раз пачынаеш думаць, што мы прытрымліваемся аднолькавых поглядаў. Але як толькі пачынаецца падлік галасоў - адно і тое, прыпісваюць па 500 чалавек на ўчастку. Я лічу, што ім ідзе канкрэтовы загад - даць пэўныя лічбы. Можа яны і задумаюцца аб садзейным, але не надоўга. Заўтра пачынаецца новы дзень і яны будуць жыць так, як жылі.
Н.Т.: Яны разумеюць, што яны робяць. І яны разумеюць, што мы ўсё гэта разумеем. Я магу толькі пажадаць, каб яны кожную ноч спаслі спакойна, бо пасля такіх “выбараў” і такога “падліку” гэта зрабіць вельмі цяжка.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме