11:00 10.07.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Намеснік старшыні БСДП просіць праверыць адпаведнасць Канстытуцыі дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве

Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай праверыць законнасць падпісанага Прэзідэнтам Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

- У звароце ідзе пералік артыкулаў Канстытуцыі, Працоўнага кодэкса, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыі «Аб скасаванні прымусовай працы», а таксама іншых законаў Рэспублікі Беларусь, якія былі парушаны падчас прыняцця гэтага дэкрэта, - кажа Ігар Барысаў.

Сацыял-дэмакрат лічыць, што дэкрэт груба парушае правы і свабоды грамадзян і фактычна прымушае плаціць іх падатак за пражыванне ў сваёй краіне.

- Беларусь і тут вызначылася сваёй ініцыятывай. Падобныя дэкрэты толькі наносяць шкоду іміджу нашай краіны на міжнароднай арэне. У той час як беспрацоўным ва ўсім цывілізаваным свеце выплачваюць дапамогу, у Беларусі іх спрабуюць задзейнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Калі дзяржава банкрут, то ў чым тут вінаватыя людзі? Калі ўлада праваліла сацыяльную сферу і эканамічныя паказчыкі развіцця краіны, то яна мусіць саступіць сваё месца іншым людзям, а не спрабаваць працягнуць сваё існаванне, прыціскаючы людзей, - кажа Ігар Барысаў.

Намеснік старшыні БСДП адзначае, што зварот у Канстытуцыйны суд яму дапамагала рыхтаваць юрыст Алена Барысава.

- Відавочна, што дадзены дэкрэт мае антыканстытуцыйны характар. Акрамя таго, ён прыняты заднім чыслом – пачаў дзейнічаць з 1 студзеня, хаця быў падпісаны 2 красавіка бягучага года. Я бачу ў гэтым дэкрэце выключна ідэалагічныя і палітычныя чыннікі, бо зарабіць на ўсталяваным часовым зборы, які складае 20 базавых з беспрацоўнага ў дзяржавы наўрад ці атрымаецца. Хутчэй за ўсё дэкрэт будзе недзеяздольным, але рэагаваць на яго існаванне трэба, - кажа Алена Барысава.

Трэба адзначыць, што ў канцы чэрвеня кіраўніцтва БСДП арганізавала круглы стол, на якім абмеркавалі сам дэкрэт, а таксама наступствы, якія ён мае для грамадзян. На сустрэчу запрашаліся старшыні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў, а таксама міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, аднак усе дэпутаты і чыноўнікі праігнаравалі запрашэнне.

Пасля круглага стала БСДП заявіла аб старце кампаніі «За адмену Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». У межах кампаніі распачаўся збор подпісаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Усе сабраныя подпісы будуць перададзены ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме