16:30 10.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

НАТАТКІ НАЗІРАЛЬНІКА (дапоўнена)

Назіральнікам на выбарчых участках карысна весці не толькі падлік тых, хто ўкінуў бюлетэні ў скрынку для галасавання. Цікава назіраць, як мяняецца колькасць і якасць выбаршчыкаў у розныя часавыя адрэзкі.

На тым участку, дзе з 10 да 14 гадзін сяджу я, у першы дзень датэрміновага галасавання прыйшлі 26 выбаршчыкаў, у першай палавіне дня – 11 чалавек, з іх 6 – у прамежку паміж 10-цю гадзінамі 28-мю хвілінамі і 10-цю гадзінамі 59-цю хвілінамі.

Нічога адметнага ў першы дзень не назіралася. Адметнае пачалося ў аўторак. У першай палавіне дня прагаласаваў 61 чалавек. Асаблівы наплыў быў паміж дванаццацю і трынаццацю. У гэты перыяд на ўчастак прыйшло роўна 30 чалавек, або, лічы, палавіна усіх “даабедзенных” выбаршчыкаў. Вось час іх галасавання: 12:00, 12:05, 12:10, 12:13, 12:14, 12:15, 12:16, 12:17, 12:20, 12:21, 12:21 (тут і далей за хвліліну два чалавекі), 12:22, 12:23, 12:25, 12:25, 12:26, 12:27, 12:27, 12:28, 12:29, 12:29, 12:30, 12:31, 12:36, 12:37, 12:37, 12:45, 12:54, 12:55, 12:56.

Ішлі па двое і па трое, рэдка па адной. Усе – жанчыны непенсійнага веку. Выключэннем былі адна старая з унукам ды хлопец гадоў пад дваццаць пяць.

Мусіць, не трэба мець тры пядзі ў ілбе, каб здагадацца, што гэта дружненька ішлі таварышкі па працы. У абедзенны перапынак. Таму ніякай павольнасці. Усё хуценька. Ніводнай усмешкі. Усе з сур’ёзнымі тварамі, усе заклапочаныя.

Не пытаўся, з якой канторы тыя жанчынкі. Мабыць, у аўторак начальства сказала ўсім супрацоўніцам, якія жывуць у гэтым мікрараёне, прыйсці ў сераду на працу з пашпартамі. Яны й прыйшлі.

...Ужо ўвечары пачуў, як дэканы БДУ пытаюцца ў сваіх падначаленых, ці яны прагаласавалі, і настойліва рэкамендуюць ім, каб абавязкова прагаласавалі датэрмінова. А ветэран прафсаюзнага руху Генадзь Фядыніч запэўніваў мяне, што да суботы большасць працоўных будзе загнаная на выбарчыя ўчасткі.

Анатоль Сідарэвіч
8 кастрычніка.

* * *

НАТАТКІ НАЗІРАЛЬНІКА (2)

Тры дні назірання за датэрміновым галасаваннем прывялі мяне да пэўных высноў. Зраблю агаворку я вяду назіранне з 10 да 14 гадзін. Галасаванне з 16 да 19 гадзін я не назіраў, таму мае ў сваіх высновах я не прэтэндую на абсалютную ісціну.

Наконт інтэнсіўнасці “ранішняга” галасавання я пісаў. Найбольш выбаршчыкаў прыходзіць на ўчастак у абедзенныя перапынкі: з 12 да 13 і з 13 да 14 гадзін. Вось пакзачыкі. 7 кастрычніка з 10 да 12 гадзін прыйшоў 21 грамадзянін з правам голасу, з 12 да 14 гадзін – 40 грамадзян. 8 кастрычніка да абеду галасавалі 25 чалавек, у абедзенны час – 35. 9 кастрычніка да 12 гадзін прагаласавалі 17 чалавек, з 12 да 14 гадзін – 38 чалавек.

Усе дні ў мяне складвалася ўражанне, што ў гэтым мікрараёне (праспект Любімава, ля кургана) мала моладзі да 25 гадоў. Сёння вырашыў натаваць асобна пажылых (людзей пенсійнага веку) і маладых. Ведама, глядзеў я не ў дакументы, а на твары. Тым не менш карціна такая: з 55 чалавек, якія галасавалі, на ўчастак прыйшло 8 маладых людзей (у тым ліку 18-гадовыя дзяўчына і хлопец, якія галасавалі першы раз) і 10 яўна пажылых людзей – каля 60 і за 60 год.

Кідалася ў вочы і тое, што сярод “датэрміновых” яўна пераважаюць жанчыны. Я сёння падлічыў, што на ўчастак прышлі 41 жанчына і 14 мужчын.

І сярод жанчын, і сярод мужчын яўна пераважалі людзі непенсійнага веку.

Тое, што жанчын у гэтыя дні было на выбарчых участках у разы больш, чым мужчын, падказвае: працоўныя жанчыны – найбольш залежны ад начальства, працадаўцаў пласт нашага насельніцтва. І найбольш уразлівы. Пэўна, гэтым тлумачыцца і тое, што жанчын у разы больш і ў складзе ўчастковых выбарчых камісій. У складзе тае камісіі, з якою працую я, з 11 чалавек толькі 2 мужчыны.

Жанчынам Беларусі, асабліва працоўным жанчынам, яўна патрэбна вызваленне ад адміністрацыйнага ўціску. Сацыял-дэмакратам, у праграме і статуце якіх упісана барацьба за сацыяльную і грамадзянскую роўнасць жанчын і мужчын, недзяржаўным жаночым арганізацыям ёсць над чым і дзеля чаго працаваць.

Ёсць над чым працаваць сацыял-дэмакратам і недзяржаўным прафсаюзам. Людзі наёмнай працы ў Беларусі па-ранейшаму паднявольныя.

Анатоль Сідарэвіч.
9 кастрычніка.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме