11:17 16.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
НА ЎСХОДЗЕ І ЗАХАДЗЕ ТУПІК (Надзённыя нататкі Анатоля Сідарэвіча)
Апошнія падзеі яшчэ раз паказваюць бесперспектыўнасць палітыкі афіцыйнага Менску. Вынікам гэтае палітыкі стала тое, што сёння Беларусь пасвараная з Польшчай, Расіяй і Злучанымі Штатамі. Не адбылося істотнага пацяплення адносінаў з Еўропай. Праўдападобна, наспявае канфлікт з Літвой.
ЗА МОРАМ ЦЯЛУШКА ПАЛУШКА
“Нафтавая вайна” з Расіяй скончылася тым, чым і павінна была скончыцца: афіцыйнаму Менску давялося прыняць умовы Масквы. Масква, мажліва, і зрабіла б якую саступку Беларусі, але тое, што нагаварыў цягам гэтае вайны першы чыноўнік Беларусі, пазбавіла віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашку мажлівасці таргавацца.
Паездка да “сябра Уго” дзеля чатырох мільёнаў тон нафты нічога, акрамя іроніі і кпінаў, не магла спарадзіць. Цікава, на што можа спадзявацца Менск у Венесуэле, калі афіцыйны Каракас, пасвараны і са Злучанымі Штатамі, і з некаторымі суседзямі, залежыць ад паставак расійскай зброі?
Панове і таварышы, адукуйце мяне, калі ласка, чаму афіцыйнаму Менску нельга дамовіцца аб закупках нафты з краінамі Блізкага Ўсходу ці з Нарвегіяй? Нафта там даражэйшая? Дык і венесуэльская абыдзецца ў капеечку. Здзелка на 4 мільёны тон нафты прымушае згадаць прымаўку: за морам цялушка палушка, ды руб перавоз.
Уся палітыка афіцыйнага Менску была накіравана на тое, каб урваць у Расеі энерганосьбіты і сыравіну калі не на дарэмшчыну, дык па дзяшоўцы. Відавочна, што час дарэмшчыны і дзяшоўкі заканчваецца. І афіцыйнаму Менску трэба прызнаць, што ён выбраў памылковую стратэгію ў выбудоўванні беларуска-расійскіх адносінаў.
Нежаданне афіцыйнага Менску прызнаць нерацыянальнасць сваёй усходняй палітыкі і няздольнасць ажыццявіць “перазагрузку” беларуска-расійскіх адносін на рынкавых асновах ужо сёння дорага каштуе нашаму народу.
Вядома, перазагрузка беларуска-расійскіх адносін на рынкавых асновах – пакутліва і балюча, але гэта самы перспектыўны шлях.
КАНЕЦ СТАТУСУ ТРАНЗІТНАЙ КРАІНЫ
Не ведаю, хто дае першаму чыноўніку Беларусі парады, як выбудоўваць беларуска-польскія адносіны. Не паверу, што міністр Сяргей Мартынаў.
Якія знешпалітычныя дывідэнды атрымала Беларусь ад скандалу вакол Польскага дома ў Івянцы? Дывідэндаў ніякіх, але затое клопаты набыла.
Тым часам пачалося будаўніцтва “Паўночнага патоку”. Гэта азначае, што хутка немцы ды іх суседзі не будуць трывожыцца, калі паміж Беларуссю і Расіяй разгарыцца чарговая газавая вайна. Пагатоў не будзе перажываць Польшча. Як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, у Польшчы адкрытыя радовішчы сланцавага газу (каля 1,3 трыльёна кубаметраў). У наступным месяцы амерыканскія фірмы пачнуць іх асваенне. А тут геолагі абяцаюць даказаць, што ў нетрах Польшчы маецца, апроч таго, каля 1,5 трыльёна кубаметраў прыроднага газу.
Такім чынам, Польшча хутка зможа не толькі забяспечваць уласныя патрэбы ў газе, але і стаць экспарцёрам паліва.
Калі б знешнепалітычным дарадцам галоўнага чыноўніка Беларусі быў міністр Сяргей Мартынаў, ён параіў бы гаспадару Чырвонага дома пачаць перазагрузку беларуска-польскіх дачыненняў. Польскі, як, дарэчы, і ўкраінскі, газ вельмі спатрэбіцца Беларусі ў перазагрузцы адносін з Расіяй.
Тым часам расійскія вярхі ўжо пачалі нармалізаваць адносіны з Польшчаю. Гэта і ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскага тэрору ў Катыні з удзелам прэм’ер-міністраў абедзвюх краін, і тое, як паставілася афіцыйная Масква да трагедыі 10 красавіка.
ЛІТОЎСКІ І АМЕРЫКАНСКІ ЧЫННІКІ
Падобна на тое, што плану беларускіх “вярхоў” гарантаваць энергетычную бяспеку Беларусі праз будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне не наканавана збыцца.
Не для таго Літва спыніла Ігналінскую АЭС, каб цярпець пад сваім бокам Астравецкую (назавем яе ўмоўна гэтак). Супраць будаўніцтва АЭС на паўночным захадзе Беларусі выказваецца ўсё шырэйшае кола літоўскай грамадскасці і не ў апошні чарод навуковай. Урад Літоўскай Рэспублікі, левы ён ці правы, вымушаны будзе прыслухацца да гэтага голасу.
Падобна на тое, што афіцыйны Менск чакаюць не толькі пагаршэнне адносінаў з Вільняю, але і новыя праблемы на агульнаеўрапейскай арэне.
Тым часам у Вашынгтоне адбыўся саміт у пытаннях ядзернай бяспекі. Менскую “вярхушку” ў сталіцу ЗША не запрасілі. Спадзяванні насельнікаў Чырвонага дома, што ўрад прэзідэнта Барака Абамы памяняе беларускую палітыку Вашынгтона, не спраўдзіліся. Не дапамагло й абяцанне галоўнага чыноўніка дараваць Амерыцы ўсе ранейшыя “крыўды” (быццам гэта ЗША “папрасілі” з Менску сваю амбасадарку).
На саміце ЗША, Расія ды іншыя дзяржавы дамовіліся, што атамныя электрастанцыі не будуць працаваць на высокаабагачаным уране. Такім чынам, ніхто ў Менску ўжо не будзе спадзявацца пагуляць у атамныя гульні. Але падобна, што літоўцаў і гэта не заспакоіць. Іх заспакоіць толькі адсутнасць беларускай АЭС паблізу тэрыторыі Літвы.
***
Пытанне цяпер стаіць так: або змена ўнутры- і знешнепалітычнага курсу краіны, або стагнацыя і калапс.
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме