09:30 22.01.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

НАСТАЎНІКІ ПАСКАРДЗІЛІСЯ ПРАКУРОРУ

Настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Наталля Ільініч і настаўнік фізкультуры СШ №3 горада Нясвіжа Алесь Язвінскі звярнуліся да абласнога пракурора з лістамі ў абарону сваіх правоў.

Пра скандальны выпадак, калі начальніца Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таіса Данілевіч патрабавала ад шэрагу настаўнікаў выйсці з палітычных партый альбо звольніцца з працы па асабістым жаданні, “Народная Воля” расказала ў мінулым нумары ў артыкуле “Расправа за іншадумства?”. Зрабіць свой выбар настаўнікі павінны былі да 20 студзеня.

Час “Ч”, як кажуць, надышоў. Заяву аб прыпыненні сяброўства ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі напісала настаўніца дэфекталогіі з Любані Надзея Агафонава. Астатнія — настаўніца гісторыі з Пухавіцкага раёна Наталля Ільініч (сябра Партыі БНФ), настаўнік замежнай мовы з Лагойска Мікола Ляшчун (сябра Партыі БНФ), настаўнікі геаграфіі і фізкультуры з Нясвіжа Уладзімір Парэйка (сябра БСДП) і Алесь Язвінскі (сябра КХП-БНФ), а таксама настаўнік фізкультуры з Вілейкі Сяргей Клімёнак (сябра АГП) ніякіх заяў не напісалі. Больш таго, Ільініч і Язвінскі звярнуліся да пракурора Мінскай вобласці з просьбай правесці пракурорскую праверку таго, што адбылося 15 студзеня ў кабінеце начальніка Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, і прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на абарону іх законных правоў.

Алесь Язвінскі, педагагічны стаж якога складае больш за 30 гадоў, да гэтай пары не можа ўцяміць, як увогуле такое магло здарыцца.

— Спачатку падумаў, што, можа, выйшаў нейкі бязглузды заканадаўчы акт — пастанаўленне, дэкрэт, які не дазваляе настаўнікам, як і людзям у пагонах, удзельнічаць у рабоце партый, грамадскіх аб’яднанняў, — кажа Алесь Язвінскі. — Потым даведаўся, што не, нічога такога не было. Проста Данілевіч свавольнічала.

Пазіцыю сваю я не змяню. Мне ўжо не першы раз пагражаюць. Два гады таму ў мяне таксама было падобнае сутыкненне. Тады, праўда, з Данілевіч я асабіста не пазнаёміўся. Мяне затрымала міліцыя ў Гарадзеі з малатыражнай незарэгістраванай газетай “Брама”. Прыехалі дахаты, агляд зрабілі. Я напісаў заяву ў пракуратуру. Газеты мне праз два дні вярнулі і папрасілі прабачэння. Але праз два тыдні “наезд” быў адтуль, адкуль не чакаў. У школу прыйшла праверка з РАНА. Мне сказалі, што Данілевіч тэлефанавала ў школу і сказала, каб завуч праводзіла са мной выхаваўчую працу.

У школе зараз на мяне не ціснуць, прапановы сысці па ўласным жаданні не робяць, бо ведаюць, што звольніць мяне сілаю не атрымаецца. Магчыма, у людзей хапае сумлення не займацца бруднай справай. У гэтай школе я працую 31 год, у свой час сам у ёй вучыўся. Мяне тут усе добра ведаюць...

Удакладненне па просьбе Наталлі Iльініч

Пасля з’яўлення ў мінулым выпуску “Народнай Волі” артыкула “Расправа за іншадумства?” у рэдакцыю патэлефанавала Н.Ільініч і папрасіла зрабіць наступнае ўдакладненне. Трэці сказ у трэцім абзацы трэба чытаць у такім варыянце: “Напрыклад, я размаўляла па-беларуску, а спадарыня Данілевіч па-руску, і пару разоў перакрыўляла мае словы”.

АФІЦЫЙНА

«Забаронаў у Канстытуцыі няма...»

Сваю пазіцыю наконт дадзенага выпадку з настаўнікамі журналісты Радыё Свабода папрасілі выказаць Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.

“Яны дарослыя людзі, і яны самі прымаюць рашэнні. Забаронаў у Канстытуцыі няма. Кожны дарослы чалавек сам робіць выбар”, — заявіў Васілевіч.

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ

    *  *  *

                                            ЧАМУ Б ТАІСЕ ДАНІЛЕВІЧ НЕ ВЫКЛІКАЦЬ «НА ДЫВАН» АЛЯКСАНДРА РАДЗЬКОВА?

Са здзіўленнем і абурэннем прачытаў я ў "Народнай Волі" пра тое, як кіраўніца Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч чыхвосціла настаўніцу гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Наталлю Ільініч і яе калег з іншых месцаў. Адразу падумаў: а чаму яна не выклікала "на дыван" міністра адукацыі спадара Радзькова?

Замест таго каб больш увагі надаваць праблемам тых жа школ, каледжаў, інстытутаў, універсітэтаў і акадэмій, ён, бачыце, займаецца "Белай Руссю". Хоць афіцыйна яна лічыцца грамадскім аб'яднаннем, але на самай справе па сваёй ідэйнасці, структурнасці, дысцыпліне і іншым паказчыкам больш падобна на арганізаваную партыю. Спытаць бы ў таго Радзькова: вам што, міністр, няма чым займацца, што вы ўсклалі на свае плечы яшчэ і абавязкі старшыні ГА "Белая Русь"?

Не, не асмеліцца галоўная начальніца настаўнікаў Мінскай вобласці Таіса Данілевіч паставіць пытанне рубам перад Аляксандрам Радзьковым. У такім выпадку яна не мела ніякага права абражаць шараговых настаўнікаў. І, лічу, правільна дзейнічае Партыя БНФ, патрабуючы неадкладнага звальнення Т.Данілевіч з пасады загадчыцы Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі за дэманстратыўнае парушэнне Канстытуцыі і шэрагу законаў Рэспублікі Беларусь.

Барыс УЛІЦЁНАК, жыхар г.Мінска.

"Народная Воля" () , пятнiца 22 студзеня 2010 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме