22:15 15.11.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
НЕЛЬГА АБКЛАДАЦЬ НОВЫМІ ПАДАТКАМІ І БЕЗ ТАГО БЕДНЫ НАРОД (Заява Прэзідыума БСДП)
ЗАЯВА
Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)
Дэмакратычныя сілы цягам амаль двух дзесяцігоддзяў папярэджвалі тых, хто ўчэпіста трымае ўладу ў Беларусі ў сваіх руках, аб тупіковасці абранага палітычнага курсу. Цяпер відавочна, што краіна зайшла ў паласу сістэмнага крызісу.
Выйсце з цяжкога становішча ўлада бачыць у тым, каб акладваць грамадзян новымі паборамі. Ужо агучаны намер увесці падатак на беларусаў, якія маюць ва ўласнасці аўтамабілі. Улада жадае абкласці падаткам і людзей, якія, не хочучы мірыцца з жабрацкім існаваннем, самастойна знайшлі выйсце з цяжкога матэрыяльнага стану.
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) лічыць, што для ўвядзення новых падаткаў няма ніякіх падставаў, а за праблемы, якія ўзніклі ў эканоміцы, мусіць адказваць улада, а не простыя беларусы.
Мы падкрэсліваем, што на дадзены момант сярэдні ўзрост беларускіх аўтамабіляў складае ў сярэднім каля 10 год. Лічыць патрыманыя машыны раскошай, а не сродкам перамяшчэння не выпадае. Аўтамабілі сапраўды стануць раскошай, калі ў дадатак да высокіх мытных тарыфаў на машыны, уведзеных пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз, улада ўвядзе яшчэ і падатак на іх.
Улада як быццам забыла, што яе стараннямі многія мясцовасці ў Беларусі пазбаўленыя рэгулярнага руху грамадскага пасажырскага аўтатранспарту. Ёсць вёскі, у якія аўтобусы дзяржаўных аўтапаркаў не ходзяць зусім. У многія вёскі аўтобусы прыходзяць толькі ў пэўныя дні. Увядзенне падатку на ўладальнікаў аўтатранспарту прывядзе да яшчэ большага ўскладнення і без таго цяжкога жыцця сельскіх жыхароў, асабліва пажылых людзей.
Калі б улада дбала аб сацыяльнай справядлівасці, яна ўжо даўно ўвяла б падатак на тых, хто купляе прадметы раскошы. У прыватнасці, у грамадстве не выклікала б парэчанняў рашэнне абкласці падаткам тых грамадзян, якія набываюць сабе аўтамабілі VIP-класа.
Паводле апошніх даследванняў, Беларусь разам з Украінай і Малдовай адносіцца да ліку найбяднейшых краін ў Еўропе. Нельга абкладаць новымі падаткамі і без таго бедны народ. Замест гэтага трэба рэфармаваць эканоміку так, каб кожны беларус меў добры заробак і не мусіў дзеля падтрымання элементарнага дабрабыту ехаць у заробкі за межы нашай краіны.
Мінск, 15 лістапада 2013 года
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме