00:30 05.11.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
МЗС ПОЛЬШЧЫ: УМОВЫ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЕС І БЕЛАРУСІ ДАКЛАДНЫЯ І ЗРАЗУМЕЛЫЯ
У эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Мікалай Даўгілевіч расказаў пра перспектывы ўдзелу Беларусі ў праграме Ўсходняга партнёрства, уступленні яе ў Еўрасаюз, верагоднасці змякчэння візавага рэжыму і чаканнях ЕС ад прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.
Жаданне ўступіць у Еўрасаюз выказваюць шмат з якіх краін Усходняй Еўропы. Але наколькі гэта верагодна цяпер, калі сусветны крызіс спарадзіў сумнеў у жыццяздольнасці Еўрасаюза нават у яго цяперашнім складзе?
Мікалай Даўгілевіч: Еўрасаюз і зараз пашыраецца, прымае новых сяброў, якія праходзяць праз шэраг палітычных, грамадскіх і эканамічных рэформ. І цяпер, у час глабальнага эканамічнага крызісу, Еўрасаюз будзе ў стане выжыць толькі ў тым выпадку, калі будзе працягваць імкнуцца дасягнуць першапачаткова пастаўленай мэты – аб’яднанне краін-суседзяў. Сэнс не ў тым, каб прыняць да сябе ўсіх кандыдатаў. Гэта немагчыма. І нельга думаць, што няма ніякіх умоў для сяброўства ў ЕС. Але мы мусім быць “адчыненымі дзвярыма”. Апроч таго, нельга забывацца на тое, што праз 20 гадоў Еўрасаюз будзе не здольны аплачваць пенсійную сістэму – наша грамадства старэе. А гэта азначае, што мы павінны быць адкрытымі і мабільнымі. Але і гэта складана. Некаторыя нават кажуць, што пасля апошняга пашырэння ЕС “стаміўся”.
А гэта сапраўды так?
Мікалай Даўгілевіч: Гэта спрэчнае пытанне. Цяпер сапраўды ідуць размовы пра крызіс, пра неабходнасць палепшаць сістэмы ўнутранага кіравання ў краінах ЕС. Кажуць і аб неабходнасці ўнясення зменаў у “Дамову па ЕС”. Так, цяпер не лепшы час для ЕС. І таму цяпер складана быць прыхільнікам адкрытасці ЕС. Цяжка казаць аб неабходнасці ўвядзення бязвізавага руху з краінамі-партнёрамі, што неабходна весці палітыку свабоднага гандлю і падпісанні чарговых дамоў аб асацяцыі. Зараз мы раім краінам-кандыдатам больш шчыльна займацца “хатняй працай”. У той жа час, краіны-партнёры па праграме “Ўсходняе партнёрства” маюць права імкнуцца і нават падаваць заяўку на сяброўства ў ЕС. Але 90% поспеху ў набліжэнні да ЕС залежыць ад таго, як краіны-кандыдаты выканалі “хатняе заданне”. А гэта сур’ёзные фінансавыя высілкі, арганізацыйныя і, што галоўнае, змена законаў. Часцяком неабходная і змена менталітэту. Калі гэтыя рэформы будуць праводзіцца толькі для таго, каб проста паказаць, што нешта робіцца, то ў такой дзейнасці няма сэнсу. Да прыкладу, імкненне ўвесці еўрапейскія стандарты будуць дарэмныя, калі не будзе сапраўднай барацьбы з карупцыяй.
Наколькі далёка краіны-партнёры прасунуліся на шляху супрацоўніцтва з ЕС па праграме Ўсходняга партнёрства?
Мікалай Даўгілевіч: Ад пачатку ўзнялося пытанне аб падпісанні дамоў аб асацыяцыі краін-партнёраў і ЕС. Адразу пасля саміта ў Празе размовы аб падпісанні такой дамовы завялі Малдова, Арменія, Азербайджан і Грузія. Зараз на апошняй фазе перамовы на гэты конт з Украінай. У 2011 годзе Польшча будзе старшынстваваць у ЕС і мы будзем шчаслівыя, калі за гэты час пытанне з Украінай будзе вырашана. Адзіная краіна, якая нават не абмяркоўвае пытанне аб асацыяцыі з ЕС – гэта Беларусь. Беларусь дакладна ведае ўмовы, на якіх будзе дасягнуты прагрэс у яе ўзаемаадносінах з ЕС. Візіт міністраў Сікорскага і Вэстэрвэлле ў Беларусь на гэтым тыдні падкрэсліў – гэтыя ўмовы дакладныя. І мы імкнёмся да таго, каб беларускія ўлады дакладна зразумелі гэтыя ўмовы супрацоўніцтва з ЕС.
Ці разглядаецца ўсё ж магчымасць лібералізацыі візавага рэжыму з краінамі-партнёрамі?
Мікалай Даўгілевіч: Мы хочам, каб Еўракамісія звярнула сур’ёзную палітычную ўвагу на гэтае пытанне. Галоўнае, каб планы дзеянняў па лібералізацыі візавага рэжыму не былі нейкімі бюракратычнымі практыкаваннямі, каб гэтыя планы былі канкрэтнымі, з абмежаванымі тэрмінамі дзеяння. Гэтую тэму мы будзем узнімаць на палітычным узроўні. Да прыкладу, Міністэрства замежных спраў Нямеччыны выступае за лібералізацыю візавага рэжыму з усходнымі краінамі. Але трэба згода астатніх краін ЕС. І справа ідзе вельмі цяжка. Мы дасягнулі таго, што для Украіны і Малдовы ЕС створыць “план пераходу”. Праўда, не называецца канкрэтнай даты, калі яны змогуць перайсці на бязвізавы рэжым. Такім чынам, першыя крокі на гэтым шляху зробленыя. Але мы хочам, каб канкрэтныя даты былі названыя хаця б для гэтых краін.
Дарэчы, ці вырашана пытанне, калі пройдзе першае пасяджэнне Еўранэста?
Мікалай Даўгілевіч: Гэта залежыць ад Беларусі. Пакуль не вырашана пытанне з тым, хто яе будзе прадстаўляць. Пакуль няма інфармацыі пра тое, што нешта з гэтым змянілася. Маю надзею, што беларускі бок будзе больш эластычным. Асабліва ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў. Вельмі гэтага хочам. Бо Еўрапейскі парламент вельмі чакае вырашэння гэтага пытання і прагне пачаць працу. І гэта была б вялікая карысць для Беларусі.
Вы размаўлялі з міністрам Сікорскім пасля яго вяртання з Беларусі? З якім настроем ён вярнуўся?
Мікалай Даўгілевіч: На жаль не – ён адразу паехаў у іншым накірунку і мы размінуліся. Але я думаю, што пасланне, якое ён адвёз у Беларусь, было вельмі дакладным і зразумелым. Еўрасаюз цікавіцца дыялогам з Мінскам і мы хацелі б дасягнуць прагрэсу ў перамовах з Мінскам. Але гэтыя ўмовы павінны быць выкананыя Беларуссю. Найперш гэта тычыцца правядзення прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Гэта будзе свайго роду тэст для вызначэння рэальных намераў улады Беларусі.
Калі ўлады Беларусі не прымуць умовы, якія ім давялі міністры Польшчы і Нямеччына, і выбары ў Беларусі не будуць прызнаныя дэмакратычнымі, якія перспектывы супрацоўніцтва з ЕС застануцца ў нашай краіны ў межах праграмы "Ўсходняе партнёрства"?
Мікалай Даўгілевіч: Я не хачу спекуляваць на тэму “што здарыцца калі”… У гэтым няма сэнсу. Мы лічым, што прэзідэнцкія выбары стануць сігналам для Еўрасаюза, для дэмакратычнага свету, каб размаўляць з Беларуссю, каб мець стасункі з Беларуссю. Гэта нашы надзеі. Зараз не час для спекуляцый.
Зміцер Лукашук, Люблін, Польшча
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |