17:31 23.11.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Мечыслаў ГРЫБ: “УСЁ БУДЗЕ ЗАСАКРЭЧАНА І НІХТО НІЧОГА НЯ БУДЗЕ ВЕДАЦЬ”

 
Паводле расейскага часопісу “Огонёк”, міліцыянты, якіх судзяць у Менску па абвінавачаньні ў незаконным паляваньні, раней займаліся расьсьледаваньнем антыкарупцыйных спраў, у якіх, нібыта, замешаны Віктар Лукашэнка. З-за гэтага, паводле “Огонька”, быў адпраўлены ў адстаўку кіраўнік МУС, а ўправа па барацьбе з карупцыяй, фактычна, ліквідавана.
Кіраўнік прэсавай службы УУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі заявіў Радыё Свабода, што не валодае такой інфармацыяй, і параіў пацікавіцца наконт праўдзівасьці публікацыі ў прэсавай службе міністэрства. У сваю чаргу, кіраўніца прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Сьвятлана Бароўская параіла накіраваць у МУС адпаведны пісьмовы запыт.

Супрацоўнікі прэсавых службаў пракуратуры гораду Менску і Генэральнай пракуратуры пытаньне адносна публікацыі перанакіроўвалі свайму непасрэднаму кіраўніцтву. У сваю чаргу, кіраўнікі гэтых службаў Сяргей Балашоў і Пётар Кісялёў цягам першай паловы дня на тэлефанаваньні не адказвалі. Маўчаў тэлефон і ў кіраўніка прэзыдэнцкай прэсавай службы Паўла Лёгкага.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета, генерал-лейтэнант міліцыіМечыслаў Грыб з гэтай нагоды выказаў такое меркаваньне: “Калі па нейкай справе будуць праходзіць асобы, блізкія да кіраўніка дзяржавы, то ўсё будзе засакрэчана. Так будзе засакрэчана, што ніхто нічога не даведаецца і ніхто нічога ня будзе ведаць — гэта адназначна. І ніхто вам нічога ня скажа”. Спадар Грыб таксама мяркуе, што публікацыя ў “Огоньке” ня мае дачыненьня да будучых прэзыдэнцкіх выбараў, бо да 2011 году гэтая тэма страціць вастрыню і актуальнасьць.

Іншай думкі адносна паведамленьня “Огонька” трымаецца былы кадравы афіцэр Камітэту дзяржбясьпекі Валеры Костка. Спадар Костка мяркуе, што менавіта будучыя прэзыдэнцкія выбары маглі стаць падставай для такой публікацыі:
“Я думаю, што ўсё гэта элемэнты пачатку палітычнай барацьбы: адны рыхтуюцца са свайго боку, іншыя — са свайго. Чаму менавіта расейскі “Огонёк” гэта зрабіў? Гэта азначае, што Расея спрабуе атакаваць Лукашэнку з-за таго, што ён ім у чымсьці не падабаецца. Думаю, што гэта “разборкі” напярэдадні палітычных баёў у Беларусі. І ўсе інфармацыі, якія будуць выходзіць пасьля новага году і цяпер — гэта ўсё ўжо вялікі сцэнар адной схемы — барацьбы за ўладу ў Беларусі”.
 
Галіна Абакунчык
 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме