18:30 01.06.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

“Мы перажываем самыя складаныя часы з моманту незалежнасці”

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў адказаў на пытанні сябраў партыі.

Ці плануецца нейкая дзейнасць (канкрэтны план) на павелічэнне шэрагаў БСДП у рэгіёнах?

Так, такі план ёсць і ён упісаны ў стратэгію БСДП як на бягучы год, так і на наступныя гады. Спрыяльныя ўмовы для павелічэння партыйных шэрагаў склаліся ў канцы мінулага года і ў мяне асабіста атрымалася наведаць такія гарады, як Чэрыкаў, Жлобін, Гомель, Жодзіна, і Пінск, дзе пасля сустрэч і напярэдадні іх адбылося папаўненне нашых партыйных шэрагаў. У старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігара Маслоўскага атрымалася наведаць шэраг гарадоў Берасцейшчыне, у тым ліку Пружаны, дзе адбылося істотнае абнаўленне арганізацыі. Мы запланавалі яшчэ шэраг гарадоў для падобных сустрэч, аднак пераслед мясцовага актыву з ліку ўзнікшых мясцовых супольнасцяў істотна павялічыўся. Праз гэта сарвалася сустрэча ў Крычаве. Пакуль узялі кароткую паўзу, аднак да канца года ў планах наведаць не менш за 10 гарадоў, каб там сустрэцца з мясцовымі супольнасцямі і далучыць іх да сістэмнай партыйнай дзейнасці. Палітызацыя грамадства прывяла да таго, што людзі пачалі цікавіцца не толькі палітыкай, аднак і далучацца да партыі. З 9 жніўна і па 31 снежня мінулага года ўключна ў шэрагі БСДП уступіла каля 150 чалавек і гэта найбольшая колькасць за такі перыяд, за апошнія 15 год.


Чым скончылася справа са штурмам Магілёўскага офіса?

Вядома, што была заведзена адміністрацыйная справа за, нібыта, пікетаванне на вакне бел-чырвона-белай сімволікай. Па меншай меры так сцвярджае ўласнік будынка, аднак абсалютна незразумела – гэта была партыйная сімволіка ці не, вісела яна на вакне ці была бачна з вакна. Пытанняў больш, чым адказаў.

Мяне выклікалі ў магілёўскую міліцыю ў межах адміністрацыйнай справы, каб дапытаць (статус мой быў не пазначаны), аднак я тады захварэў. Сказаліся ўмовы знаходжання ў Жодзінскім СІЗА, было падазрэнне на каранавірус і я пайшоў на бальнічны. Пра немагчымасць прыйсці па позве магілёўскія міліцыянты былі ўведамлены факсам. Пасля гэтага ніхто са мной больш не звязваўся. Мяркуючы па тэрмінах адміністрацыйная справа ўжо павінна быць спынена, бо штурм офіса адбываўся 23 сакавіка і з таго часу мінула два месяцы. У бліжэйшы час будзем звяртацца ў міліцыю, каб нам вярнулі канфіскаваныя партыйныя сцягі і сцяжкі, а таксама далі тлумачэнне гэтым дзеянням. Раней у міліцыю пісаў скаргу кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП Юрый Грынявецкі, аднак адказу па сутнасці ад міліцыі ён не атрымаў.


Як ідзе справа з рэгістрацыяй гомельскіх раённых арганізацый?

Першы заход апынуўся безвыніковым. Створаныя тры раённыя арганізацыі БСДП у Савецкім, Цэнтральным і Чыгуначным раёнах г. Гомеля не былі пастаўлены на ўлік у Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. Мы дзейнічалі па стандартнай схеме і рыхтавалі стандартны пакет дакументаў. У іншыя часы ў розных абласцях нашы арганізацыі рэгістравалі, але зараз прыдраліся.

Правялі кансультацыі з Галоўным упраўленнем юстыцыі Гомельскага аблвыканкама і Мінюстам і прыйшлі да агульнага паразумення, што трэба змяніць Статут, дзе прапісаць дакладны механізм стварэння новых арганізацый, што і было зроблена на апошнім пасяджэнні ЦК. Прэзідыум неўзабаве прызначыць новыя даты сходаў, паралельна ў Мінюст будуць пададзены змены і дапаўненні ў Статут, а таксама заменена партыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі. Спадзяюся, што пасля выпраўлення гэтых хібаў у аблюста не застанецца больш ніякіх аргументаў, каб не ставіць на ўлік наваствораныя арганізацыі.

Тым не менш, нягледзячы на ўсё гэта, офіс БСДП у Гомелі працуе з лютага бягучага года.


Як вярнуць канфіскаваную партыйную сімволіку?

Варта разумець, што сцяг БСДП з’яўляецца афіцыйна зарэгістраваным і забіраць яго, як і іншую ўласнасць партыі ў актывістаў пад час аглядаў і ператрусаў, у праваахоўнікаў няма ніякіх падстаў.

У нас ёсць станоўчы вопыт, калі пасля скаргі кіраўніка Гродзенскай абласной арганізацыі БСДП Іосіфа Палубяткі на праваахоўнікаў, якія пад час вобшуку ў яго дома канфіскавалі партыйны сцяг, сцяжкі, партбілет, недзяржаўныя газеты і іншую драбязу вымушаны былі ўсё вярнуць.

Я рэкамендую ўсім, у каго былі канфіскаваны партыйныя сцягі, партбілеты, а таксама партыйная літаратура пісаць скаргі на адрас праваахоўнікаў і дамагацца вяртання партыйнай уласнасці.


Газета “Народная Воля” у сваім артыкуле “Чаму маўчаць палітычныя партыі?” выступіла з крытыкай як вас, так і партыі. Што скажаце на гэты конт?

Мяркуючы па допісе і каментару “ад рэдакцыі” бачны почырк яе галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча. Ён практыкуе павучанне, а таксама выказваецца са сваёй пазіцыі, што павінна рабіць партыя і яе лідар. Але ён апускае шмат акалічнасцяў у якіх умовах існуюць палітычныя партыі і на што яны могуць зараз паўплываць. Пра імітацыю дзейнасці я не кажу, бо ёй не займаемся.

Я ўпэўнены, што ў тых умовах, у якіх мы зараз знаходзімся, мы зрабілі ўсё магчымае, каб паўплываць на мадэль паводзінаў улады, данесці сваю пазіцыю адносна сітуацыі ў краіне і захавацца як партыя. У нас, як у арганізацыі, не стаіць мэта “прыгожа памерці”, а ў кіраўніцтва партыі няма мэты ехаць у эміграцыю і адтуль больш рашуча і крытычна выказвацца адносна палітычнага рэжыму і падзеяў у краіне. Магчыма – гэта наша адрозненне ад іншых.

Я прывяду толькі некалькі фактаў, што мы рабілі – намі быў арганізаваны круглы стол з ліку прадстаўнікоў палітычных партый, 10 з якіх падпісалі сумесную рэзалюцыю, пра якую ўзгадаў Аляксандр Лукашэнка і загадаў зрабіць перарэгістрацыю партый. Мінюст і аблюсты ўзялі нас у абарот і пачалі праверку. 11 з 15 партый атрымалі афіцыйныя папярэджанні. Нас гэта мінула, бо мы заўсёды максімальна спрабавалі адпавядаць дзеючаму заканадаўству.

Мы распрацавалі свой план стабілізацыі сітуацыі ў краіне і выслалі яго ў дзяржаўныя органы. Апроч таго распрацавалі шэраг праектаў рэформаў – у тым ліку праектаў законаў па рэфармаванні судовай і праваахоўнай сістэмы, дзяржаўнага кіравання (праект Канстытуцыі). Усе гэтыя праекты маюцца ў дзяржаўных органах.

Нашы сябры ўдзельнічалі ў пратэстах і колькасць тых, хто пацярпеў за сваю актыўнасць набліжаецца ўжо да 100 чалавек. Некаторыя з іх знаходзяцца пад крымінальнымі справамі, а некаторыя былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. Гэта персанальная адказнасць сябраў, бо мы не можам як партыя заклікаць да ўдзелу ў несанкцыяваных мерапрыемствах без наступстваў для сябе.

Мы дзейнічалі ў склаўшыхся ўмовах у адпаведнасці з законам і разумеючы ўсю складанасць сітуацыі падавалі свае заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемсваў на Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, спрабавалі дамовіцца з чыноўнікамі са святкаваннем Дня працы, але не сталі падаваць заяўку, бо службы не ішлі на супрацу і адмова па аналогія з двума іншымі мерапрыемствамі стала зразумелая. Тым часам Іосіф Сярэдзіч устаўляе шпільку, што мы павінны правадзіць пікеты ды тэлефанаваць на “гарачыя лініі”.

Ёсць абставіны – у якіх можна дамагацца большага, а ёсць такія, калі “не да законаў”. Гістарычны факт – нашы папярэднікі з БСДП у 1924 годзе вымушыны былі спыніць палітычную дзейнасць і распусціць партыю, бо ўмоваў для працы ўжо не было ніякіх. Адваротны бок медалі – гэта пераход на нелегальнае становішча, але хто да яго гатовы? Такіх няма, таму мы і працуем у адпаведнасці з законам, які б ён дрэнны не быў. Іншая справа, што дэмакратычныя партыі не ўпісваюцца ў аўтарытарную мадэль дзяржавы.

“Народная Воля”, як і БСДП не можа абараніць сваіх калег, але працягвае працу.

Нягледзячы на цяжкую сітуацыю ніхто не склаў рукі і не заявіў, што пакідае шэрагі партыі. Працавалі і будзем далей працаваць. Раю рабіць тое ж самае!


У 2018 годзе, калі вы сталі старшынёй БСДП, то ў адным з інтэрвью казалі літэральна наступнае: “Мы не будзем “прагінацца”, калі выбары несвабодныя – мы аб гэтым гаворым, калі адбываюцца рэпрэсіі – мы аб гэтым гаворым. Падыгрываць уладзе ў гэтых пытаннях мы не будзем. Ці будзе ўдзельнічаць БСДП на бліжэйшых “выбарах у мясцовыя Саветы”, асабліва на фоне таго, што адбылося ў Беларусі летась у жніўні-кастрычніку, калі праходзіла актыўная фаза пратэстаў і што адбываецца дагэтуль – узмацненне рэпрэсій?

Як і раней БСДП з’яўляецца партыяй паслядоўнай і прытрымліваецца сваіх стратэгічных планаў у пытанні ўдзелу ў выбарчых кампаніях. Гэтае рашэнне калегіяльнае. Мы не прызнавалі ні апошнія прэзідэнцкія выбары, ні ўсе папярэднія пачынаючы з 1996 г. Мы не называлі выбары - выбарамі, а выбарчымі ці электаральнымі кампаніямі, бо разумелі, што ў класічным паразуменні свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі няма, а ўлада ў постсавецкіх краінах не мяняецца праз выбары. Нашай мэтай было данасіць партыйныя мэсаджы адносна сітуацыі ў краіне, праблемных момантаў, каб хоць такім чынам змяніць паводзіны ўлады і паказаць, што ў краіне ёсць выразная альтарнатыва.

На апошнім пасяджэнні ЦК (26 мая 2021 г.) прыняты стратэгічны план БСДП на 2021-2025 гг. У ім акрэслены ўдзел у выбарчых кампаніях у мясцовыя Саветы, у Палату прадстаўнікоў, магчымы ўдзел у датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах (калі такія здарацца), а таксама ўдзел у кампаніі па правядзенні рэферэндума. Стратэгічны план рэкамендаваны для дзейнасці ЦК, ЦРК, Прэзідыуму, усім арганізацыям і сябрам. Тым не менш, перад кожнай выбарчай кампаніяй ЦК прымае палітычнае рашэнне аб удзеле ў выбарчай кампаніі, бо стратэгічны план – гэта арыенцір куды рухацца. Такія рашэнні будуць прымацца дадаткова. Пакуль я не бачу перадумоў, каб нам прапускаць хоць якую выбарчую кампанію, бо як партыя мы маем перавагі ў параўнанні з асобамі, групамі асоб, грамадскімі арганізацыямі і аргакамітэтамі іншых палітычных партый, маем мижнароднае прызнанне. Варта гэтымі перавагамі карыстацца, фармаваць супольнасць сваіх прыхільнікаў, павялічваць свае шэрагі і пазнаваемасць, скарыстоўвацца дзяржаўнымі СМІ для сваіх мэсаджаў. Што адбываецца з партыямі, якія не прымаюць удзел у палітычных кампаніях, альбо робяць гэта пасіўна мы ведаем – яны альбо маргіналізуюцца, альбо выпадаюць з працэсу.

Летам 2020 г. мы ўбачылі што такое “заклікаць на выбары” і што адбываецца тады, калі людзі адгукаюцца на заклік. Фактычна гэта рыторыка моцна палітызавала грамадства, бо шмат хто на сабе адчуў, як яго неўключылі ў выбарчую камісію, недапусцілі да назірання, не арганізавалі адкрыты і галосны падлік галасоў. Усё гэта і справакавала вулічныя пратэсты, праз якія шмат хто спадзяваўся, прыйдуць дэмакратычныя змены. Гэта значна лепш, чым няўдзел у выбарах, альбо актыўны байкот. Апошні арганізаваць у сілу недахопу рэсурсаў немагчыма, акрамя таго байкот у нас забаронены законам і мы гэта ўлічваем.

Яшчэ пытанне, ці будуць выбары ў мясцовыя Саветы ў канцы 2021 г. Хутчэй за ўсё гэты аргумент, каб нівеляваць ціск на сябе, рэжым паспрабуе прыбраць і ў гэтым годзе прыме адпаведны закон аб сумяшчэнні мясцовых выбараў з парламенцкімі, пра што ўжо чуваць з вуснаў чыноўнікаў. Такім чынам будзе выведзена пераменная з палітычнага дыскурса аб правядзенні свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі ў гэтым годзе.

Яшчэ варта разумець, што ўсё, што адбывалася летась у жніўні-кастрычніку па сваёй жорсткасці рэжым практыкавалася заўсёды. Зараз змяніліся толькі маштабы. Узгадайце канец 90-х і “эскадроны смерці”. Страх і гвалт практыкаваўся дзеючай уладай пасля 1996 г. рэгулярна, але “выбары” былі и ёсць вакном патэнцыйных магчымасцяў. Прыгадаю яшчэ адзін гістарычны момант – больш за 100 год таму Беларуская Сацыялістычная Грамада байкатавала адны выбары, аднак па сведчанні яе правадыроў моцна пра гэта пашкадавала і калі пачаліся наступныя выбары – яна ў іх ужо ўдзельнічала.


Як дапамагчы рэпрэсаваным сябрам партыі?

Спачатку варта праінфармаваць мяне, альбо іншых сябраў Прэзідыума аб тым, што нехта патрапіў пад “раздачу”, каб мы ведалі хто, дзе, калі і за што быў затрыманы альбо пакараны наш таварыш.

Мы вядзем статыстыку. Яна, на жаль, не аптымістычная. Фактычна кожны дзясяты партыец пасля выбараў сутыкнуўся з пераследам па палітычных матывах. Гэта розны пераслед – ад штрафаў, да збіццяў, затрыманняў, сутак, ператрусаў, крымінальных спраў. Мы вядзем статыстыку.

Калі ёсць вострая неабходнасць, то дапамагаем як можам – каму з перадачкамі, каму з транспартам, каму з адвакатам, а ў вострых выпадках скідваемся грашыма. Пішам звароты ў дзяржаўныя органы, інфармуем міжнародную супольнасць аб рэпрэсіях, паведамляем праз свае партыйныя інфарэсурсы аб пераследзе актывістаў, каб ведалі іншыя сябры – калі каго сустракаць, калі і куды прыйсці ў суд у знак салідарнасці, куды высылаць паштоўку з прывітаннем. Час складаны, але ён міне, а нашы ўзаемаадносіны застануцца і варта каб нікому не было сорамна, што нехта нечага не зрабіў – у тым ліку партыя.

Яшчэ важны момант – падтрымліваць стасункі з роднымі затрыманых. Робім гэта па магчымасці.


Прэс-служба БСДП

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме