17:30 15.02.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
НАФТАВЫ БАЛАНС ДЭМАКРАТЫІ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Палітолагі сцвярджаюць: легітымнасць улады трымаецца на дзвюх асновах -- першынстве закона і падтрымцы ўлады істотнай большасцю насельніцтва. У Беларусі пасля 19 снежня 2010 г. склалася дзіўная сітуацыя. Калі першынство закона (з падзелам галін улады) у краіне было канчаткова адкінута восеньскім рэферэндумам 1996 г., то цяпер і адзіны апошні ўладны цэнтр канчаткова завіс у паветры. Скончылася падтрымка популюсу.
Цэнтрвыбаркам заявіў амаль пра 80% падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Але, як сцвярджаюць незалежныя эксперты па выніках экзіт-полаў і лічбах, атрыманых на некалькіх участках, дзе праводзіўся адкрыты падлік галасоў, за Лукашэнку галасавала каля 40% выбаршчыкаў. Улада, можна сказаць, завісла ў паветры і трымаецца на сілавых структурах ды фігавым лістку дэклараванага прызнання адыёзнымі рэжымамі і нагэтулькі ж адыёзнымі рэлігійнымі “аўтарытэтамі” з-за мяжы. Устойлівасць рэжыму сёння залежыць ад адзінага фактару -- фінансавання, якое ў сілу хісткасці беларускай эканамічнай мадэлі, карумпаванасці і “сямейнасці” сістэмы кіравання, таксама неэфектыўнае, не можа быць забяспечана беларускай дзяржавай самастойна. Пры захаванні эканамічна-бюракратычнага статус-кво рэжым можа ўстаяць… толькі трывала седзячы на знешняй эканамічнай іголцы. Гэта -- транзіт і перапрацоўка нафты на бонусных умовах і знешнія крэдыты. Пасля 19 снежня магчымасць атрымаць крэдыты сусветных устаноў і заходніх дзяржаў зрабілася прывіднай. Засталіся Расія, магчыма, Кітай. І ў гэтым кантэксце найбольш цікавай з’яўляецца нафтавая тэма.
Узгадваецца, як кулуарна, з дыпламатычных крыніц, пачалі прасочвацца звесткі пра сутнасць візіту ў Мінск 2 лістапада 2010 года, за паўтара месяца да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі Радаслава Сікорскага і Гіда Вестэрвелле, а 15 лістапада -- еўракамісара па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфана Фюле. Гаварылася, што еўрабюракраты прывезлі Лукашэнку план: ён можа выйграць выбары, намаляваўшы сабе 70% электаральнай падтрымкі. Умовы выйгрышу: больш вольны выбарчы працэс, адсутнасць гвалту супраць апанентаў. І самае галоўнае: канстытуцыйная рэформа цягам бліжэйшага года-двух. Ператварэнне Беларусі ў парламенцкую рэспубліку. Свабодныя і празрыстыя выбары ў парламент у 2012 годзе. І адпаведная магчымасць для дэкаратыўнага, кшталту нямецкага, беларускага прэзідэнта: застацца ў Беларусі альбо пачэсна з’ехаць з сям’ёй і маёмасцю ў эміграцыю. Альтэрнатыва: фінансавы крызіс у 2012 годзе, калі давядзецца плаціць асноўныя працэнты па ўжо набраных на момант тых перагавораў 25 мільярдах долараў крэдытаў, хаос і -- капітуляцыя рэжыму, толькі хутчэй гвалтоўна-рэвалюцыйная.
Кажуць, Лукашэнка мог пагадзіцца з такім варыянтам. І як быццам ёсць ускосныя пацвярджэнні. Дзеля забеспячэння “еўрапейскай версіі” на экзіт-полах працавала украінская фірма “TNS-Украіна”, якая намалявала Лукашэнку роўненька 70%, што патрабаваліся па дамове з еўрапейцамі.
Можна спрачацца, што за загадкавая фігура ці арганізацыя падбіла яго раптоўна, 19 снежня, змяшаць карты на стале. Ці неўтаймаваная прага ўлады згуляла з Лукашэнкам злы жарт? Так ці інакш, але еўрапейскі план выбудаваць у Беларусі да 2012 года прадказальны палітычны рэжым абрынуўся. Пры гэтым узнікае адно пытанне: дзеля чаго ж ён будаваўся?
Як вядома, Еўропа пакутуе ад знешніх манаполій газавых і нафтавых паставак. Нафтавы бізнес увогуле завязаны на не вельмі прадказальных краінах, якія займаюць у гэтай галіне дамінантнае становішча: Іран, Расія, Венесуэла. Для Еўропы асабліва небяспечная залежнасць па газе і нафце ад пуцінска-мядзведзеўскай Масквы. І вось нарэшце з’явілася святло ў канцы тунэля: неймавернымі намаганнямі сусветная супольнасць выцягнула Ірак у лік умоўна-прававых дзяржаў. Тых, якія дзейнічаюць канвенцыянальна, згодна з пэўнымі ўсталяванымі правіламі як ва ўнутранай, так і ў міжнароднай палітыцы і эканамічным жыцці.
Гэта адкрыла перад Іракам, пазбаўленым пасля “вайны ў заліве” 1990--1991 гг. рашэннямі ААН магчымасці напрасткі гандляваць сваімі натуральнымі рэсурсамі, найперш нафтай (яе пачалі прадаваць праз замежныя фірмы, перадусім амерыканскія, а доля Ірака ў АПЕК адышла Саудаўскай Аравіі), магчымасць аднаўлення краіны. Коштам вяртання на сусветны рынак вуглевадародаў. А перад Еўропай -- магчымасць атрымання сыравіннай альтэрнатывы. Іракскі газ, ужо вырашана, пойдзе ў Еўропу па газаправодзе “Набука”. 19--21 жніўня 2010 года група кампаній, якая займаецца яго будаўніцтвам, па ўзгадненні з Багдадам заключыла кантракт з урадам Іракскага Курдыстана коштам 11 млрд долараў на пракладку труб з паўночнага Ірака да Турцыі. Дзякуючы гэтаму з Ірака ў Еўропу з 2014 года штогод будзе дастаўляцца 20 млрд кубаметраў газу. З еўрапейскага боку экспартны кантракт падпісаны нямецкай кампаніяй RWI.
Што датычыцца нафты, то яе разведаныя запасы ў Іраку на пачатак 2010 года складалі 115 млрд барэляў, саступаючы толькі Саудаўскай Аравіі і Ірану. А прагнозныя запасы нераспрацаваных нафтавых палёў -- ад 100 да 200 млрд барэляў, у чым з Іракам можа паспрачацца толькі Іран.
30 кастрычніка -- 2 мая 2009 года ўрад Ірака правёў у Лондане Міжнародную інвестыцыйную канферэнцыю -- каб прыцягнуць міжнародныя кампаніі і інвестараў да здабычы і экспарту нафты з закінутых свідравін і разведкі новых радовішчаў. І калі ў 2008 годзе аб’ём прамых інвестыцый у эканоміку Ірака склаў 1,2 млрд долараў, то ў Лондане міністр эканомікі Вялікабрытаніі заявіў пра гатоўнасць брытанскага ўрада распачаць праграму інвестыцый у Ірак на 19 млрд долараў. Затым паследаваў Міжнародны тэндэр на ўдзел замежных кампаній у здабычы нафты ў Іраку на шасці буйнейшых нафтавых палях (30 чэрвеня -- 2 ліпеня 2009 г.) з удзелам 130 кампаній, уключаючы буйнейшыя British Petrolium, Royal Dutch Shell, Shevron, Exxon Mobil, Лукойл, CNPC (Кітай), Petronas (Малайзія). Выстаўляліся на продаж старыя закінутыя нафтавыя палі з запасамі 5 млрд барэляў. З улікам наступнага падобнага тэндэру, які адбыўся праз паўгода, Ірак прыцягнуў каля 50 млрд долараў інвестыцый у сферу нафтаздабычы.
У выніку да пачатку 2012 года чакаецца рост штодзённай нафтаздабычы ў Іраку з 2,5 млн (у 2009) до 4,5 млн барэляў. Ці каля 261 млн тон у год замест 140 у 2009 годзе. Гэта прывядзе да зніжэння кошту на нафту, у чым вельмі зацікаўлена Еўропа. Між тым аб’ём нафтавага імпарту з Расіі ў краіны ЕС у 2007 годзе склаў 185 млн тон, ці 32,6% яе агульнага ўвозу.
Цяпер пытанне: а куды пацячэ новая нафта з улікам таго, што ў 2008 годзе з усяго аб’ёму яе экспарту (марка Iraqґs Basrah Light) 37% паступіла з Ірака ў Амерыку, 34% -- у Азію, 29% -- у Еўропу? Прадбачачы прапарцыянальны здабычы рост паставак, вельмі спакуслівым еўрапейскім спажыўцам падаўся маршрут, які нагадвае колішнія планы Балта-Чарнаморскага саюза, прапанаваныя БНФ на пачатку 1990-х. З Ірака -- у Турцыю, затым праз Чорнае мора -- в Украіну, а праз Беларусь -- у краіны Балтыі. Бывай, расійская манаполія! Тут, на мой погляд, і хаваецца тлумачэнне актыўнасці вялікіх чыноў ЕС напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2010 года. Нафта можа плыць толькі праз прадказальныя ў палітычным сэнсе рэгіёны. І нервовы выбрык Расіі, якая, зразумеўшы, што губляе апошнюю крыніцу сваёй эканамічнай забяспечанасці, літаральна напярэдадні галасавання рашуча падтрымала Лукашэнку. Як корак супраць іракскай нафты.
Пра што ішоў гандаль у Маскве, пачынаючы з сустрэчы беларускага прэм’ера Міхаіла Мясніковіча і расійскага Уладзіміра Пуціна 20 студзеня 2011 года аж да пакутлівага заключэння пагаднення пра пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь у 2011 годзе? Пагаднення, якое жорстка матывуе Беларусь закупляць выключна расійскую нафту. Пуцін настойліва сцвярджаў, што аб’ём расійскай датацыі беларускай эканомікі праз пастаўку нафты застанецца не ніжэйшы за ўзровень 2007--2009 гг., а менавіта не менш за 4,124 млрд долараў. Адкуль лічба? Яна вынікае з агульнага аб’ёму паставак расійскай нафты (21,7 млрд тон у год) і таго, што аб’ём экспартных пошлін на нафту для Беларусі абнуляецца (ён склаў бы 7,6 млрд долараў), замяняючыся збіраннем экспартнай пошліны на нафтапрадукты, якая па расійскім заканадаўстве значна ніжэй і складае для такога аб’ёму 2,4 млрд долараў. Праўда, у выніку ціску Масквы да таго за кожную тону нафты беларусы заплацяць расіянам “прэмію” ў памеры каля 46 долараў: экспарт тоны нафтапрадуктаў за вылікам працэсінгу (30 долараў на тону) і транспартных выдаткаў прыкладна на 90 долараў выгадней, чым экспарт сырой нафты. Вось і атрымліваецца: 7,6 – 2,4 – 1,0 = 4,2 мільярда. Але, каб іх зарабіць, Беларусі неабходна атрымаць і перапрацаваць увесь аб’ём абумоўленых паставак. Бо формула выліку прэміі расіянам за тону нафты прадугледжвае яе рост у выпадку зніжэння фактычнага імпарту нафты з РФ у параўнанні з дамоўленым балансавым.
Трымаючы беларускі рэжым на нафтавым ланцужку, Расія адначасова перакрывае Беларусі магчымасці дыверсіфікацыі імпарту вуглевадародаў. Але, каб атрымаць датацыі ў 2011 годзе, Беларусі неабходна вырабленыя нафтапрадукты прадаць. Тут і пачыналіся спадзяванні прыхільнікаў жорсткіх эканамічных санкцый супраць рэжыму, якія, ведаючы, што спажыванне Еўропай беларускіх нафтапрадуктаў складае нешта каля 1% ад агульнага, былі перакананыя ў іх прымяненні. Пасяджэнне міністраў замежных спраў краін ЕС 31 студзеня прадэманстравала іншую рэальнасць. Найперш негатоўнасць большасці краін Еўрасаюза пайсці на гэтакі крок.
***
Галоўны ўрок таго, што адбылося, відавочны. Трэба ясна разумець, што далейшы лёс Беларусі залежыць не ад ЕС, Еўрапарламента і іншых еўрапейскіх структур, як не залежыць ён і ад Расіі. Усё вызначае толькі беларускі народ, яго рэакцыя, гатоўнасць і здольнасць адстойваць свае інтарэсы. Гэта цудоўна паказалі падзеі ў Тунісе, гэтае ж пытанне зараз вырашаецца ў Егіпце.
Беларускі ўладны клан сёння слабы, як ніколі. Яго легітымнасць скончылася. Ён трымаецца на сілавых структурах, якія служаць яму, пакуль яны добра аплачваюцца. А сродкаў у рэжыму вобмаль. Адпаведна адказам грамадзянскай супольнасці можа быць максімальная скансалідаванасць, максімальная скаардынаванасць і рашучасць дзеянняў.
Дзейнічаць ці аморфна чакаць еўрапейскай дапамогі? Дзейнічаць. Дапамога наўрад ці прыйдзе сама, бо заўсёды з’яўляецца адлюстраваннем гатоўнасці самога народа Беларусі выбіраць сваю будучыню. Эканамічныя санкцыі, якія, безумоўна, звалілі б Лукашэнку, магчымы, як дэкларавала прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан, пры ўмове далейшага нарастання пазазаконнага гвалту з боку рэжыму на адрас грамадзян альбо пры адсутнасці паляпшэння сітуацыі. Альбо грамадства Беларусі не спіць -- альбо… рэжым паціху спаўзае ў балота стагнацыйнага самавыжывання, і мы зведаем усе радасці “нэабрэжнеўскага” застою. Усё звязана.
А з пастаўкай іракскай нафты праз Беларусь лукашэнкаўскі рэжым мог бы зрабіцца ці не вечным. Але на ўмовах Еўропы гэта быў бы ўжо зусім не лукашэнкаўскі рэжым, а прававы парадак дэмакратычнай дзяржавы.
Аляксей ХАДЫКА
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |