21:45 30.06.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«Маўчанне лепшае за пустаслоў'е»

Апазіцыйныя лідары чарговы раз заявілі аб жаданні кансалідацыі і аб'яднання дэмсілаў. Іх асноўная мэта: вызваленне палітвязняў і свабодныя выбары.

Пра супольную прэс-канферэнцыю шасцёх апазіцыйных лідэраў гавару не з прычыны яе значнасці, але таму, што яна добра адлюстроўвае стан беларускай апазіцыі. За дзве гадзіны да пачатку чарговай «маўклівай акцыі» сабралася шасцёх гаваркіх людзей. Гэта лідары БХД, Партыі БНФ, руху « За Свабоду», АГП, партыі «Справядлівы свет» і грамадскага аб'яднання « Гавары праўду».

У супольнай заяве яны агучылі шэраг патрабаванняў да ўлады, якія неабходныя для правядзення свабодных выбараў. Гэта найперш вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў. Затым, свабода сходаў і СМІ а таксама змена выбарчага заканадаўства. Без дэмакратычных выбараў немагчыма пераадолець палітычны, эканамічны і духоўны крызіс, лічаць апазіцыйныя лідэры. Па словах лідэра АГП-Анатоля Лябедзькі, кожны з 6-ці ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі ўнёс у высакародную справу аб'яднання рэфарматарскіх сілаў па 10%, а астатнія 40% належаць прыхільнікам пераменаў, якія яшчэ не далучыліся да гэтай ініцыятывы.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоу прызнаў, што пакуль усе згодныя ў двух пытаннях: палітвязняў і свабодных выбараў. Ва ўсім астатнім няма згоды, але і ў такой сітуацыі трэба працаваць сумесна. Калі ўлада не выканае асноўных патрабаванняў апазіцыі, тая можа прыступіць да арганізацыі палітычных працэсаў і да байкоту бліжэйшых выбараў.

Пры ўсёй павазе да ўдзельнікаў учорашняй прэс-канферэнцыі, іх пазіцыі, поглядаў і працы, не магу адрэагаваць на іх заявы інакш, як толькі цяжка ўздыхнуўшы. Людзі добрыя! Падумайце! У грамадстве няма дэфіцыту высакародных і слушых лозунгаў ды ідэяў. Няма канструктыўных шляхоў іх ажыццяўлення. Сабраліся тыя самыя людзі, прадстаўнікі тых самых партыяў і рухаў і сказалі тое самае, што гавораць заўжды.

Гэта мне нагадвае справаздачы арганізацыяў кшталту « Human Rights Watch» пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Некалі для жарту я ўзяў мінулагоднюю справаздачу і прадставіў як сёлетнюю. Паверце. Ніхто з калегаў-журналістаў не звярнуў на гэта ўвагі. Акрамя пару новых прозвішчаў, тым не было нічога новага. Каму патрэбная такая справаздача? Хто ёю цікавіцца? Яна найперш патрэбная тым, хто яе рыхтуе, хто дзякуючы ёй мае занятак і корміцца ілюзіяй, што ён патрэбны, што робіць нешта карыснае. Справаздача, заявы і рэзалюцыі мала альбо цалкам не паўплывалі на рэальную сітуацыю, не змянілі ні на ёту беларускага рэжыму ні стаўлення да яго. Груба кажучы: «сабакі брэшуць, а караван едзе далей».

Бадай тое самае можна сказаць і пра лідараў беларускай апазіцыі. Ня трэба бываць на іх прэс-канферэнцыях, каб ведаць, пра што там ідзе гаворка. Ды разбуджаны апоўначы беларус беспамылкова працытуе той шаблонны набор слоў, бо не змянілася нават тэрміналогія не кажучы пра новыя прапановы. Калі ідэя аб'яднання пачынаецца з канстатацыі разыходжанняў, дык рукі ападаюць. Ды я таксама хачу вызвалення палітвязняў, дэмакратыі і свабодных выбараў. Я шмат чаго хачу, ды што з таго?

Я не пасылаю лідараў апазіцыі на барыкады. Не кажу, што трэба ім падстаўляць галовы пад дубінкі, і каб умоўнае пакаранне за 19-га снежня ім змянілі на калонію. Ім проста трэба прызнаць, што яны бездапаможныя. Цягнік падзеяў рушыў без іх. Яны нават ня могуць далучыцца да тых маўклівых пратэстаў, якія праводзяцца стыхійна, і якія, мабыць, больш перспектыўныя. Дык можа і апазіцыйным лідарам варта было б памаўчаць.

Кастусь Бандарук new.racyja.com 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме