11:46 19.10.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
НАД МАГІЛАЙ АЛЯКСАНДРА БУРБІСА
20 кастрычніка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння выдатнага дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху і беларускае культуры Аляксандра (Алеся) Бурбіса.
Тут друкуецца не нарыс жыцця і творчасці гэтага таленавітага чалавека, сузаснавальніка Беларускае Сацыялістычнае Грамады, арганізатара рэвалюцыйнага змагання ў 1905–1906, вязня Лукішак, арганізатара беларускага хору і беларускае драматычнае дружыны ў Вільні, заснавальніка эканамічнае геаграфіі Беларусі, аднаго з першых гісторыкаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і беларускага тэатру (ягоныя ўспаміны «Колькі слоў аб беларускім тэатры і хоры» друкуюцца сёлета ў пятай кніжцы «Дзеяслова»), консула БНР у Маскве, намесніка народнага камісара замежных справаў БССР. Кожны, хто хоча даведацца пра Аляксандра Бурбіса болей, можа разгарнуць другі том Энцыклапедыі гісторыі Беларусі і прачытаць грунтоўны артыкул Міхася Біча. Тут жа друкуецца прамова, якую яшчэ адзін рэвалюцыянер і змагар за Беларусь, Язэп Лёсік, сказаў над свежавыкапанаю магілаю Аляксандра Бурбіса 22 сакавіка 1922 на Старажоўскіх могілках у Менску (такую афіцыйную назву мела ў той час сталіца Савецкае Беларусі).
«Стары» сацыяліст, асуджаны царскім судом на вечнае пасяленне ў Сібіры, Язэп Лёсік прамаўляў над магілаю свайго таварыша і аднадумца. Так, Алесь Бурбіс, як і іншыя беларускія сацыялісты, уступіў у бальшавіцкую партыю. Але ён быў з плеяды тых патрыётаў Беларусі, якіх назвалі нацыянал-камуністамі (Зміцер Жылуновіч, Усевалад Ігнатоўскі, Аляксандр Чарвякоў і дзясяткі іншых больш ці менш знакамітых дзеячоў). У адрозненне ад бальшавікоў, беларускім нацыянал-камуністам імпанавала не тое, што пісалі маладыя Маркс і Энгельс у Камуністычным маніфесце, да якога і самі суаўтары ў 1872 ставіліся ўжо як да гістарычнага дакумента, маючы так і не ажыццёўлены намер напісаць уводзіны да яго. Беларускім нацыянал-камуністам, як і сацыял-дэмакратам, імпанавала тое, што пісаў «позні» Энгельс, а менавіта — што без нацыянальнага вызвалення не можа быць вызвалення сацыяльнага, што інтэрнацыяналізм, пра які так шмат казалі маскоўскія бальшавікі, магчымы толькі паміж самастойнымі, г. зн. раўнапраўнымі народамі. Прамаўляючы над магілаю нацыянал-камуніста Аляксандра Бурбіса сацыял-дэмакрат Язэп Лёсік адмыслова акцэнтаваў увагу на гэтым.
На маю думку, жалобная прамова Язэпа Лёсіка з’яўляецца выдатным творам беларускай аратарскай прозы. 24 сакавіка 1922 яе надрукавала «Савецкая Беларусь», значную частку прамовы ўключыў у свой некралог Мікола Байкоў. У «Скарынічы» (1997) яе ўзнавіў Расціслаў Платонаў. Алесь Жынкін змясціў прамову ў Зборы твораў Язэпа Лёсіка (2003). Што праўда, падчас падрыхтоўкі тэксту прамовы да друку Алесь Жынкін карыстаўся адзіным і да таго ж сапсаваным асобнікам «Савецкай Беларусі». На жаль, ён не ўлічыў вялікую цытату з прамовы ў некралогу Міколы Байкова. Думаецца, гэтая публікацыя можа лічыцца найбольш поўнаю.
Мяркую, што чытачы ацэняць вартасці прамовы Язэпа Лёсіка. Яе грэх друкаваць сучасным дзяржаўным правапісам, нагэтулькі яна беларуская. Асабліва ж хачу акцэнтаваць увагу на наступным. Выклікаючы ў памяці слухачоў вобраз прарока Майсея, нагадваючы гісторыю Выхаду народу Ізраілевага з Егіпту, Язэп Лёсік звяртаецца да ўжо нежывога Аляксандра Бурбіса і кажа: «Спі ж спакойна, беларускі прароча! Ты не дайшоў яшчэ да Абяцанае Зямлі, ня дойдзе яшчэ і шмат хто з нас, бо ўсе мы ў няволі радзіліся і мусім памерці, як тое жыдоўства, што вадзіў Майсей па пустыні».
Гэта было няйначай як прадбачанне і лёсу таварышаў, якія складуць свае галовы ў 1930-х гадох, і свайго асабістага лёсу.
Анатоль Сідарэвіч, падрыхтоўка да друку і заўвагі
Язэп ЛЁСІК
ПРАМОВА
Таварышы і грамадзяне! Я прыйшоў сюды, каб ад імя Інстытуту беларускай культуры прынесьці апошняе ўшанаваньне і перадаць апошняе прашчай найлепшаму сыну Беларусі, добраму грамадзяніну і дарагому нашаму таварышу Аляксандру Бурбісу. Як чорная хмара, зьвісла над Беларусьсю пахавальная жалоба. Адзін за другім зыходзяць у магілы найлепшыя людзі нашай многапакутнай старонкі, нашы нацыянальныя прарокі.
Рэвалюцыя, вялікая расейская рэвалюцыя, што разьбіла страшны расейскі вастрог народаў ды насьцеж расчыніла дзьверы на волю, на шырокія прасторы нацыянальнага і сацыяльнага перабудаваньня, — гэтая рэвалюцыя разам з радасьцю вызваленьня прынесла нам, беларусінам, найцяжэйшы ўдар. Ніводзін народ на тэрыторыі быўшай Расейскай імпэрыі не дазнаў такіх цяжкіх страт у людзях — правадырох, як нашая старонка Белая Русь. У самым пачатку рэвалюцыі зышоў у сырую зямельку наш слаўны паэта, пясьняр хараства, вялікі замілавальнік свае няшчаснае Айчыны Максім Багдановіч. Памёр ад сухот, 23-летнім юнаком [1] з мальбою ў вуснах: «Маці родная, маці краіна! Ты прабач, ты прымі свайго сына, за цябе яму ўмерці дазволь!» [2].
Роўна цераз год пайшоў за ім у халодную магілу таксама ад сухот другі наш паэта, беларускі лірнік Каганец. А яшчэ цераз год за імі ўсьлед пайшоў у маладым 37-летнім веку [3] рэвалюцыянэр, піянэр беларускага адраджэньня, публіцыст і вучоны Іван Луцкевіч, памёршы гэтаксама ад сухот. А пазалетась увосень дзесь у далёкай Галіцыі пахавалі яшчэ аднаго нашага рэвалюцыянэра і слаўнага паэта, перажыўшага ў Сібіры вечнае пасяленьне да рэвалюцыі, Алеся Гаруна. У Галіцыі ён лячыўся ад сухот і памёр, пайшоў, як сьвечка, да неба і панёс з сабою свае «думкі-дыямэнты» [4]. А вось сёлета, яшчэ на прошлым тыдні, загранічныя газэты прынесьлі новую жалобную вестку — а сьмерці найстарэйшага адраджэнца і пісьменьніка Ядвігіна Ш., Антона Лявіцкага, і гэтаксама ад сухот. А сёньня мы зышліся сюды, каб пахаваць у сырую зямельку новую ахвяру сухот — рэвалюцыянэра і слаўнага беларуса-адраджэнца Аляксандра Бурбіса.
Як чорная хмара, зьвісла над Беларусьсю пахавальная жалоба.
Што ж гэта за фатальная доля такая, што ўсіх іх скасіла сьмерць сухотамі? Дзе прычына таго, што беларускі паэт і пісьменьнік, беларускі вучоны, беларускі грамадзянскі дзеяч, беларускі рэвалюцыянэр умірае ад сухот — ад хворасьці, што разьвіваецца толькі ў падвойна цяжкіх, у падвойна ненармальных умовах жыцьця?
А прычына тут тая, што яны былі ня толькі паэтамі і пісьменьнікамі, ня толькі вучонымі грамадзянскімі дзеячамі, ня толькі рэвалюцыянэрамі-сацыялістамі і камуністамі, а былі яны яшчэ і беларусінамі. Яны нясьлі на плячох сваіх падвойны цяжар, падвойны крыж, і гэтым другім крыжам на рамю іх была беларуская справа, нацыянальнае адраджэньне. У дарэвалюцыйныя часы, у часы царызму быць беларусам — гэта значыла наразіць сябе на ўсе няшчасьці сьвету гэтага. Арэштам, астрогам, кайданамі, Сібір’ю і катаргай караў беларуса царызм, а пасьмешкі, зьдзек, зьневажэньне і гвалт сустракаў беларусін з боку ўсяго грамадзянства, пачынаючы ад пана-буржуя і канчаючы хамам-пралетарам.
Беларусін у дарэвалюцыйныя часы — гэта шаленец, вар’ят, камэдыянт, апошні чалавек, з каторым ганьбавалі вітацца знаёмыя, а свае родныя выракаліся і пракліналі як адшчапенца і вырадка. Гэтага цяжару, гэтай пякельнай мукі ня мог вытрымаць ніякі, нават зялезны чалавечы арганізм. А цяпер? Хіба не абліваецца крывёю сэрца беларусіна, пазіраючы на тое, як яго маці-краіна разрэзана на часьці, як жывое чалавечае цела? Хіба гэта не пякельная мука, хіба гэта не агонь, з полымем каторага ня можа супярэчыць ніякае чалавечае жыцьцё?..
Вось гэтага падвойнага цяжару, гэтай мукі ня мог вытрываць і нябожчык А. Бурбіс, — захварэў ён на сухоты ды памёр. Ня выдзержалі сілы яго таго непамернага цяжару, каторы ўзлажыў ён на рамя сваё і нёс аж да сьмерці з самага пачатку [1]900-х год. Нябожчык выйшаў на нацыянальна-рэвалюцыйную працу даўно, яшчэ маладзенькім хлапчуком, працаваў 22 гады і сапачываў хіба толькі тагды, калі царскі ўрад садзіў яго ў вастрог. Нябожчык быў першым сьвядомым беларусінам-сацыялістам; ён першы выступаў на мітынгах, на сходах з рэвалюцыйнымі прамовамі па-беларуску. У тыя дарэвалюцыйныя часы публічнае выступленьне па-беларуску было так неспадзявана, як гром у ясную пагоду. А што важней за ўсё, дык гэта тое, што нябожчык быў у першым ліку тых, хто ў 1902 г. прагаласіў лёзунг незалежнасьці Беларусі, хто безь дзяржаўнай незалежнасьці ня бачыў сацыяльнага вызваленьня працоўных мас. Нябожчык Бурбіс быў першым закладчыкам першай рэвалюцыйна-нацыянальнай беларускай партыі «Бел. Сац. Грамады».
Апошнім часам ён стаў камуністам, але ні на момант не забываў, што не «ядзіным хлебам жыў бывае чалавек», што ў царства сацыялізму ўвойдуць не пралетары краёў, а пралетары народаў, што сацыялістычны інтэрнацыянал гэта ня сума людзей без нацыянальнага твару, а грамада нацыянальна сьвядомых народаў. Коратка кажучы, нябожчык разумеў, што без нацыянальнага вызваленьня ня можа быць і сацыяльнага вызваленьня. А нацыянальнае вызваленьне ён мысьліў як поўную непадзельную дзяржаўную незалежнасьць для свайго беларускага народу. Але не дажыў да гэтага шчасьця. Ён пакінуў свой народ, сваю Маці-Беларусь яшчэ ў муках вызваленьня, падзеленую на часьці. Адну ён меў нагароду за сваю цяжкую працу беларусіна-рэвалюцыянэра. Перад сьмерцю ён ужо мог узайсьці на тую высокую гору, адкуль, як і Майсей, азіраў Абяцаную Землю Беларускага Народу. Ён ужо бачыў тыя шырокія сьветлыя прасторы, пад якімі запануе многапакутны беларускі народ, дзе ён будзе гэтаксама працаваць, жыць і бароцца за новае і яшчэ лепшае жыцьцё, але барацьба яго асалодзіцца невымоўнаю радасьцю свае ўласнай нацыянальнай творчасьці, каторай не адчуваюць і не разумеюць усе нацыянальна сытыя народы [5] .
Спі ж спакойна, беларускі прароча! Ты не дайшоў яшчэ да Абяцанае Зямлі, ня дойдзе яшчэ і шмат хто з нас, бо ўсе мы ў няволі радзіліся і мусім памерці, як тое жыдоўства, што вадзіў Майсей па пустыні.
Спачывай, найлепшы сыне Беларусі! Імя тваё не забудзецца ніколі! Чырвонымі, агнёвымі літарамі будзе ўпісана яно ў гісторыі нацыянальнага адраджэньня і рэвалюцыйнага руху Беларусі!
Тут, у роднай зямельцы, у жоўтым пясочку, тут, быць можа, у брудзе знойдуць твае слабыя грудзі сабе пакой! А ты, родная зямелька… Ня будзеш цяжкая ты сыну свайму, зямля!
***
[1] М. Багдановіч жыў 25 гадоў.
[2] У Поўным зборы твораў М. Багдановіча: «Маці родная, Маці-Краіна! (…) Ты прабач. Ты прымі свайго сына, за Цябе яму ўмерці дазволь!».
[3] І. Луцкевіч пражыў 38 гадоў.
[4] Непасрэднаю прычынаю смерці А. Гаруна (28.07.1920) была крываўка. Пахаваны ён у Кракаве.
[5] Нацыянальна сытыя (насычаныя) народы (national gesдttigten Vцlker) — тэрмін, які сустракаецца ў працы Ота Баўэра «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (напр., у § 20).
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |