04:15 28.03.2022 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

МЫ НЕ РАБЫ! НЕ – ДЭКРЭТУ №3!

2 красавіка 2015 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнка быў падпісаны Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Нарматыўны прававы акт, што выклікаў незадаволенасць народа і шырокія грамадскія абмеркавання, больш вядомы ў народз” як “дэкрэт аб дармаедстве”.

У якасці асноўнай мэты дэкрэта фармулявалася імкненне дзяржавы пакрыць выдаткі на сацыяльныя паслугі, якія аказваюцца грамадзянам, што не прымалі ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або прымалі такі ўдзел у недастатковым памеры.

На думку аўтара дэкрэта, дадзены нарматыўны прававы акт павінен быў стымуляваць працаздольных грамадзян да легальнай працоўнай дзейнасці і да забеспячэння выканання іх канстытуцыйнага абавязку па ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Урад Беларусі сустрэў Дэкрэт №3 з захапленнем, ацаніў яго як актуальны, важны, неабходны. На думку прадстаўнікоў Урада, дэкрэт павінен быў аказаць пазітыўнае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уцягненне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва.

Першапачаткова, згодна з палажэннямі Дэкрэта №3, кожны грамадзянін, не заняты ў эканоміцы Беларусі, павінен быў выплачваць гадавы збор у памеры 20 базавых велічынь. Да “дармаедаў” дэкрэт адносіў ўсіх, хто прапрацаваў у справаздачным годзе менш за 183 каляндарныя дні.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) адна з першых звярнула ўвагу на неканстытуцыйнасць прэзідэнцкага Дэкрэту №3, абмеркавала сітуацыю па ім на круглым стале з удзелам прадстаўнікоў левых палітычных партый і незалежных прафсаюзаў, звярнулася ў Канстытуцыйны суд і падмацавала сваю пазіцыю 10 000 подпісаў, сабраных за адмену гэтага дэкрэта і накіравала іх у адміністрацыю прэзідэнта. Тады ўлада не прыслухалася да пазіцыі партыі і грамадства ўскалыхнулі шматлікія пратэсты ва ўсіх буйных гарадах краіны.

У пачатку 2017 г. Аляксандр Лукашэнка чарговым дэкрэтам унёс змены ў Дэкрэт №3, удакладніўшы Спіс вызваленых ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. У тым ліку ў спіс увайшлі беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці або праходзяць навучанне па кірунку органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; бацькі, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, пры ўмове, што дзіця не наведвае ўстанову дашкольнай адукацыі; людзі, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і інш. Логіка заканадаўцы здзіўляе і тут: чаму права дзіцяці на дашкольную адукацыю павінна нейкім чынам залежыць ад выканання бацькамі абавязкаў па фінансіванні дзяржавы? Дзяржава павінна забяспечваць права на адукацыю любога дзіцяці незалежна ад жыццёвых абставінаў яго бацькоў.

Рэалізацыя нормаў дэкрэта была адкладзеная да 20 студзеня 2017 г.

Падатковыя органы накіравалі каля 500 тысяч паведамленняў на выплату збору. Збор заплацілі крыху больш за 10% грамадзян, якія атрымалі паведамленні. Пры гэтым у бюджэт паступілі каля 16,3 млн рублёў. Многія звярнуліся з заявамі аб вызваленні ад выплаты збору.

У сакавіку 2017 г. Аляксандр Лукашэнка прыпыніў дзеянне Дэкрэта №3 да 2018 г., абвінаваціўшы чыноўнікаў у “агідным і безадказным” выкананні нарматыўнага акту і паведаміўшы аб чарговай карэкціроўцы дэкрэта.

У студзені 2018 г. быў падпісаны новы дэкрэт, які пераўтварыў Дэкрэт №3 ад 2 красавіка 2015 г. у Дэкрэт №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” і фактычна адмяніў яго ранейшую рэдакцыю. Згодна з абноўленым нарматыўным актам, пачынаючы з 1 студзеня 2019 г. працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы, павінны аплачваць камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме.

31 сакавіка 2018 г. пастановай №239 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь быў вызначаны парадак аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, а таксама былі рэгламентаваны абсалютна новыя меры ўздзеяння да “дармаедаў” і “утрыманцаў”.

У снежні 2018 г. была сфармавана “база дармаедаў”. Калі грамадзянін аказваецца ў базе , то з 1 студзеня 2019 г. ён павінен па поўных тарыфах аплачваць гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 г. – усё вода- і газазабеспячэнне.

Не будзем паглыбляцца ў падрабязнасці нормаў аб сацыяльных утрыманцах, якія даволі часта змяняюцца, і звернемся да самой сутнасці заканадаўства “аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, дамо яго прававую ацэнку.

Уяўляецца, што Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” стаў сапраўдным правалам беларускай законатворчасці. Тэарэтычна дрэнная ідэя была яшчэ горш рэалізавана на практыцы. Дэкрэт №3 трансфармаваўся ў новую рэдакцыю Дэкрэта №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Гэтая рэдакцыя складзена так, каб сцерці найбольш вострыя вуглы дэкрэта-папярэдніка, аднак і гэты дакумент, як і ранейшы, не адпавядае ні нацыянальнаму, ні міжнароднаму заканадаўству.

Адразу адзначым, што дадзены нарматыўны прававы акт супярэчыць частцы 4 арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой “прымусовая праца забараняецца, акрамя працы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным ці ваенным становішчы”.

Акрамя таго, прынцып забароны прымусовай працы знайшоў замацаванне ў цэлым шэрагу як універсальных міжнародных прававых актаў, так і актаў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Права кожнага чалавека на працу, на свабодны выбар працы, на справядлівыя і спрыяльныя яго ўмовы, на абарону ад беспрацоўя прадугледжвае Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

У арт. 6 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах вызначана, што права на працу ёсць права кожнага чалавека на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую чалавек свабодна выбірае і на якую ён свабодна згаджаецца.

Да асноўных актаў МАП, прысвечаных забароне прымусовай працы, варта аднесці Канвенцыю МАП №29 “Аб прымусовай ці абавязковай працы”, а таксама Канвенцыю МАП №105 “Аб скасаванні прымусовай працы”.

У п. 1 арт. 2 Канвенцыі №29 “прымусовая або абавязковая праца” вызначаная як усялякая праца або служба, якую патрабуюць ад асобы пад пагрозай пакарання, пры ўмове, што гэтая асоба не прапанавала добраахвотна сваіх паслуг для такой працы.

Калі супаставіць прыведзеныя палажэнні міжнароднага заканадаўства з нацыянальным беларускім заканадаўствам, то ўбачым, што нацыянальнае заканадаўства наогул не выкарыстоўвае паняцце “свабода працы”. І гэта не здарма. Тым не менш, аналіз нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных прававых актаў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што беларускае заканадаўства вымушана прызнае прынцып свабоды працы, хай не прама, але ўскосна. Нідзе ў нормах беларускага заканадаўства, да Дэкрэта №3, праца не згадваецца ў якасці прымусовага абавязку, за невыкананне якога да грамадзяніна прымяняюцца меры адказнасці.

Такім чынам, менавіта з прыняццем Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, а таксама дэкрэтаў, якія рушылі за ім, у тым ліку і ў новай рэдакцыі пад назвай “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, у беларускім нацыянальным заканадаўстве здзейснена спроба фармальнага замацавання і практычнай рэалізацыі прымянення прымусовай працы насуперак нормам не толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і шэрагу палажэнняў міжнароднага права.

Названыя нарматыўныя прававыя акты непасрэдна замацоўвалі і замацоўваюць прымусовую працу як абавязак грамадзяніна выконваць тую, ці іншую працу або службу пад пагрозай прымянення да яго пакарання, пры ўмове, што грамадзянін сваіх паслуг для выканання гэтай працы або службы не прапаноўвае.

Беларускі заканадаўца пайшоў далей і замацаваў для “дармаеда” альтэрнатыўную магчымасць замест выканання прымусовай працы “адкупіцца”, выплаціўшы дзяржаве суму ў памеры 20 базавых адзінак.

Складанасці ў практычнай рэалізацыі антысацыяльнага Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльным утрыманстве” шмат у чым выкліканы салідарнай негатыўнай рэакцыяй беларускага грамадства на падобныя навацыі. Справядлівае абурэнне грамадзян у дачыненні да гэтага дэкрэту падаграваецца відавочна недастатковымі мерамі з боку дзяржавы па мінімізацыі беспрацоўя, стварэнні новых працоўных месцаў з годнай заработнай платай, ліквідацыяй практыкі пераводу работнікаў на няпоўны працоўны дзень або выкананнем працы ва ўмовах няпоўнага працоўнага тыдня, сыходу ў адпачынак за свой кошт і г. д.

У такіх умовах, пры пастаянным павелічэнні ўзроўня беспрацоўя і зніжэнні даходах насельніцтва, устанаўленне штрафных санкцый для людзей, якія апынуліся без працы або перабіваюцца выпадковымі, часовымі заробкамі, уяўляецца сур’ёзным парушэннем эканамічных і сацыяльных правоў беларускіх грамадзян.

Зыходзячы з вышэйагучанага, БСДП лічыць, што Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і яго адвольная ў выглядзе Дэкрэта №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” парушаюць правы беспрацоўных жанчын і мужчын Беларусі. Дзяржава павінна турбавацца аб тым, як ствараць працоўныя месцы з годным заробкам, а не пра тое, як спагнаць са сваіх грамадзян сродкі для існавання дзяржаўных структур і кампенсацыі недапрацовак улады. Гэты дэкрэт павінен быць скасаваны.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме