17:46 07.05.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

НЯМЕЧЧЫНА: “ПІРАТЫ” ЎВАЙШЛІ Ў ТРЭЦІ ЗЯМЕЛЬНЫ ПАРЛАМЕНТ

Выбары ў Францыі, Сербіі, Арменіі і Грэцыі, падзеі ў Маскве адсунулі на задні план датэрміновыя выбары ў ландтаг Шлезвіг-Гольштайна, якія таксама адбыліся учора. Галоўны вынік выбарчай кампаніі ў тым, што ўрадавая кааліцыя, створаная па выніках выбараў 2009 года (хрысціянскія дэмакраты і Свабодная дэмакратычная партыя), страціла большасць у зямельным парламенце. Гэта значыць, што чарговы раз аслаблены пазіцыі ўраду Ангелы Мэркель.  

За месцы ў ландтагу змагаліся ўжо вядомыя гульцы: сацыял-дэмакраты, Левая партыя, хрысціянскія дэмакраты, Свабодная дэмакратычная партыя, зялёныя і Аб’яднанне выбаршчыкаў Паўднёвага Шлезвіга, якое прадстаўляе інтарэсы дацкай нацыянальнай меншасці. Сёлета да гэтых гульцоў далучыліся “піраты”. Яны, як выглядае, забралі галасы хадэкаў і лібералаў.

Хрысціянска-дэмакратычны саюз страціў няшмат (менш за 1 працэнт галасоў), затое СвДП панесла адчувальную страту – 6,7 адсотка галасоў. І атрымалася так, што лібералы і “піраты” атрымалі па 8,2 працэнта галасоў выбаршчыкаў і па 6 мандатаў.

Ландтаг у Шлезвіг-Гольштайне – ужо трэці зямельны парламент, у які правяла сваіх прадстаўнікоў новая палітычная арганізацыя. Летась “піраты” атрымалі 15 месцаў у сенаце Берліна, а сёлета – 4 крэслы ў саарскім ландтагу.

З прыходам у ландтаг “піратаў” колькасць палітычных партый, прадстаўленых у ім, не павялічыцца, бо не набрала як мінімум 5 працэнтаў галасоў Левая партыя. Калі ў 2009 годзе ёй аддалі свае галасы 6 працэнтаў дарослых жыхароў Шлезвіг-Гольштайна, дык сёлета толькі 2,2 працэнта. Левыя не прадстаўлены цяпер у чатырох з шаснаццаці зямельных парламентаў. (Для параўнання: лібералы не маюць сваіх прадстаўнікоў у шасці ландтагах і сенатах.) 

Частку галасоў левых, мусіць, забралі “піраты”, а частку – сацыял-дэмакраты. У параўнанні з папярэднімі выбарамі эсдэкі набралі на 5 працэнтаў галасоў больш. Яны прыйшлі да фінішу выбарчай кампаніі амаль нос у нос з хадэкамі: 30, 4 і 30,8 працэнта галасоў адпаведна і па 22 месцы ў палаце. У параўнанні з 2009 годам трохі больш галасоў набралі зялёныя. Яны будуць займаць у ландтагу 10 крэслаў. Аб’яднанне выбаршчыкаў Паўднёвага Шлезвіга павысіла свой рэйтынг літаральна на адну дзясятую працэнта і атрымала 3 мандаты.

Высокая імавернасць таго, што сацыл-дэмакраты, зялёныя і датчане створаць новы ўрад Шлезвіг-Гольштайна на чале з сацыял-дэмакратам Торстэнам Альбігам (Albig).

Торстэн Альбіг нарадзіўся ў 25 траўня 1963 года. У 2009 годзе ён выбраны обербургамістрам горада Кіля – сталіцы Шлезвіг-Гольштайна. 3 лютага сёлета на зямельным партыйным з’ездзе 188 дэлегатаў з 194 вылучылі яго першым кандыдатам на выбарах у ландтаг. І ён апраўдаў давер таварышаў.

Калі галасаванне па партыйных спісах прынесла сацыял-дэмакратам поспех, дык у выбарчых акругах іх кандыдаты былі слабейшыя і атрымалі 13 мандатаў з 35 магчымых (уладальнікамі астатніх мандатаў сталі хадэкі).

Як і пасля выбараў 2009 г. пазіцыі новага ўрада Шлезвіг-Гольштайна будуць нетрывалыя, бо кааліцыя эсдэкаў, зялёных’ і датчан, калі яна будзе створана, будзе мець у ландтагу перавагу ў адзін голас (35:34). Хіба што яе падтрымаюць “піраты”. 
Анатоль Сідарэвіч
.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме