22:30 14.05.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«Нам трэба вырвацца з гета, бо нас туды загналі за апошнія гады»

14 траўня 1995 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» — былі замененыя ў якасьці дзяржаўных на падкарэктаваныя савецкія. Якія мэты ставіла тагачасная ўлада, праводзячы той рэфэрэндум? Ці слушная думка, што беларуская мова стала мовай дэмакратаў і апазыцыі? Наколькі пасьпяховымі былі намаганьні грамадзянскай супольнасьці ў адраджэньні мовы — або грамадзтва апрыёры ня можа зрабіць таго, што мусяць рабіць дзяржаўныя структуры?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету — старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і выкладчык беларускага гуманітарнага ліцэю Лявон Баршчэўскі. Вядзе праграму Віталь Цыганкоў.

            «Супэрмэта была — абмяняць сымболіку і мову на шалёныя грошы»  

Цыганкоў: Якія мэты мела ўлада, праводзячы той рэфэрэндум? Ці найперш ударыць па ўнутранай апазыцыі, якая зьвязвалася ў многіх зь беларускай мовай, ці задача была найперш атрымаць датацыі ад Расеі, заслужыць падтрымку расейскага кіраўніцтва і грамадзкай думкі?

Трусаў: На першым месцы, вядома, расейскі чыньнік. Супэрмэта была — абмяняць сымболіку і мову на шалёныя грошы. Апазыцыя, БНФ — гэта ўжо другаснае.

Баршчэўскі: Я згодны на сто працэнтаў. СМІ паведамлялі, што Барыс Ельцын казаў, што «хорошо было бы ввести второй государственный язык» у Беларусі. Але галоўнай тут была асоба Яўгена Прымакова, які быў чорным кардыналам у гэтай справе і які фактычна аддаваў прамыя загады.

Цыганкоў: І ці дасягнула беларускае кіраўніцтва сваёй мэты?

Больш за тое, і беларушчына ўмацавалася, бо за аднаго бітага двух нябітых даюць.

Трусаў: Вядома, дасягнула. Расейскія грошы забралі, а інтэграцыі такой, пра якую марыць Расея, няма і ўжо ня будзе. Больш за тое, і беларушчына ўмацавалася, бо за аднаго бітага двух нябітых даюць.

Баршчэўскі: Безумоўна, ёсьць шмат адмоўных чыньнікаў. Была адкінута на многія гады назад адукацыя, кнігавыдавецтва, дзяржаўнае тэлебачаньне. Часам гэта нават стала горш, чым было ў савецкі пэрыяд. Бо мы цяпер з настальгіяй успамінаем тэлебачаньне позьнесавецкага часу, якім кіраваў Генадзь Бураўкін.
Зь іншага боку, я згодны з Алегам, што Расея сваіх мэтаў не дасягнула. Яна думала, што, дасягнуўшы зьнішчэньня беларускай мовы, яна дасягне зьнішчэньня беларускай нацыі і дзяржавы. Але выявілася, што тут ня ўсё так проста. Бо ўзьнікла пакаленьне трасянкавых і расейскамоўных беларусаў, якім, аднак, ня хочацца ў Расею.

Трусаў: Гэтак званая крэольская сыстэма, як у Лацінскай Амэрыцы.

Цыганкоў: Пасьля рэфэрэндуму, калі стала зразумела, што дзяржава ня будзе браць на сябе функцыі падтрымкі беларускай мовы, за гэта ўзялося грамадзтва. Наколькі пасьпяховымі былі гэтыя намаганьні? Ці ў Беларусі, постсавецкай дзяржаве, дзе надта шмат усяго залежыць ад дзяржаўных структураў, грамадзянская супольнасьць апрыёры не магла кампэнсаваць функцыю дзяржаўных структураў?

Трусаў: Я б гэты пэрыяд падзяліў на два этапы. Першы, з 1995-га да 1999-га — поўны заняпад, калі ўсе былі ў шоку і ўсё валілася літаральна на вачах. Але, атрымаўшы вынікі перапісу 1999 году, грамадзтва адчула ўздым. Аказалася, што нас не адзін і ня два працэнты, а цэлых 37, якія сказалі, што гавораць па-беларуску. І хоць перапіс 2009 году гэтыя лічбы апусьціў, у грамадзтве замацавалася павага да мовы, культуры і асабліва сымболікі.

Баршчэўскі: Натуральна, што грамадзтва ня можа замяніць дзяржаўныя структуры ў пэўных сфэрах. Калі ліквідоўвалі ліцэй і мы пісалі ў UNESCO, то адкуль прыходзілі адказы, што гэта «ў сфэры нацыянальнага ўраду». Тое, што ўрад антынацыянальны — гэта нікога не цікавіла.
Грамадзтва самаарганізавалася, захавала пэўныя пляцоўкі. У нас ёсьць беларускамоўнае тэлебачаньне «Белсат», захавалі Беларускі ліцэй, ёсьць Беларускі калегіюм, асобныя профільныя беларускамоўныя дысцыпліны ў ЭГУ і гэтак далей.
Пашырылася прысутнасьць беларускай мовы ў інтэрнэце. Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, моладзь больш актыўна імкнецца займаць гэтую нішу — у сучасных сродках камунікацыі.

   «Мова значна шырэйшая за палітыку»     

Цыганкоў: Часам гучаць думкі, што беларуская мова стала мовай дэмакратыі альбо нават мовай апазыцыі. Ці гэта слушная думка? Ці, можа, яна шкодная, бо звужае беларускую мову, ставіць яе ў рамкі апазыцыйнасьці?

Трусаў: Апошнім часам у нас разьвялося расейскамоўных дэмакратаў, якія для беларускай мовы робяць шкоды больш, чым дзяржава. Называць дэмакратам чалавека, які пражыў у Беларусі ўсё жыцьцё і ня можа зьвязаць па-беларуску некалькі словаў — нельга.
Вядома, носьбітаў беларускай мовы значна больш, чым у грамадзка-палітычнай сфэры жыцьця. Нават апошні перапіс даў некалькі мільёнаў такіх людзей. Таму казаць, што па-беларуску гавораць толькі дэмакраты, — гэта маргіналізаваць мову. Мова значна шырэйшая за палітыку.

Баршчэўскі: Бяда ў тым, што менавіта ўлада імкнецца загнаць мову ў рэзэрвацыю…

Трусаў: …Гэта так. Каб апраўдаць русыфікацыю…

            «Фактычна яны імкнуліся давесьці, што беларуская мова — гэта мова фашыстаў і калябарантаў»     

Баршчэўскі: Улада імкнецца паказаць, што апазыцыянэры — беларускамоўныя, і яны прадажныя, кепскія, пятая калёна. Яны паліваюцца брудам, і такім чынам дыскрэдытуецца беларуская мова.
Мая колішняя перапіска зь «Белорусской военной газетой» вельмі яскрава гэта паказала. Фактычна яны імкнуліся давесьці, што беларуская мова — гэта мова фашыстаў і калябарантаў. Я ім даў адлуп, яны яго апублікавалі, праўда, са сваімі ганебнымі камэнтарамі. Але гэтая тэндэнцыя падтрымліваецца. Вы ведаеце, у якім кантэксьце кіраўнік дзяржавы выкарыстоўвае беларускую мову — каб пазьдзекавацца, пасьмяяцца. Але гэта, у прынцыпе, злачынства, бо паводле любой Канстытуцыі мовы раўнапраўныя.

Трусаў: Нават ёсьць адпаведны артыкул у Адміністратыўным кодэксе — штраф за ганьбаваньне мовы.

Цыганкоў: Якую стратэгію варта абраць? Ці зьвяртацца да дзяржаўных органаў, як гэта робіць ТБМ і многія актывісты? Ці рабіць упор на разьвіцьцё беларускамоўнай грамадзянскай супольнасьці?

Трусаў: Трэба працаваць паралельна. Хто такая ўлада? Гэта нашы беларусы, многія зь якіх у маладосьці хадзілі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта цяпер кіраўнікі раёнаў. Мы не павінны ўпусьціць уладу. Бо калі мы ўладу ўпусьцім, то прыйдзе сапраўдная акупацыйная ўлада з Усходу. Вось тады тое, што мы цяпер маем, для нас будзе вялікім шчасьцем.
Таму з уладай павінен быць штодзённы кантакт. Нельга саміх сябе заганяць у гета.

Баршчэўскі: Я б удакладніў гэтую фармулёўку. Нам трэба вырвацца з гета, бо нас туды загналі за апошнія гады. Мы павінны выкарыстоўваць усе мэтады, у тым ліку і ціску на ўлады. Мы тут цалкам маем рацыю, бо ў Канстытуцыі, у законах запісаныя пэўныя рэчы. Дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце забароненая, а яна ёсьць, гэта бачыць кожны. Таму ў нас ёсьць усе падставы законна — і ў Беларусі, і празь міжнародныя органы — патрабаваць моўнага раўнапраўя. І мы павінны гэта рабіць.
      

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме