23:15 29.03.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
"Народная Воля" задае пытаньне: «ЧАМУ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАМІ ПРАІГНАРАВАНА ЗНАМЯНАЛЬНАЯ ДАТА?»
93 гады таму галоўную ролю ў абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі адыграла партыя, якая называлася Беларуская Сацыялістычная Грамада. Сённяшнія яе пераемнікі — БСДП (Г) і БСДГ.
Журналісты "Народнай Волі", не заўважыўшы прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных партый сярод удзельнікаў акцый, звязаных з 25 сакавіка (у мінулую пятніцу), вырашылі пацікавіцца: Чаму сацыял-дэмакратамі праігнаравана знамянальная дата?
Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня аргкамітэта па правядзенні чарговага з'езда Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):
— Ну і пытанне фармулюе "Народная Воля"… Праігнаравана… Па-першае, гэтая дата намі не праігнаравана. Гэта дата для нас вельмі важная. Тое, што вы не заўважылі ў Мінску нашых сацыял-дэмакратаў, гэта, канечне, вельмі кепска… Сам я ў гэты дзень быў у Брэсце. Я ведаю, што прадстаўнікі нашай партыі на акцыю 25 сакавіка выйшлі, але не былі арганізаваны. Не было калоны, сцягоў… Я задам гэтае пытанне кіраўніку Мінскай гарадской арганізацыі. Але што задаваць? Не было нашых сцягоў, і гэта бачылі ўсе... Практыка "прывозу" партыйных актывістаў існуе, але я ўпэўнены, што ў Мінску павінны менавіта мінскія прадстаўнікі нашай партыі ладзіць свята. Хаця, шчыра кажучы, Мінская гарадская арганізацыя БСДП не самая моцная… І мне прыкра чуць, што мы арганізавана не праявілі сябе… Але свята 25 сакавіка намі не праігнаравана, у рэгіёнах прайшлі мерапрыемствы. Напрыклад, у Брэсце сябры нашай партыі ў гэты дзень раздавалі людзям кнігі Някляева і нагадвалі пра Дзень Волі…
Валерый ФРАЛОЎ, сябра аргкамітэта па правядзенні чарговага з'езда БСДП:
— Мне цяжка сказаць, зараз я крыху адышоў ад палітычных спраў, папраўляў здароўе… А што да адказу на пытанне, то 25 сакавіка сябе не праявілі не толькі сацыял-дэмакраты, але і прадстаўнікі іншых партый. У апазіцыі адна бяда — няздольнасць знайсці кампраміс. І адсутнасць хоць нейкага плана дзеянняў. І нават перад 25 сакавіка не было ўзгоднена канкрэтнае адзінае месца збору… А выходзіць, каб патрапіць пад міліцэйскія дубінкі… Асабіста я ў гэтым вялікага сэнсу не бачу…
Станіслаў ШУШКЕВІЧ, старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада:
— Што да мяне, то асабіста я ў гэты дзень быў у Кіеве, дзе прымаў удзел у прадстаўнічай сустрэчы з удзелам былых прэзідэнтаў Украіны, жонкі Барыса Ельцына, на якой абмяркоўваліся пытанні рэфармавання на постсавецкай прасторы. Запрашэнне на мерапрыемства я атрымаў загадзя. А што да святкавання… Я лічу 25 сакавіка святам, але святкаваць нешта ў такіх умовах цяжка. Лозунгі акцыі былі слушнымі — патрабаванне свабоды для палітвязняў, і прыняць удзел у такім мерапрыемстве было б правільным. Але, з іншага боку, мне асабіста не хацелася падстаўляць людзей, якія пасля выхаду на мірную акцыю могуць быць кінутыя ў турму. Таму партыйным рашэннем мы не заклікалі нікога выходзіць на дэманстрацыю. Тым больш не дазволеную. Можна было б ісці на плошчу Бангалор — месца, якое было дазволена ўладамі, з тым каб паказаць, што мы ёсць. Але я не чакаў, што на акцыю выйдзе многа людзей… Калі б было адчуванне, што выйдзе шмат народу, то я б заклікаў пагадзіцца пайсці і на Бангалор… А паколькі акцыя не чакалася масавай, на пасяджэнні выканкама нашай партыі было прынята рашэнне не заклікаць людзей да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Ігар МАСЛОЎСКІ, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП:
— Дата не праігнаравана. Калі адкрыць інтэрнэт, дык можна ўбачыць, што ў кожнай вобласці нешта адбывалася. У Брэсцкай вобласці мы падавалі заяўку на пікет 25 сакавіка, але яго не дазволілі… 25 сакавіка брэсцкія сацыял-дэмакраты разам з прадстаўнікамі Аб'яднанай дэмакратычнай партыі выйшлі на вуліцы горада, віншавалі людзей са святам, распавядалі пра палітзняволеных, раздавалі кнігі Някляева. Наколькі ведаю, у Полацку прайшла канферэнцыя, прысвечаная 20-годдзю партыі і 25 сакавіка. У Мінску ў гэты дзень сябры нашай партыі традыцыйна наведалі магілу заснавальніка партыі Міхася Ткачова. Шараговыя сябры партыі нават з Брэста ехалі ў Мінск, каб ускласці кветкі да помніка Купалу. Тут жа былі і мінскія актывісты, праўда, без партыйнай сімволікі.
Алег ТРУСАЎ, старшыня ГА "Таварыства Беларускай мовы імя Ф.Скарыны", адзін са стваральнікаў БСДП:
— Я не лічу, што дата праігнаравана. 25 сакавіка партыйцы ўскладалі кветкі да помніка Купалу, у ТБМ адкрылася ўнікальная выстава мастака Алеся Цыркунова. Адна з карцін, дарэчы, прысвечана Міхасю Ткачову. Так што, лічу, мы прынялі чынны ўдзел у мерапрыемствах 25 Сакавіка. Хаця, вы ж ведаеце, у нас у партыі крызіс, Ляўковіч ніяк уладу не аддасць…
Анатоль СІДАРЭВІЧ, сацыял-дэмакрат:
— Я не магу сказаць вам чаму… У Брэсце не праігнаравана, а ў Мінску ёсць Мінская гарадская арганізацыя…
Мечыслаў ГРЫБ, адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі:
— Цяжка адказаць адназначна. Я зараз па пэўных прычынах не ўдзельнічаю ў палітычным жыцці. Ляўковіч зараз у Брэсце. Ён хоча стварыць нешта сваё. Партыяй фактычна кіруе Маслоўскі. Ён таксама ў Брэсце… Але калі адсочваць святкаванне ўгодкаў БНР, арганізатарамі была Партыя БНФ і сацыял-дэмакраты. Чаму сёлета ніякай арганізацыі не было? Мне цяжка нешта каменціраваць…
Апытанне праводзіў Віталь ГАРБУЗАЎ.
Ад рэдакцыі
Вось так: Іван ківае на Пятра, а Пётр — на Івана. І ніхто не хоча чэсна прызнацца: сацыял-дэмакратычны рух у Беларусі развалены. Развалены і іншыя партыі. І можа, з іх стварэння па-новаму трэба пачынаць? Без сур'ёзнай арганізацыйнай працы не бачыць дэмакратам значных зрухаў. Жыццё нельга абмануць…
, аўторак 29 сакавiка 2011 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
24 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |