20:45 30.03.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ніна СТУЖЫНСКАЯ: «Я стала відушчай услед за творцамі рэвалюцыі»
Як раскупляюцца гістарычныя кніжкі ў крамах? Чаму ў беларускай гісторыі не знайшлося месца арыстакратам? Навошта нам патрэбны пантэон герояў і каго туды варта ўключаць? Ці трэба ствараць альтэрнатыўны інстытут гісторыі? Пра гэта наша размова з кандыдатам гістарычных навук Нінай Стужынскай.
Iдэалагічны вінегрэт
— Ніна Іванаўна, сёння многія абмяркоўваюць тэму стварэння Беларускага пантэона. Як вам здаецца, наколькі яна актуальная? Можа, людзям зараз зусім не да гісторыі — ад эканамічных і фінансавых клопатаў галава кругам... І ўвогуле, для чаго патрэбны пантэон герояў?
— У цяжкія часы ўнутраных і знешніх пагроз людзям уласціва звяртацца да досведу папярэднікаў. Прывяду, можа быць, не лепшы прыклад, затое пераканаўчы. Сталін, які шмат зрабіў, каб знішчыць дарэвалюцыйную гісторыю, калі прыпякло, у цяжкія моманты Другой сусветнай вайны, апеляваў да Нацыянальнага пантэона Расіі і прагматычна выкарыстоўваў аўтарытэт і папулярнасць герояў мінулага ў сваіх палітычных мэтах. Як сведчыць гісторыя, пад сонцам мала што адбываецца ўпершыню. Многія варыянты жыццёвых калізій людзі ўжо пражывалі. А калі так, то гісторыя для таго і ёсць, каб не наступаць на вечныя граблі. Таму цывілізаваныя народы вельмі беражліва да яе ставяцца.
Героі, людзі-камертоны проста неабходны для ўспрымання і ўсведамлення сённяшніх рэалій. Культываваны вобраз героя сведчыць аб вектары развіцця і ідэалагічных устаноўках, якія заселі ў нашых галовах. Не лічу перабольшаннем сказанае: гістарычныя веды з’яўляюцца асноўным зместам самасвядомасці, сінонімам грамадзянскага “я”. Наша гісторыя — гэта мы і ёсць. Вельмі карысная праца — паглядзець у гістарычнае люстэрка і адказаць на пытанне, ці падабаемся мы сабе.
— “Нашы дзеці павінны выхоўвацца на прыкладзе тых герояў, якія змагаліся за незалежнасць Украіны, а не за яе разрабаванне”, — так некалькі гадоў таму заявіла Юлія Цімашэнка. Яна прапанавала патрыётам Украіны аб’яднацца вакол нацыянальных святынь і нацыянальнага адраджэння. Але некаторыя дзеячы крытыкавалі Цімашэнка за тое, што Бандэра, маўляў, не той герой, славу якога трэба ўвекавечваць. Ці не будзе і ў Беларусі так, што адны гісторыкі прапануюць увекавечыць адных герояў, іншыя — іншых, і ў выніку наогул нічога не атрымаецца?
— Вялікая рызыка звяртацца да досведу спадарыні Цімашэнка па абнаўленні грамадзянскай свядомасці ўкраінцаў. Вядома, дзе яна цяпер знаходзіцца. Аднак не за дзеянні Бандэры, трэба думаць, яна шые рабочыя рукавіцы. Наогул, гэта справа ўкраінцаў — займацца сартаваннем сваіх герояў і вызначаць, каму аддаць перавагу — незаплямленым дзеячам культуры ці палітыкам, рэпутацыя якіх заўсёды небездакорная і сумніўная. І тых, і іншых украінцам, які і беларусам, доўга давядзецца адскрабаць ад ідэалагічнай савецкай абалонкі. “Дрэнныя хлопцы” (у нашай гісторыі іх таксама хапае), як Бандэра, таму і дрэнныя, што супрацоўнічалі ў свой час не з НКУС, а, моцна матываваныя нелюбоўю да Масквы, аддалі перавагу іншым саюзнікам.
Спрэчкі і гарачыя дыскусіі вакол гістарычнай спадчыны — гэта нармальна і значна лепш, чым абыякавасць. Галоўнае ў дыскусіі — вызначыцца з крытэрыямі адбору. Я згодна з прафесарам Захарам Шыбекам, які ў сваім артыкуле ў “Народнай Волі” заўважыў: уклад у эканамічны і культурны прагрэс Беларусі, у кансалідацыю беларускага грамадства і ёсць галоўны крытэрый выбару героя. Мне падабаецца таксама падыход, прапанаваны Барысам Акуніным. Вядомы пісьменнік лічыць, што калі персона, заўважаная ў гісторыі, спрыяла прымнажэнню пачуцця Вартасці народа, то яна заслугоўвае ўдзячнай памяці.
Эксперты, вядома, могуць прапанаваць зацікаўленай супольнасці прыкладны спіс. Але каго палюбіць і з каго браць прыклад — справа кожнага, хто думае не толькі аб “чарцы, скварцы, каўбасе”. Я перакананая, што сваім дзецям у якасці прыкладаў для пераймання ніхто не будзе прапаноўваць тэрарыстаў, арганізатараў генацыду, забойцаў, рэвалюцыянераў. Толькі на першы погляд здаецца, што беларусы ментальна трывала затрымаліся ў савецкім мінулым. На самай справе за гады незалежнасці грамадзяне ў сваёй гісторыі знайшлі масу пераканаўчых доказаў на карысць еўрапейскага цывілізацыйнага выбару.
Замшэлыя ідалы савецкага мінулага нікога сёння не натхняюць. Ну, калі толькі з гумарам або, наадварот, з абурэннем за відавочную абразу рэлігійных пачуццяў можна ўспрымаць героем Беларусі царазабойцу Пятра Войкава, імя якога да гэтага часу красуецца на гарадскіх таблічках з назвай вуліцы. Вядома, што суседняя краіна, якая навязала нам такіх герояў, сама адмовілася ад іх і аддала анафеме. А ў нас яны жывей за ўсіх жывых. Цікава было б ацаніць іх гераічнае мінулае з пункту гледжання асноў сённяшняй Канстытуцыі!
Наша тапаніміка ўяўляе вялікі ідэалагічны вінегрэт, у якім асобы, дзеянні якіх цяпер ацэньваюцца як антыканстытуцыйныя, амаль што галоўны інгрэдыент. Я, напрыклад, маю рэгістрацыю (прапіску) на вуліцы імя паплечніка і саўдзельніка вышэйзгаданага Войкава — Якава Свярдлова. Чым сталей раблюся, тым часцей хаджу ў храм і вастрэй адчуваю абурэнне ад такой гістарычнай несправядлівасці! Бачу самую прамую сувязь паміж лёсавызначальнымі выпрабаваннямі, на якія сёння не скупіцца жыццё, і тымі негатыўнымі знакамі, якія засмецілі нашу жыццёвую прастору.
Мужык- беларус: у лапцях і з каўтуном
— Не так даўно рэзананс выклікала выказванне доктара філасофскіх навук, прафесара, намесніка дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Льва Крыштаповіча. Ён заявіў: “Пад нацыянальнымі традыцыямі пачынаюць прапагандавацца і развівацца такія традыцыі, якія, я лічу, нічога агульнага не маюць з ментальнасцю нашага беларускага народа: калі ў нашу беларускую культуру цягнуць Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх як прадстаўнікоў менавіта беларускіх шляхецкіх родаў”.
— Сцвярджэнні паважанага прафесара не новыя, у традыцыях класавага падыходу і самапрыніжальнай тутэйшасці выключаць дваранскія і буржуазныя саслоўі з беларускай гістарычнай перспектывы. Наша напісаная гісторыя таму і бедная, аднабокая, што ў ёй не знайшлося месца князям, арыстакратам, купцам. На шчасце, зараз ганарацца не толькі рабоча-сялянскім паходжаннем. Шляхта, шматлікае і слаўнае саслоўе на нашых землях, у тым ліку і беларуская, праваслаўная, унесла сваю велізарную лепту ў фарміраванне нацыянальных традыцый. Было б жаданне гэта ўбачыць.
У савецкай версіі гістарыяграфіі існавала традыцыя “мужыка-беларуса” з абавязковым каўтуном і ў лапцях. Пакорны, цярплівы, працавіты і безыніцыятыўны — такі пераважны вобраз беларуса, сканструяваны ідэолагамі розных масцей. Замацаваць тэндэнцыю да прыніжанай сама-
ацэнкі, якая з’яўляецца найцяжэйшай перашкодай на шляху да афармлення нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі, — галоўная мэта падобнай “традыцыі”. У звязку з ёй выяўляюцца і зусім ужо небясшкодныя міфы пра “настаўнікаў” і “старэйшых братоў”, без якіх беларусы не пражывуць. Аднак сёння для грамадзяніна Беларусі ёсць выбар, каго лічыць сваім папярэднікам, чые дзеянні браць за ўзор для пераймання і які кавалачак гістарычнага палатна выбраць для розуму і сэрца.
Гісторыю вайны замяніць на гісторыю поспеху?
— На ваш погляд, ці трэба ствараць у Беларусі альтэрнатыўны інстытут гісторыі?
— Такая інстытуцыя, нефармальная, на мой погляд, ёсць. За рамкамі афіцыйнай гістарычнай навукі па розных прычынах апынуўся не адзін дзясятак добрых прафесіяналаў. Яны паспяхова працуюць, вырабляюць цікавы запатрабаваны інтэлектуальны прадукт. Адсутнасць кантролю, неабходнасці абслугоўваць нечыя інтарэсы спрыяюць творчаму поспеху. Ідэя добрая — стварыць народны інстытут гісторыі. Кадры, ва ўсякім разе, для яго ёсць.
— Калі не памыляюся, у нас была створана нейкая арганізацыя гісторыкаў...
— Калі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук былі выгнаны вядомыя гісторыкі, тады і з’явілася ідэя стварэння “Асацыяцыі вольных гісторыкаў”. Да афіцыйнай рэгістрацыі справа не дайшла, але група аднадумцаў засталася. Мы працуем разам, хоць і не пазіцыяніруем сябе як асобную грамадскую арганізацыю. Наша гістарычнае братэрства ажыццявіла цэлы шэраг цікавых і карысных грамадству праектаў, у прыватнасці, адзін з апошніх — “Гісторыя, якой няма ў падручніках”, а таксама кампанію па папулярызацыі Нацыянальнага пантэона герояў Беларусі, якую толькі пачалі.
— Гісторыю пачынаюць вывучаць у школах. Якія цяжкасці, на ваш погляд, сёння адчуваюць педагогі, што выкладаюць гісторыю Беларусі?
— У кожнага педагога, думаю, яны розныя. Цяжэй за ўсё настаўнікам з грамадзянскай пазіцыяй, нацыянальнай арыентацыяй. Зыбкая нацыянальная самасвядомасць большасці насельніцтва, нелагічныя ўяўленні аб патрыятызме, што адбілася на змесце падручнікаў, нарэшце, экскурсіі на “Лінію Сталіна” ладна падрываюць маральнае, псіхалагічнае і прафесійнае здароўе. Ва ўмовах дэфіцыту герояў, якія дэманстравалі б падрастаючаму пакаленню мадэль паводзін абаронцы інтарэсаў радзімы, грамадзянскіх правоў і свабод, калегам складана пераадолець непрыманне гісторыі. Да таго ж на старонках падручніка гістарычная рэканструкцыя пазбаўлена разнастайнасці і пазітыву, палітычны ваенны пафас заглушае праўду жыцця. Вельмі шмат вайны, гэта значыць той гісторыі, якая аднаўляе вопыт траўм і гора. Цяперашнім маладым прагматыкам патрэбна гісторыя стварэння, паспяховага прадпрымальніцтва і гаспадарання, дасягненняў эканомікі.
Не мяняюцца толькі дурні
— У інтэрнэце знайшла спасылку на публікацыю доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Пятра Петрыкава, які пісаў: “Гісторык Ніна Стужынская ў свой час абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Савецкая гістарыяграфія Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў Беларусі”. Цяпер яна стала відушчай і сцвярджае: “Кастрычнiцкая рэвалюцыя... не была нi вялiкай, нi сацыялiстычнай, нi рэвалюцыяй”.
— Я стала відушчай услед за творцамі рэвалюцыі. Завяршыўшы работу над дысертацыяй у 1985 годзе, прыйшла да несуцяшальнай для прававернай камуністкі (якой была на той момант) высновы. Галоўныя “нашы” рэвалюцыянеры — Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян) і Вільгельм Кнорын (Кнорыньш), якія воляй лёсу апынуліся ў 1917 годзе на Заходнім фронце, у Мінску, не называлі прадукт сваёй дзейнасці ні вялікай, ні сацыялістычнай, ні рэвалюцыяй. Для іх гэта быў проста “ваенны пераварот”. Хто не верыць, зазірніце ў рэвалюцыйныя святцы, працы Мяснікова і Кнорына. Аднак напісаць пра свае “адкрыцці” ў той час яшчэ не было магчымасці. Наогул, не мяняюцца толькі дурні. Чалавек, яго погляды і нават перакананні змяняюцца ў залежнасці ад сітуацыі, абставін, інфармаванасці. Пры зачыненых архівах і строгім партыйным кантролі паспяхова пладзіліся “шэдэўры” прапаганды, а вось з гістарычнай праўдай былі праблемы.
— На ваш погляд, ці шмат плямаў у гісторыі Беларусі?
— Шмат. Цэлы шэраг тэм да гэтага часу не заахвочваецца афіцыйнай навукай, застаецца прадметам клопату і намаганняў асобных гісторыкаў. Асабліва праблематычна з тэмамі, якія адносяцца да ХХ стагоддзя, на іх да гэтага часу ўплываюць ідэалагічныя забабоны. Апытанне мінчан напярэдадні святкавання Дня Волі, 25 сакавіка, засведчыла абуральную гістарычную неда-
сведчанасць людзей. Уражанне было такое, як быццам апытваюць жыхароў Разані. Відавочна, што гісторыкі і грамадскія арганізацыі забыліся пра свой асветніцкі доўг, не змаглі данесці інфармацыю да шырокага кола людзей. Гісторыя, акрамя таго, што яе вымуць гісторыкі з архіваў, патрабуе ўвагі пісьменнікаў, драматургаў, іншых творчых людзей, каб не застацца ў забыцці на старонках акадэмічных выданняў.
На жаль, мы мала ведаем сваіх герояў, хто па праву заслугоўвае нашай любові і ўдзячнай памяці.
— У мінулым годзе вы перавыдалі сваю кнігу “Беларусь мяцежная”. Ведаю, што яна вельмі хутка знікла з прылаўкаў магазінаў. Раскупілі або забаранілі?
— Раскупілі. Добра прадавалася ў кніжных крамах, куды 10 гадоў таму мяне і на парог не пускалі. Зараз выйшаў дадатковы тыраж.
— Тым не менш некаторыя лічаць, што ў нас раскупляюцца ў асноўным дэтэктывы, любоўныя раманы, але ніяк не гістарычныя кнігі.
— Не згодна з такім меркаваннем. Добрая гістарычная літаратура заўсёды карысталася попытам. У апошні час заўважыла цікавасць да беларускай гістарычнай кнігі з боку расійскага чытача, у першую чаргу прафесіяналаў. Сфарміраваўся запыт і на пераклад маёй кнігі на рускую мову. Лічу, гэта трэба зрабіць...
Марына Коктыш
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |