22:30 29.02.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ніхто не хацеў саступаць
Такога разьвіцьця падзеяў у дачыненьнях Беларусі з ЭЗ ніхто не прагназаваў. Але так часта бывае, што войны, у тым ліку і дыпляматычныя, пачынаюцца, хоць іх ніхто і не хацеў. Канфлікт мае сваю лёгіку, якая пачынае дыктаваць праціўнікам дзеяньні нават уразрэз зь іхнімі ранейшымі меркаваньнямі і інтарэсамі. Ідзе барацьба нэрваў, волі і характараў, калі ніхто ня хоча саступаць першым. Так пачалася Першая ўсясьветная вайна, югаслаўская вайна 1999 году і іншыя.
Лукашэнка дзейнічае ў сваім клясычным стылі, пра які ўжо шмат пісалі, што ён баіцца паказацца слабым, імкнецца адказваць ударам на ўдар. Чаму ж ён прапусьціў шмат удараў (візавых санкцыяў) і вырашыў адказаць толькі цяпер?
На наш погляд, тут дзейнічаюць два чыньнікі. Найперш, упершыню за сем апошніх гадоў (з моманту ўкраінскай «памаранчавай» рэвалюцыі) Менск адчуў цьвёрдую эканамічную, палітычную, дыпляматычную падтрымку Масквы. Пуцін падчас выбарчай кампаніі разыгрывае антызаходнюю карту. І Лукашэнка, адчуўшы, што трапляе ў гэты трэнд, вырашыў яго скарыстаць. Што там будзе пасьля выбараў, невядома, таму трэба каваць жалеза, пакуль яно гарачае.
Другі момант ня менш важны. Насуперак шматлікім меркаваньням, візавыя санкцыі выклікалі нэрвовую рэакцыю ў асяродзьдзі намэнклятуры. Тыя ліхаманкавыя дзеяньні, якія рабілі ўлады Беларусі, каб «купіць» свабоду езьдзіць у Эўропу квазіалігарху Чыжу, сьведчаць, што гэтыя абмежаваньні закранулі нейкі нябачны на паверхні нэрв рэжыму.
З падзеньнем грамадзкай падтрымкі ўдзельная вага намэнклятуры як апоры рэжыму ўзрасла. Гэта асабліва важна ў момант, калі нарастае сацыяльнае напружаньне. Мы бачым, як кожныя колькі дзён успыхваюць працоўныя канфлікты на розных прадпрыемствах.
Таму Лукашэнку важна было гучна прэзэнтаваць сябе як абаронцу вышэйшага чынавенства. Зьвярніце ўвагу, мінулым тыднем Лукашэнка тры разы публічна пагражаў Эўропе за яе санкцыі (на сустрэчы з замежнымі амбасадарамі, пры кадравых прызначэньнях, на сьвяткаваньні 23 лютага).
Рашэньне ЭЗ пра новыя санкцыі 27 лютага было слабым. Абяцалі ўключыць у «чорны сьпіс» 135 чыноўнікаў, а абмежаваліся 21-м. У ім не было прозьвішча Чыжа, вакол якога паламалі шмат дзідаў. Пры пэўных абставінах гэта можна было б разглядаць як маленькую дыпляматычную перамогу афіцыйнага Менску. Але згаданыя чыньнікі плюс публічныя абяцаньні Лукашэнкі «даць» у адказ зрабілі сваю справу. Пачалася эскаляцыя канфлікту.
Падаецца, беларускі бок трохі памыліўся, няправільна разьлічыў рэакцыю ЭЗ. Стаўка рабілася на тое, што эўрапейскія палітыкі «безь яец», што яны занятыя больш важнымі праблемамі выжываньня Эўразьвязу і зоны эўра, сырыйскай і іранскай праблемай, ім не да Беларусі. Таму Лукашэнка недаацаніў рашучасьць Эўропы.
Пра пэўную разгубленасьць сьведчыць тое, што дзяржаўная прапагандысцкая машына пакуль стаіць з заглухлым маторам. Ня ведаюць, як рэагаваць.
Што далей? Падаецца, што пакуль бакі спыняцца, ня стануць далей абвастраць адносіны. Сытуацыя статус-кво замарозіцца на пэўны, магчыма – працяглы, час. І ключавым зьвяном у будучым размарожваньні стануць палітвязьні. Выкажу гіпотэзу, што эўрапейскія дыпляматы вернуцца ў Менск толькі пасьля вызваленьня палітычных зьняволеных.
Якія наступствы? Найперш, цяпер рэзка ўзрастае імавернасьць адмены чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе. Падвісае пытаньне пра ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, пры тым, што партнэры па Мытным саюзе – Расея і Казахстан – могуць стаць сябрамі гэтай арганізацыі сёлета. Пакуль давядзецца забыць пра крэдыты МВФ і Ўсясьветнага банку.
Унутры краіны можна чакаць узмацненьня рэпрэсій. Бо няма чыньніку стрымліваньня ў выглядзе рэакцыі Захаду.
Зьмяняецца кантэкст удзелу апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах. Дасюль шмат якія стратэгіі будаваліся на вэрсіі, што для ўладаў вельмі важнае прызнаньне іх з боку Захаду, міжнародная легітымнасьць будучага складу Палаты прадстаўнікоў. І таму дзеля гэтага можна атрымаць нейкія саступкі. Маўляў, абвесьцім байкот – і напужаем улады, нанясем ім палітычную шкоду.
Цяпер, пасьля ад’езду эўрапейскіх амбасадараў, пытаньне міжнароднай легітымнасьці афіцыйнаму Менску «па барабану». Магчыма, каб апазыцыя адмовілася ўвогуле ўдзельнічаць у выбарах, то для ўладаў было б і лепш. Менш галаўнога болю.
Блогі / Валер Карбалевіч http://www.svaboda.org
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |