23:30 23.04.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Мечыслаў Грыб: Не выключаю, што Беларусь таксама захоча схавацца пад парасон НАТО
Як у Беларусі ўспрынялі ініцыятыву прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі аб правядзеньні рэфэрэндуму адносна ўступленьня краіны ў НАТО? Да якіх наступстваў для Беларусі прывядзе такое ўступленьне? Ці ня варта самой Беларусі падумаць пра тое, каб далучыцца да Паўночна-атлянтычнага альянсу?
Старшыня Вярхоўнага савету Беларусі ў сярэдзіне 1990-х гадоў Мечыслаў Грыб заўважыў наконт ініцыятывы Пятра Парашэнкі, што той казаў пра рэфэрэндум яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў і цяпер выконвае перадвыбарчыя абяцаньні. Мечыслаў Грыб падзяляе думку, што Ўкраіна мусіць схавацца пад парасонам НАТО, каб засьцерагчыся ад агрэсіі з боку Расеі. Ці прывядзе ўступленьне Ўкраіны ў НАТО да пагаршэньня сытуацыі зь бясьпекай у Беларусі? Ці давядзецца ўзмацняць беларускую паўднёвую мяжу?
«Усё залежыць ад нас. На маёй памяці, здаецца, НАТО на сваіх суседзяў не нападала. Хочаш узмацняць, дык узмацняй, а калі ня хочаш — дык ня трэба. Але колькі б мы ні ўзмацнялі і як бы мы ні надзьмувалі шчокі, а супроць НАТО нам ня выстаяць. Таму ня трэба тут нічога палохацца, а жыць звычайна, як жылі».
Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што станоўчае рашэньне ўкраінскіх выбарцаў адносна ўступленьня ў НАТО прывядзе да павелічэньня вайсковай актыўнасьці на поўдні Беларусі, а далей і да зьяўленьня там новых вайсковых баз Расеі.
Аляксандар Алесін«Мяркую, аб’яднанае вайсковае камандаваньне Беларусі і Расеі складзе плян нарошчваньня збройнай актыўнасьці ў гэтым рэгіёне. Будзе вызначана, якую трэба стварыць там вайсковую інфраструктуру, каб у будучыні разьмясьціць дадатковы кантынгент войскаў і вайсковай тэхнікі. Мяркую, пачнецца і падрыхтоўка аэрадромаў, могуць рэанімаваць шэраг узьлётна-пасадачных пляцовак, вайсковых гарадкоў, тэрміналаў па запраўцы палівам і боепрыпасамі. Пакуль Украіна ня ўступіць у НАТО, будзе праводзіцца падрыхтоўчая праца, каб потым, у гадзіну „Ч“, гэта ня стала нечаканасьцю. Мяркую, каб закрыць паўднёвую мяжу, свайго войска Беларусі ня хопіць. Прыйдзецца альбо павялічваць сваю армію, альбо запрашаць расейцаў».
Паводле Аляксандра Алесіна, на сёньня беларускае войска бачыць у НАТО патэнцыйнага праціўніка, паколькі Беларусь — сябра вайсковай арганізацыі АДКБ.
Кіраўнік праекту Belarus security blogАндрэй Паротнікаў мяркуе, што Беларусі ня трэба рэзка рэагаваць на намер Украіны ўступаць у НАТО, бо ажыцьцявіць яго будзе вельмі цяжка.
Андрэй Паротнікаў«Гэта настолькі варыянтная падзея... Па-першае, мы ня ведаем, калі гэта адбудзецца і ўвогуле ці адбудзецца. Па-другое, ня ведаем, які будзе ўзровень адносінаў Расеі і Захаду на той момант. Гэта пытаньне нават ня гэтага дзесяцігодзьдзя, бо калі заўтра на рэфэрэндуме ўкраінцы скажуць НАТО — „так“, прыём іх у арганізацыю зойме мінімум 10 гадоў. Таму няма чаго і абмяркоўваць».
А ці варта Беларусі ўступаць у НАТО? Андрэй Паротнікаў мяркуе, што падчас канфлікту ва Ўкраіне НАТО паказала сябе гэтак, што ўзьнікаюць сумненьні, ці зможа блёк кагосьці абараніць. Экспэрт заўважае, што лепш для падвышэньня ўзроўню бясьпекі заручыцца падтрымкай ЗША. Але сам Андрэй Паротнікаў раіць не адварочвацца ад абароннага супрацоўніцтва з Расеяй, да якой у вайсковым пляне Беларусь цалкам прывязаная.
«Узбраеньне ў нас усё савецкае, вытворчасьць запасных частак да вайсковай тэхнікі — таксама ў Расеі, і таму як у такім становішчы разарваць адносіны? Можна, калі ты трымаеш у кішэні 10 мільярдаў, цягам 3–5 гадоў закупіць шмат новай зброі, каб замяніць старую. Але калі гэтых грошай няма, дык рэзкіх рухаў рабіць ня варта».
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што спроба Беларусі разьвярнуцца ад Расеі да НАТО прывядзе да рэакцыі з усходу яшчэ больш хуткай і рашучай, чым гэта адбылося ва Ўкраіне.
«Бо вельмі важны наш рэгіён для Расеі. Гэта і транзыт, і „балькон“ на захад, і перадавое ўмацаваньне для Расеі. У гэтым сэнсе наша становішча незайздроснае. Трэба было Захаду раней клапаціцца пра гэта. Эканамічная экспансія сюды Захаду, стварэньне тут філіялаў заходніх карпарацыяў магло б эканамічна прывязаць Беларусь да Захаду. Але да гэтага часу наша краіна — кавалак савецкай эканомікі, цяпер расейскай эканомікі. У нас дзьве галавы, але адно цела».
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб мяркуе, што сваімі дзеяньнямі Расея сама падштурхоўвае памкненьні часткі беларусаў далучыцца да НАТО, як гэта зрабілі народы балтыйскіх рэспублік, а цяпер імкнуцца ўкраінцы.
«Мы ж збольшага ніяк не абароненыя ад агрэсіі з усходу — адтуль, адкуль ніколі пагрозы і не чакалі. Але вось цяпер ідуць размовы і ў сродках масавай інфармацыі пра намеры асобных жыхароў Віцебскай і Магілёўскай абласьцей. Гэта ўсё трэба ўлічваць. Таму я і не выключаю, што і Беларусь прыйдзе да такой высновы, што і нам трэба будзе хавацца пад гэты парасон».
Прэсавы сакратар Мінабароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Мацьвееў нагадаў, што Беларусь з 1990-х гадоў супрацоўнічае з НАТО ў межах праграмы «Партнэрства дзеля міру».
«Нашы адносіны рэалізуюцца ў межах канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, у якой усё дакладна прапісана. Там абазначана наша шматвэктарная палітыка, якая заключаецца ў тым, што мы будуем саюзную дзяржаву з братэрскай Расеяй, але будуем адносіны і зь іншымі краінамі, у тым ліку з тымі, якія ўваходзяць у НАТО. І мы імкнёмся, каб нашы адносіны былі сяброўскія і межы былі межамі дружбы».
Аглядальнік Аляксандар Алесін гэтак расказаў пра супрацоўніцтва Беларусі з НАТО:
«У штаб-кватэры НАТО стала знаходзіцца прадстаўнік Мінабароны Беларусі, мы тут праводзім некаторыя фармальныя мерапрыемствы. Беларускія афіцэры ў якасьці назіральнікаў бяруць удзел у міратворчых манэўрах НАТО, нам дапамагаюць у вывучэньні моваў краін-сябраў НАТО, у азнаямленьні са стандартамі НАТО і з падрыхтоўкай беларускай міратворчай роты. Але далей справа не ідзе. Мяркую, таму, што шмат у чым супроць гэтага настроеная Расея».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме