23:15 10.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
НАВОШТА ЎЛАДЫ ШТУЧНА СТВАРАЮЦЬ “ВАЎКАВЫСКУЮ СПРАВУ”?
Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 10 лютага
Затрыманьне трох ваўкавыскіх прадпрымальнікаў выклікала шырокі рэзананс сярод палітызаванай супольнасьці. Як гэтая справа выглядае зь юрыдычнага гледзішча? Якія яе палітычныя мэты? Ці хочуць улады такім чынам закрыць “справу 4 ліпеня”?
Удзельнікі: праваабаронца і генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы .
Юрыдычны бок справы
Валер Карбалевіч: “Ужо само затрыманьне былых палітвязьняў і , а таксама іх знаёмага спэцпадразьдзяленьнем «Алмаз» у колькасьці 30-40 чалавек з маскамі і аўтаматамі, нібы для захопу групы ўзброеных тэрарыстаў, выклікала зьдзіўленьне. Ня менш пытаньняў узьнікае пасьля інфармацыі пра ператрус у офісе і кватэрах, а таксама ў гародзе з дапамогай мэталашукальнікаў. Затрыманых чамусьці прывезьлі ў Менск і пасадзілі на Акрэсьціна, хоць справу вядзе гарадзенская міліцыя.
Недарэчным выглядае і фармальная падстава затрыманьня: падазрэньне ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РУУС , што адбылося ў 2004 годзе. Прычым вінаваты ў злачынстве знойдзены і асуджаны, сам пацярпелы ад падпалу скаргаў на перагляд справы не пісаў. Але ўсе гэтыя недарэчнасьці можна было б сьпісаць на звычайную практыку паліцэйскай дзяржавы.
Аднак калі ў той жа дзень па БТ перадалі, што арыштаваныя падазраюцца ў зьдзяйсьненьні шэрагу падпалаў і выбухаў і ў іх знойдзена выбухоўка і зброя — а гэта няпраўда — то стала відавочна, што гэта падрыхтаваная правакацыя ўладаў. А як вы можаце ацаніць вядомыя факты гэтай справы з юрыдычнага гледзішча?“
Валянцін Стэфановіч: “Пакуль мала вядома, па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні якога злачынства яны затрыманыя. Інфармацыя пра падазрэньні ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РУУС прагучала са словаў іншых асобаў, а не з афіцыйных крыніц.
Уражвае сама апэрацыя па затрыманьні. Ператрус рабілі ў некалькіх кватэрах, пад зямлёй шукалі выбуховыя рэчы. Дарэчы, быў праведзены ператрус у кватэры былога дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, сябра апазыцыі БНФ сп. . І гэта падводзіць да думкі, што ператрусы рабілі проста ва ўсіх апазыцыянэраў Ваўкавыску“.
Палітычныя матывы
Мячыслаў Грыб: “Трэба меркаваць, што санкцыя на ператрус і затрыманьне ў супрацоўнікаў міліцыі была. Але маштаб спэцапэрацыі па затрыманьні перавышае маштаб абвінавачваньняў. То бок людзей, якіх абвінавачваюць у падпале, няма патрэбы затрымліваць 30-40 спэцназаўцамі. Шум, зь якім улады ажыцьцяўляюць гэтую апэрацыю, сьведчыць пра тое, што, здаецца, за гэтым стаяць палітычныя матывы”.
Карбалевіч: “Сапраўды, складаецца ўражаньне, што за гэтай справай стаяць нейкія палітычныя мэты. Можа, хочуць адцягнуць увагу ад некага ці ад нечага? Чаму выбар у якасьці фігурантаў справы ўпаў на Мікалая Аўтуховіча і ягоных сяброў? Яны ня лідэры апазыцыі, пацярпелі за абарону сваіх правоў як прадпрымальнікаў, жывуць цяпер у Ваўкавыску, працуюць кіроўцамі. Якая тут лёгіка дзейнічае?”
Стэфановіч: “
Можна выказваць толькі меркаваньні. Магчыма, гэтыя гучныя затрыманьні зьвязаныя з справай аб выбуху 4 ліпеня 2008 году ў Менску. Адразу пасьля таго выбуху затрымлівалі шэраг сябраў моладзевых апазыцыйных арганізацый. Дзяржаўныя мэдыі абвінавачвалі апазыцыю ў падрыхтоўцы выбуху.
Магчыма цяперашнімі затрыманьнямі ў Ваўкавыску ўлады імкнуцца прадэманстраваць, што яны эфэктыўна працуюць па гэтай справе. А БТ падключанае для таго, каб падрыхтаваць грамадзкую думку для абвінавачваньня гэтых людзей у зьдзяйсьненьні выбуху 4 ліпеня.
У пэўным сэнсе затрыманыя падыходзяць на такую ролю. Вось Аўтуховіч — вэтэран вайны ў Аўганістане, таму ён можа мець досьвед у выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Грамадзтву можна давесьці, што гэта былыя прадпрымальнікі, якія не былі задаволеныя прысудам па іх справе і цяпер вырашылі адпомсьціць“.
“Справа 4 ліпеня”
Грыб: “Аўтуховіч і ягоныя сябры — даволі вядомыя людзі. Аўтуховіч шмат разоў ладзіў галадоўкі, адстойваў свае правы. Сапраўды, найбольш верагодная вэрсія — прыцягнуць іх да «справы 4 ліпеня». Цікава тое, што крымінальная справа аб гэтым выбуху была заведзеная не паводле артыкулу аб тэрарызьме, што было б лягічна, а па справе аб злосным хуліганстве. Але для затрыманьня „злосных хуліганаў“ ня трэба была такая вялізарная група захопу”.
Карбалевіч: “Сапраўды, ёсьць лёгіка ў прыцягненьні гэтых людзей да «справы 4 ліпеня». Бо час ідзе, вінаватыя ў гэтым злачынстве ня знойдзеныя, ужо ўся краіна пачынае сьмяяцца з таго, як міліцыя шукае злачынцу, беручы адбіткі пальцаў ва ўсяго дарослага насельніцтва. Міністар унутраных спраў Навумаў паабяцаў прэзыдэнту і народу знайсьці злачынцу, а абяцаньне трэба выконваць. Усё гэта нагадвае «справу Мікалуцкага».
Але калі ўлады хочуць «павесіць» на кагосьці гэтае злачынства і закрыць справу, то можна было б знайсьці больш просты і не такі скандальны шлях.
Можна было б для гэтага знайсьці нейкага крымінальніка ці небараку-бамжа, каб пазьбегнуць вялікага скандалу. А паколькі затрымалі даволі вядомых у краіне людзей, то гэта азначае, што ўлады сьвядома ідуць на скандал. Дзеля чаго?“
Стэфановіч: “Сапраўды, больш просты шлях — «павесіць» гэтую справу на крымінальнікаў. Але, магчыма, улады імкнуцца забіць двух зайцоў. З аднаго боку, паказаць грамадзтву вінаватых у выбуху 4 ліпеня, упэўніць, што гэтае злачынства зьдзейсьнілі людзі, якія маюць дачыненьне да апазыцыі і прадпрымальніцкага руху. А з другога боку, прадэманстраваць, што ўлады кантралююць становішча, нягледзячы на лібэралізацыю”.
Грыб: “Гэта вельмі небясьпечна”
Грыб: “Улады вельмі мала выконваюць свае абяцаньні па раскрыцьці значных і цяжкіх злачынстваў. Зразумела, можна прымусіць кагосьці ўзяць гэтае злачынства на сябе. Але гэта азначае, што сапраўдныя злачынцы застануцца на свабодзе і могуць зьдзейсьніць новае злачынства. А гэта вельмі небясьпечна.
Возьмем, напрыклад, скандальна вядомую з савецкіх часоў «віцебскую справу». Там за забойства і гвалтаваньне жанчын арыштавалі і судзілі 13 невінаватых людзей, а аднаго расстралялі. Але злачынствы працягваліся, пакуль у 1985 годзе мы не затрымалі і не пакаралі сапраўднага злачынцу, Міхасёва. Калі б ня арышт невінаватых людзей, то сьледчыя органы больш актыўна працавалі б дзеля пошуку сапраўднага злачынцы, і пэўная колькасьць чалавечых жыцьцяў была б выратавана.
Цяпер сьледчым органам дзеля раскрыцьця «справы 4 ліпеня» даюць рабіць усё, не зважаючы на закон. Напрыклад, паводле закону браць адбіткі пальцаў можна толькі ў людзей, якія падазроныя ў справе, а не ўва ўсіх. Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў суд па гэтым пытаньні, і суд прызнаў незаконнымі такія дзеяньні работнікаў міліцыі”.
Ці здолеюць “прызначыць” вінаватага?
Стэфановіч: “Думаю, «прызначыць» вінаватых у гэтай справе не атрымаецца. Хоць спробы былі і раней. Як я адзначаў, адразу пасьля выбуху спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці шэраг апазыцыянэраў. Раней спрабавалі прыцягнуць моладзевага актывіста з Жодзіна Красоўскага да справы аб выбухах у Віцебску. Але ўсе гэтыя справы рассыпаліся. Гэта складана, бо трэба шмат доказаў альбо іх фальсыфікацыя”.
Карбалевіч: “Цяпер найважнейшае пытаньне ў тым, каб галоўнага фігуранта гэтай справы, Аўтуховіча, не напаткаў лёс галоўнага фігуранта «справы Мікалуцкага» Валерыя Ткачова, якога, нагадаю, знайшлі мёртвым у камэры: ён, паводле афіцыйнай вэрсіі, павесіўся, лежачы на ложку”.
Грыб: “Будзем спадзявацца, што гэтага не адбудзецца. Аўтуховіч — вельмі мужны і цьвёрды чалавек. Зь ім ня так проста нешта зрабіць”.
Стэфановіч: “Гарантыяй ад такога разьвіцьця падзей можа быць грамадзкі рэзананс гэтай справы”.
10.02.2009 19:04
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме