23:45 19.08.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

НЕРЭАЛІЗАВАНАЯ ЗАДУМА

Колькі ні намагаюся, не магу згадаць, калі я плакаў: 25 жніўня ці 19 верасня? Помню адно: стаю на плошчы Леніна трохі лявей ад помніка “правадыру сусветнага пралетарыяту”, бліжэй да педінстытута, падыходзіць да мяне Валодзя Арлоў, працягвае руку, хоча паздароўкацца і павіншаваць, а я плачу, як бабёр. Я не хачу плакаць, але слёзы цякуць мне самі...

Мусіць-такі, гэта было 25 жніўня.

А 19-га апоўдні я на праспекце Машэрава, каля крамы “Ромашка”, сустрэў пані Вячоркаву – знаёмую мне выдавецкую рэдактарку, жонку загадчыка эканамічнага аддзела ЦК КПБ і маці “небезызвестного” Вінцука Вячоркі. Яна, як гэта водзіцца ў славянскіх мацярок, ледзь не загаласіла, ва ўсякім разе завяла: і што ж гэта будзе і з вамі, і з маім сынам?..

Я не мог уцяміць пра што яна заводзіць. Справа ў тым, што тэлевізара я не трымаў і не трымаю прынцыпова (хіба што бяру ў пракат на час чэмпіянтаў свету і Еўропы па футболе), радыёпрымач у той дзень не ўключаў, тэлефона аб той пары не меў і з раніцы на людзі не выходзіў. І вось, пані Аляўціна заводзіць мне пра нейкі дзяржаўны пераварот, пра надзвычайнае становішча...

Так нічога не ўцяміўшы як след, я пайшоў у Дом кнігі, у нейкае выдавецтва (крыж святы, не магу ўспомніць, у якое) і там пачуў ужо нейкую канкрэтыку пра арышт у Крыме Міхаіла Гарбачова, пра віцэ-прэзідэнта СССР Генадзя Янаева і хунту, якую ён узначаліў. З праспекта Машэрава я ледзь не подбегам пайшоў на вуліцу Кісялёва – у рэдакцыю часопіса “Крыніца”, на працу. Як на зло, ў рэдакцыі не было ні тэлевізара, ні радыёкропкі, ні радыёпрымача. Дапамог мастацкі рэдактар Канстанцін Вашчанка: прымач быў у ягонай машыне. Я забраўся ў салон, Канстанцін уключыў мне радыё, і я пачуў...

Я ржаў, як конь. Мацней за Уладзіміра Караткевіча. Тое, што я пачуў па радыё, было верхам дурасці. Кожны савецкі чалавек ведаў, што таварных запасаў у краіне вобмаль, што гандаль ідзе практычна “з калёсаў”, а гэтыя змоўшчыкі абяцалі нам ледзь не златыя горы і малочныя рэкі з кісельнымі берагамі. Паслухаўшы зварот (ці адозву?) хунты, я супакоіўся.

Не ведаю, што мяне супакоіла. Хутчэй за ўсё падсвядомае разуменне, што нічога ў тых хлопцаў не атрымаецца. Калі пані Аляўціна заводзіла пра невядомы наш – Вінцукоў і мой – лёс, я азіраў праспект Машэрава і той вялікі пляц паміж Палацам спорту і спартыўнай залай, што стаіць на пачатку праспекта. Ніякага патруля, ніякай вайсковай тэхнікі і ніводнага вайскоўца. І па дарозе ў выдавецтва нічога такога не заўважыў. І па дарозе ў рэдакцыю “Крыніцы”. Спраўна працавалі рэдакцыйныя тэлефоны. А я ж вывучаў лісты Уладзіміра Ільіча пра масты, вакзалы, пошту і тэлеграф... Спраўны рэдакцыйны тэлефон зазваніў, і мне паведамілі (зноў не памятаю, хто), што я павінен быць у Музеі Максіма Багдановіча на Рабкораўскім завулку, бо там збяруцца дзеячы дэмакратычных партый і апазіцыйныя дэпутаты Вярхоўнага Савета.

На чым грунтавалася маё падсвядомае разуменне, што нічога ў тых хлопцаў не атрымаецца? Паўтараю: 19 і 20 жніўня 1991 г. я не бачыў на экране тэлевізара спалоханыя твары змоўшчыкаў і як трасуцца рукі Генадзя Янаева. Гэта ўсё я ўбачу пазней, post festum. Мусіць, спрацоўвала маё веданне сістэмы, веданне якасці капээсэсаўскай эліты, яе тупасці. А тут на чале змовы стаў былы камсамолец, і нават не былы першы сакратар камсамола, а былы старшыня камітэту маладзёжных арганізацый СССР. На такую пасаду звычайна накіроўвалі людзей без перспектывы. Тое, што Міхаіл Гарбачоў выбраў яго сабе ў намеснікі Генадзя Янаева, здзівіла не аднаго мяне. У КПСС і па-за партыяй хадзіла прымаўка: хочаш сапсаваць справу – даручы яе камсамолу. Партыйныя і гаспадарчыя бонзы кпілі з камсамольскіх правадыроў: дзеці, толькі п’юць і я.уцца, як дарослыя. Гэта цалкам датычыла Генадзя Янаева, які пры абмеркаванні ягонай кандыдатуры на пасаду віцэ-прэзідэнта СССР публічна пахваліўся, што ў яго добрая сэксуальная патэнцыя. Так і хочацца працытаваць адпаведную мясціну з “Лукі Мудзішчава”, але не буду.

Як казалі случакі ў пару маёй ранняй маладосці, у такіх людзей магло атрымацца толькі дрэк міт пфэфер. (Хто не разумее ідыша, можа зазірнуць у нямецкі слоўнік.) КПСС ужо даўно нагадвала мне вялікую істоту міт а клэйнэ кепэлэ, як, зноў жа, казалі ў старым Слуцку. Пётр Машэраў і Ціхан Кісялёў былі апошнія першыя сакратары ЦК КПБ, якія чыталі кнігі. А ў Маскве ўсе гэтыя брэжневы-чарненкі іх даўно не чыталі. Перад славутымі Дзядамі 1989 г. пра адсутнасць мазгоў у КПСС я казаў на адкрытым партыйным сходзе ў Саюзе пісьменнікаў ў прысутнасці першага сакратара Мінскага гаркама Галко. І пісьменніцкі начальнік хуценька адхрысціўся ад мяне: Сідарэвіч – не член Саюза.

Пасля нарады ў Музеі Максіма Багдановіча я сеў рабіць нумар партыйнай газеты “Грамада”. А 20-га ўвечары паехаў у Оршу: дырэктар тамтэйшай друкарні Рышард Лясота не адмаўляўся друкаваць апазіцыйныя выданні. Прытулак мне далі брат і братавая Зміцера Санько, цяперашняга галоўнага рэдактара выдавецтва “Тэхналогія”.

І наборшчыца, і вярстальшчыца былі здзіўленыя, калі ўбачылі загаловак артыкула на першую паласу. Называўся той артыкул проста, але трохі нечакана: НЯХАЙ ЖЫВЕ ПЕРАВАРОТ! У гэтым артыкуле я сцвярджаў, што путч азначае скон Савецкага Саюза. Калі б не путчысты, кажу я цяпер, магчыма, быў бы падпісаны новы Саюзны дагавор, і СССР яшчэ нейкі час праліпеў бы. Путчысты паскорылі распад Саюза. У тым тэксце, помніцца, я цытаваў двух чалавек. Старшыню Вярхоўнага Савета Расіі Руслана Хасбулатава, які ўжыў вобраз дыназаўра (вялікае тулава і малая галава), і майго таварыша па партыі, паэта і дэпутата Анатоля Вярцінскага, які недзе за год да путчу сказаў, што Беларусь асуджана на незалежнасць.

Калі нумар “Грамады” быў надрукаваны, у чаканні электрычкі на Мінск я сядзеў перад тэлевізарам у доме Санькоў і глядзеў прэс-канферэнцыю Міхаіла Гарбачова. І калі канферэнцыя падышла да завяршэння, я на ўсю хату выгукнуў: “Ну і дурань ты, Міша!”. І патлумачыў Санькам: у Гарбачова быў выдатны момант звярнуцца да сябраў КПСС з заклікам стварыць сацыял-дэмакратычную партыю, але ён настолькі не пераадолеў у сабе бальшавізму, што не здолеў да гэтага дадумацца. КПСС, у тым ліку КПБ, у адрозненне ад “братніх” партый  у Польшчы, Венгрыі, Балгарыі і нават ад камуністаў Літвы, настолькі загрузла ў сталінізме, што ідэйна рэфармавацца прост не магла. І гэта прыспешыла яе смерць.

...Едучы з Оршы ў Мінск, я шкадаваў пра тое, што мне не ўдалося рэалізаваць адну задуму. Прафесар Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі і я (з ягонай падачы) меліся напісаць артыкул і ў гэтым артыкуле з чыста марксісцкіх пазіцый давесці, чаму СССР павінен памерці. Пакуль мы збіраліся напісаць, СССР узяў і сканаў. У многім дзякуючы безгалоўю лідэраў КПСС.

P. S. Гэты тэкст амаль знак у знак надрукаваны ў “Нашай Ніве”. А сёння на сайце grani.ru я прачытаў тэкст Віталя Портнікава:

    *  *  *

“19 августа 1991 года я вышел на перрон из поезда, на котором приехал из Москвы в Киев. Жизнь иногда складывается удивительным образом. Я уехал из российской - нет, тогда еще из советской столицы - вечером 18-го. Заканчивался курортный сезон, в поиске тем для "Независимой" я набрал с собой ворох последних газет и наткнулся на любопытную публикацию в газете парламентской группы "Союз", члены которой, как известно, защищали единое и неделимое государство всеми понятными им способами. В газете был изложен наиболее приятный депутатам способ - военный переворот. Эта тема показалась мне интересной. Я был удивлен тому, что сторонники империи не понимают простой вещи: страсти накалены до предела, республиканские элиты больше не чувствуют себя комфортно на этой общей сковороде. И достаточно любого резкого действия, чтобы государство, которое еще недавно казалось вечным, разрушилось как карточный домик.

Статью о военном перевороте я писал почти до рассвета. Через несколько часов меня разбудило радио. Сообщение о создании ГКЧП стало продолжением моих ночных фантазий - я понял, что статью я уже не опубликую”.

Не адзін я не рэалізаваў сваю задуму.

Анатоль Сідарэвіч.

19 жніўня 2011 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме