17:16 28.03.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Млоснае прадчуваньне бяды
Тры гады таму я прыбыў на працу ў Прагу, маючы цьвёрды намер вярнуцца адсюль ня ў Вільню, адкуль прыехаў, а ў Менск. На той момант нішто асабліва не прадказвала, што вяртацца мне давядзецца на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.
Сёньня гэтае млоснае прадчуваньне не пакідае мяне ні ўдзень, ні ўначы. Менск пад расейскім трыкалёрам на месцы таксама ж не майго «закату над балотам», вымога мяняць пашпарт з «капустай» на пашпарт грамадзяніна РФ, а грошы – рублі на рублі, гаварыць па-расейску, а да ўсяго жыць у атмасфэры татальнага перасьледу, калі не вайны. За 20 гадоў нашай незалежнасьці для яе ўмацаваньня не было зроблена нічога.
Дакладней, нічога не было зроблена і не магло быць зроблена ў палітыцы. Бо ўсё, што можна было дзеля гэтага зрабіць, можна было рабіць толькі ў культуры, асьвеце, выхаваньні і аб’яднаньні незалежніцкіх беларускіх людзей. І тут нешта рабілася, але асноўныя сілы былі кінутыя на імітацыю палітыкі і палітычныя правалы, на бясконцыя расколы і рассварваньне незалежніцкіх беларускіх людзей, на стварэньне «сьценаў ганьбы» сваіх жа паплечнікаў.
Словам, за 20 гадоў была выкананая і перавыкананая задача стварэньня голага поля, калі незалежнасьць краіны бараніць проста няма каму. Беларусь будзе здадзеная як Крым, а беларуская незалежніцкая палітыка будзе выглядаць як украінская армія ў крымскай кампаніі, гэта значыць, ніяк.
Усё, што рабілася ў культуры, асьвеце, выхаваньні і аб’яднаньні, супрацьстаяць здачы незалежнасьці ня можа, бо яно прызначана для жыцьця нацыі, у якім толькі і можа высьпець новая незалежніцкая палітыка. Але на тое спатрэбіцца як мінімум пакаленьне. Так, як гэта было ў 1970-80-я гады.
Сёньня ў Беларусі незалежніцкай палітыкі няма, а сама незалежнасьць трымаецца на адным чалавеку, які відавочна здасьць яе пад ціскам мацнейшага калегі ў Маскве. Але сёньня ў Беларусі ёсьць нямала беларускіх незалежніцкіх людзей. Відавочна, што ўсе квазіпалітычныя структуры за 20 гадоў наскрозь аплеценыя агентурай спэцслужбаў – адсюль расколы і сваркі. Дагэтуль у нас не было падставаў выкрываць іх і зьвінавачваць у здрадзе, бо на тое патрэбныя доказы, а ня домыслы. Але прыйшоў час новага перадзелу сьвету, і цяпер яны выкрыюць сябе самі.
Цяпер, калі беларуская незалежнасьць гатовая растаць у паветры, кожны, хто шальмуе беларускіх незалежніцкіх людзей, хто сее расколы, стварае «сьцены ганьбы», кожны такі ўжо адкрыта працуе на анэксію Беларусі Крамлём. Гэта тыя самыя «пуцінскія турысты». І не павінна быць ілюзіі, калі кожны такі выдае сябе за беларускага незалежніцкага чалавека. Толькі аб’яднаньне і салідарнасьць міжсобку могуць выратаваць незалежніцкае беларускае грамадзтва ад бяды.
У нас няма такога палітычнага лідэра, які мог бы на практыцы аб’яднаць грамадзтва на каштоўнасьцях незалежнасьці і беларушчыны. Але ў гісторыі бывае і так, што ня лідэр аб’ядноўвае, а аб’яднаньне нараджае лідэра. Сьвядомыя, адказныя і незашораныя грамадзяне звычайна разумеюць і адчуваюць гэта.
Нашы сэрцы шмат больш вартыя стваральнага пачуцьця адзінства перад бядою, чым млоснага прадчуваньня краху ўсіх нашых жыцьцёвых надзей.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме