17:15 08.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
НАТАТКІ НАЗІРАЛЬНІКА
Назіральнікам на выбарчых участках карысна весці не толькі падлік тых, хто ўкінуў бюлетэні ў скрынку для галасавання. Цікава назіраць, як мяняецца колькасць і якасць выбаршчыкаў у розныя часавыя адрэзкі.
На тым участку, дзе з 10 да 14 гадзін сяджу я, у першы дзень датэрміновага галасавання прыйшлі 26 выбаршчыкаў, у першай палавіне дня – 11 чалавек, з іх 6 – у прамежку паміж 10-цю гадзінамі 28-мю хвілінамі і 10-цю гадзінамі 59-цю хвілінамі.
Нічога адметнага ў першы дзень не назіралася. Адметнае пачалося ў аўторак. У першай палавіне дня прагаласаваў 61 чалавек. Асаблівы наплыў быў паміж дванаццацю і трынаццацю. У гэты перыяд на ўчастак прыйшло роўна 30 чалавек, або, лічы, палавіна усіх “даабедзенных” выбаршчыкаў. Вось час іх галасавання: 12:00, 12:05, 12:10, 12:13, 12:14, 12:15, 12:16, 12:17, 12:20, 12:21, 12:21 (тут і далей за хвліліну два чалавекі), 12:22, 12:23, 12:25, 12:25, 12:26, 12:27, 12:27, 12:28, 12:29, 12:29, 12:30, 12:31, 12:36, 12:37, 12:37, 12:45, 12:54, 12:55, 12:56.
Ішлі па двое і па трое, рэдка па адной. Усе – жанчыны непенсійнага веку. Выключэннем былі адна старая з унукам ды хлопец гадоў пад дваццаць пяць.
Мусіць, не трэба мець тры пядзі ў ілбе, каб здагадацца, што гэта дружненька ішлі таварышкі па працы. У абедзенны перапынак. Таму ніякай павольнасці. Усё хуценька. Ніводнай усмешкі. Усе з сур’ёзнымі тварамі, усе заклапочаныя.
Не пытаўся, з якой канторы тыя жанчынкі. Мабыць, у аўторак начальства сказала ўсім супрацоўніцам, якія жывуць у гэтым мікрараёне, прыйсці ў сераду на працу з пашпартамі. Яны й прыйшлі.
...Ужо ўвечары пачуў, як дэканы БДУ пытаюцца ў сваіх падначаленых, ці яны прагаласавалі, і настойліва рэкамендуюць ім, каб абавязкова прагаласавалі датэрмінова. А ветэран прафсаюзнага руху Генадзь Фядыніч запэўніваў мяне, што да суботы большасць працоўных будзе загнаная на выбарчыя ўчасткі.
Анатоль Сідарэвіч
8 кастрычніка.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме