10:15 14.03.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Марціновіч: Беларусь прапануе ЕС стратэгію пугі і перніка
Беларускія ўлады зацікаўленыя ў паляпшэнні свайго іміджу на Захадзе - адзначыў у інтэрв'ю Радыё Рацыя палітолаг Віктар Марціновіч. Таму магчыма, што афіцыйны Мінск будзе імкнуцца як мага дэмакратычней правесці будучую парламенцкую кампанію, кажа палітолаг.
Лідзія Ярмошына прапанавала правесці тэлевізійныя дэбаты на выбарах дэпутатаў парламента. Таксама старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі выказалася аб магчымасці ўсталявання відэакамер на ўчастках для галасавання паводле расійскага досведу.
РР: Вінцук Вячорка, які з'яўляецца адным з лідараў "Беларускага руху", лічыць, што ўлады нервуюцца з-за магчымага байкоту выбараў. Як вы думаеце, гэта спроба лігітымізацыі будучай парламенцкай кампаніі?
Віктар Марціновіч:Па-першае, я б хацеў зазначыць, што катэгарычна не згодны з версіяй Вячоркі, з тым, што Ярмошына, ці ўлада спужалася байкоту. Здаецца, што больш спрыяльнага для ўлады сцэнару, чым байкот выбараў апазіцыяй, прыдумаць складана. Што тычыцца ідэі відэаназірання на выбарчых участках і прамога эфіра дэбатаў, яна агучана не для таго, каб Вячорка адрынуў ідэю байкота, а для таго, каб Еўропа палепшыла сваё стаўленне да гэтых выбараў. Перад Беларуссю стаіць шэраг пытанняў, перадусім гэта эканамічнае пытанне, пытанне выдзялення МВФ новых крэдытаў, таму трэба запэўніць Еўропу, што выбары будуць не горшымі за расійскія.
РР: Раней прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама казалі, што ў складзе місіі назіральнікаў АБСЕ не правінна быць чальцоў краінаў Еўрасаюза. Ці будзе ЦВК вырашаць пытанне прысутнасці міжнароднай назіральнай місіі?
Віктар Марціновіч:У адносінах з Еўрасаюзам прапануецца стратэгія пугі і перніка, пернік – гэта назіранне за выбарамі ў жывым эфіры і дэбаты кандыдатаў, а пуга – гэта агучаная магчымасць таго, што назіральнікаў з боку АБСЕ не запросяць. Дарэчы АБСЕ ўжо выказалася, што назіральнікі павінныя быць. Улады дэманструюць, што яны будуць рабіць, калі Еўропа не зменіць свайго стаўлення да выбараў. Мне здаецца, што і назіральнікі будуць запрошаныя, і выгляд дэмакратычнасці выбараў будзе створаны, бо цяпер існуе пэўны дэфіцыт легітымнасці, таму гэты дэфіцыт трэба выпраўляць, хаця б на парламенцкіх выбарах.
РР: Ці патрэбная гэтая лігітымнасць беларускім уладам?
Віктар Марціновіч:Па майму меркаванню, да 4 сакавіка 2012 года міжнародная легітымнасць беларускай уладзе не была патрэбная, а вось што будзе ў расійска-беларускіх адносінах пасля 4 сакавіка, адказаць вельмі складана. Даходзяць такія сігналы, што Расія вельмі незадаволеная тым, што адбываецца ў беларуска-кітайскіх адносінах, яна бачыць у кітайцах альтэрнатыву ўласнаму геапалітычнаму становішчу. Таму верагодна будуць вялікія дыскусіі паміж саюзнікамі, падчас якіх трэба мець Захад, як патэнцыйнага крэдытора, на той выпадак, калі расійскія абяцаныя крэдыты будуць пастаўлены пад пытанне. Сітуацыя змянілася.
Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя .
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме