07:01 13.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Навагодні анэкдот
Напрыканцы году і напачатку новага ўсе падводзяць вынікі. Падводзяць іх і журналісты, прыгадваючы, якія тэмы выклікалі ў мінулым годзе найбольш гучны рэзананс, спараджалі сапраўдныя холівары на форумах і ў сацыяльных сетках. Можа, і памылюся, але прыгадаў бы такіх тры, на самой справе ў нечым важным падобных — адпілаваньне дзюбаў бакланам, наезд кіроўцы Порш Кайена на хлопчыка і зьбіцьцё наваполацкай кантралёркі.
Магчыма, былі тэмы, пра якія на працягу году пісалі арытмэтычна больш, скажам, тыя ж выбары і іх байкот, ці абмяркоўвалі больш інтэнсыўна ў пэўных колах — напрыклад, тое ж «пытаньнечка» Вікторыі Паповай ці плюшавы дэсант.. Але здаецца, што названыя вышэй тры тэмы былі ўсё ж лідэрамі як па канцэнтрацыі жарсьцяў на кароткім прамежку часу, гэтак і паводле ахопу: іх абмяркоўвалі старыя і маладыя, прыхільнікі Лукашэнкі і яго ворагі, тыя, хто за Расею, і тыя, хто за Эўропу, заангажаваныя ў палітыку і далекія ад яе.
І што цікава — ўсе яны непалітычныя, па-над ці пад ці наагул упоперак палітычных барыкадаў. І меркаваньні ў спрэчках па гэтых сюжэтах, дарэчы, таксама разьмяркоўваліся не зусім дакладна паводле палітычных прыхільнасьцяў. І больш таго — такія сюжэты былі да Лукашэнкі, ёсьць пры ім і, падазраю, будуць і пасьля, калі толькі не меркаваць, што цяперашні кіраўнік — адзіная перашкода на шляху беларусаў у зямны рай.
І з таго,што ў топ папулярных тэмаў трапілі менавіта гэтыя, вынікае шмат цікавых рэчаў. Напрыклад, тое, што спарахнеў, выпетрыўся запас палітычных ідэяў, палітычных сэнсаў, якімі жывілася беларускае грамадзтва хіба не з часоў перабудовы. І рыторыка ўлады і рыторыка апазыцыі — абедзьве нагадваюць стары навагодні анэкдот.
Чалавек прынёс у краму для вяртаньня купленыя елачныя цацкі. Што такое — пытае прадавачка — сапрасаваныя, бракаваныя? Не — адказвае — ня радуюць.
Так, ня радуюць, не кранаюць, не запаліваюць. Дарэчы, ліхаманкавая, ў тым ліку і ідэалягічная, актыўнасьць прэзыдэнта, недарэчныя візыты яго сыноў у семьі пад Новы год — сьведчаньне таго, што і Лукашэнку — «ня радуюць».
Але і зь іншага боку...Вось калега Каліноўскі, не паленаваўшыся, асноўных апазыцыйных партыяў краіны. Так, падступны афіцыёз іх замоўчвае. Ну а агучыў бы. І што, ў маршрутках, цэхах, офісах і чыноўных кабінэтах дружна б выдыхнулася — вось яна, надзея, вось шлях, вось правадыры? Ну па шчырасьці — так ці не?
Праўда, некаторыя скажуць, што насамрэч ёсьць такі чалавек, які яшчэ 20 гадоў таму усё прадбачыў і вызначыў. Здымаю капялюш перад вялікай верай. Якая, аднак, наўрад ці вытрымае праверку вышэй прыгаданым тэстам наконт маршрутак, цэхоў, офісаў і калідораў улады.
І не заўсёды ж так было: напрыканцы 80-х, напачатку 90-х, у тым жа 94-м і натхняліся, і верылі. А зараз — не радуюць.
Гэта я да таго, што рэакцыя на бакланаў, Порш кайен і наваполацкую кантралёрку — гэта пошук грамадзтвам новых сэнсаў і новых ідэяў. І зразумела, чаму не ў палітычнай сфэры. Ня толькі таму, што дыктатура і выбараў няма, а таму што там усё завалена адваламі пустой пароды. Таму пошук ідзе як бы пэрпэндыкулярна звыклым палітычным падзелам. Моцныя, новыя сэнсы, народжаныя ў экзыстэнцыйным і сацыяльным полі, ўварвуцца і на палітычнае і зьмятуць нагрувашчаны там хлам.
Але новыя ідеі не нараджаюцца так, што нехта сеў за стол і вырашыў — прыдумаю нешта новае. Так часам гранты выбіваюць:-) А ў маштабе нацыі яно нараджаецца спакваля, зьнянацку: вось учора нешта не выклікала ніякай рэакцыі, а сёньня спараджае выбух эмоцыяў. А спытай любога — чаму, дык пачуешь у адказ мармытаньне, маўляў, ну вось зачапіла, кранула, ды і ўсе ж вакол про тое гавораць.
Кшталту як цана на памідоры на свабодным рынку — хто яе вызначае? Усе. І ніхто асабіста.
Ну на рынку ідэяў крыху ня так, там новае прабівае праз асобу і ўва асобе часьцей за ўсё і ўвасабляецца. Але прабівае ў адпаведных умовах, калі ёсьць попыт, калі ўсе несьвядома вядуць той самы пошук, калі сёньня чамусьці запальвае тое, што пакідала абыякавым учора.
Ну і што ж такое народзіцца з тых спрэчак і абмеркаваньняў бакланаў, Порш Кайена ды кантралёркі? Ну, ведаў бы прыкуп, жыў бы ў Сочы, як кажуць прэфэрансісты. Вынік творчасьці, ў тым ліку і, кажучы марксісцкай мовай, творчасьці масаў, прадказаць у прынцыпе немагчыма. Але нешта варыцца, працэс пайшоў. І калі ён прывядзе да нейкага выніку — паверце, вы ня зблытаеце яго ні з чым.
І ў пэўным сэнсе яно так і справяліва выйдзе. Ну калі перамены адбудуцца на багажы 15-20 гадовай даўніны — хіба ня будзе гэта неяк няправільна? Яно можа выглядае залішнім эстэтцтвам — ды хай хоць як адбудуцца, хоць тушкай, хоць чучалам, як у вядомым анэкдоце, але народ, маса — яны ж як раз эстэты па-свойму. Ужо калі рашыцца на нешта, дык дзеля нечага ...ну што запальвае, натхняе. Радуе, адным словам.
Юры ДракахрустИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме