17:46 30.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

МIЛIНКЕВIЧ ЗНАЙШОЎ МАРГIНАЛАЎ... ЦI ЗГОДНЫ З ТАКОЙ КРЫТЫКАЙ IНШЫЯ ПАЛIТЫЧНЫЯ ЛIДЭРЫ?


Аляксандр Мiлiнкевiч нечакана выступiў з рэзкай крытыкай апазiцыi. "Было шмат размоў, чаму беларуская апазiцыя не прымае ўдзел у перамовах беларускiх улад i Захаду. Яна не заслужыла гэтага, таму што стала маргiнальнай, слабай, — заявiў палiтык. — Мы менш сталi ўплываць на грамадства. Нам не трэба вырашаць пытанне не з Еўрасаюзам, што нас кудысьцi не паклiкалi i не пасадзiлi за нейкi стол, а трэба вырашаць пытанне аб сваiм уплыве на беларускае грамадства".

Да ведама: маргiнал — ад лацiнскага marginales — той, хто знаходзiцца з краю, страцiў сацыяльныя сувязi i не прыстасаваўся да новых умоў.
Цi згодны з такой крытыкай iншыя палiтычныя лiдэры?

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыi:
— Мяне здзiўляе, што за тры гады па шмат якiх пытаннях адбыўся разварот палiтыка Мiлiнкевiча на 180 градусаў. У 2006-м, калi апазiцыя вылучала яго ў якасцi адзiнага кандыдата на пост прэзiдэнта, яна, на яго думку, не была нi слабай, нi маргiнальнай, i Аляксандр Мiлiнкевiч знаходзiў для беларускай апазiцыi самыя лепшыя словы. Мы за гэтыя гады не сталi больш моцнымi, але мы i не сталi слабейшымi. Атрымоўваецца, што тры гады таму, калi дэмакраты былi яму патрэбны, была адна ацэнка, а зараз — зусiм iншая. Гэта мне нагадвае сiтуацыю, калi дарослыя дзецi пачынаюць саромецца i абыходзiць бокам сваiх бацькоў. Калi ўзяць выступленне Аляксандра Мiлiнкевiча год таму на Днi Волi i яго сённяшнiя выказваннi, то можа скласцiся ўражанне, што гэта прамовы розных людзей. Значыць, з некiм нешта адбылося…

Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi:
— Я гаварыў i гавару: беларуская апазiцыя не мацнейшая i не слабейшая, чым была апазiцыя ў Польшчы падчас "Салiдарнасцi", альбо ва Украiне i Грузii падчас каляровых рэвалюцый. Iншая справа, як раскладваюцца геапалiтычныя карты, якiя ставяцца мэты, якiя апазiцыя мае рэсурсы. Прывяду просты прыклад — парламенцкiя выбары. Беларуская апазiцыя выступiла на iх з адзiным спiсам кандыдатаў у дэпутаты — такiх прыкладаў у свеце няшмат. Больш за тое, мы правялi гэту кампанiю практычна без рэсурсаў, i па многiх акругах правялi вельмi ўдала, дынамiчна. Дзе яшчэ, не маючы грошай, кандыдаты пойдуць на выбары?.. Сапраўды, так замацоўваецца сталь. Але ў тых умовах, у якiх мы працуем, перамагчы вельмi цяжка, практычна немагчыма.

Павел СЕВЯРЫНЕЦ, сустаршыня аргкамiтэта па стварэннi партыi Беларуская хрысцiянская дэмакратыя:
— Па вялiкiм рахунку Аляксандр Мiлiнкевiч мае рацыю. Праблемы Беларусi не гiстарычныя, не ў расiйскiм цiску, не ў жорсткасцi рэжыму, праблемы Беларусi — у нас самiх i канкрэтна ў тых людзях, якiя ўзялi на сябе адказнасць за перамены ў краiне. Беларуская апазiцыя праўда слабая i нямоглая. I ў першую чаргу трэба мяняць самiх сябе, мяняць i пакаленнi ў палiтыцы, i метады працы, i светапогляд. Безумоўна, трэба падзякаваць людзям, якiя змагаюцца шчыра i самааддана за лепшае будучае Беларусi — тым жа маладафронтаўцам, людзям у рэгiёнах, але, па вялiкiм рахунку, я з Мiлiнкевiчам пагаджуся. Менавiта дзеля таго, каб змянiць сённяшнюю сiтуацыю, мы ствараем новую палiтычную сiлу — партыю Беларуская храсцiянская дэмакратыя, ствараем на маральным падмурку.

Станiслаў ШУШКЕВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады:
— Для мяне гэтыя заявы Аляксандра Мiлiнкевiча сталi вялiкай нечаканасцю. Лiчу, што Мiлiнкевiч сам не дасягнуў так шмат, каб крытыкаваць апазiцыю. I я б параiў Аляксандру Уладзiмiравiчу ўстрымацца ад падобных заяў i крытыкаваць у першую чаргу самога сябе. Хаця б таму, што кандыдатам у прэзiдэнты Мiлiнкевiч вылучаўся ад гэтай апазiцыi, таму крытыкаваць яе ён не мае маральнага права.

Сяргей КАЛЯКІН, першы сакратар Партыi камунiстаў Беларускай:
— Кожны мае права на крытыку, асаблiва, калi ў тым лiку ацэньвае самога сябе, як гэта зрабiў Аляксандр Мiлiнкевiч, бо ў дзейнасцi апазiцыi ён прымаў самы непасрэдны ўдзел. Я лiчу так: гаварыць пра тое, што беларуская апазiцыя вельмi моцная, было б вялiкiм перабольшваннем. Але трэба разумець i тое, што так сканструявана палiтычная сiстэма — апаненты ўлады апынулiся па-за сiстэмай, яны не маюць рычагоў для вялiкага ўплыву. У той жа час памылкай будзе лiчыць беларускую апазiцыю слабай i неўплывовай, бо, нягледзячы на тое, што беларускiя ўлады нiколi не спасылаюцца на нашы "падказкi" i патрабаваннi, яны часта кiруюцца iмi. Мы сапраўды не сядзiм за сталом перамоў памiж Еўрасаюзам i беларускай дзяржавай, але такога i не можа быць, бо гэта не ўнутраны дыялог, гэта мiжнародныя перамовы, якiя iдуць памiж афiцыйнымi структурамi. У той жа час мы, наша апазiцыя прысутнiчае на гэтых перамовах, еўрапейскi бок i выкарыстоўвае, i ўлiчвае нашы рэкамендацыi.
Што ж тычыцца таго, што трэба станавiцца больш моцнымi, больш уплывовымi ў грамадстве… Тут няма з чым спрачацца. Трэба!

Лявон БАРШЧЭЎСКІ, старшыня Партыi БНФ:
— Тут адно з двух: альбо Аляксандр Мiлiнкевiч ужо не лiчыць сябе апазiцыяй, альбо i ён маргiнальны i слабы. Калi Мiлiнкевiч ужо не ў апазiцыi, то няхай скажа народу — дзе ён i з кiм ён? Я лiчу, што беларуская апазiцыя такая, якой яна можа быць пры гэтай уладзе. Яна не можа быць лепшай.

ДАРЭЧЫ
Беларусь мае шанц першай з СНД уступiць у ЕС
25 сакавiка, у Дзень Волi, лiдэр руху "За свабоду" Аляксандр Мiлiнкевiч правёў прэс-канферэнцыю, падчас якой заявiў:
"Групу патэнцыяльных членаў еўрапейскай праграмы "Усходняе партнёрства" ўмоўна падзяляюць на "тры плюс тры". Беларусь, Украіна, Малдова — з аднаго боку, i тры закаўказскiя краiны — Арменiя, Азербайджан, Грузiя — з другога. Сення ў Еўропе гавораць, што першыя тры краiны, у тым лiку i Беларусь, могуць стаць членамi Еўрасаюза. З цягам часу… Iншымi словамi, з шасцi краiн тры пэўна маюць шансы (калi захочуць) стаць членамi гэтага еўрапейскага аб'яднання. У размовах з еўрапейскiмi палiтыкамi я чуў наступнае: Беларусь сярод гэтых трох краiн можа стаць першай. Нам больш за ўсё перашкаджае аўтарытарная сiстэма праўлення, рэпрэсii, парушэнне правоў чалавека, але калi гаварыць пра ўзровень эканамiчнага развiцця, аб навуковым патэнцыяле, аб узроўнi адукацыi, iнфраструктуры, пра традыцыi, пра культуру — мы, безумоўна, з гэтай тройкi маем шанц першымi ўступiць у Еўрасаюз. Зразумела, пры адпаведнай палiтыцы беларускiх улад".
Нагадаем: Еўрапейскi Саюз — аб'яднанне 27 еўрапейскiх краiн, унiкальная мiжнародная з'ява. Яно спалучае ў сабе прыкметы мiжнароднай арганiзацыi i дзяржавы. Памiж краiнамi Еўрасаюза людзi перамяшчаюцца i працуюць абсалютна свабодна, без усялякiх вiз. Блiжэйшыя нашы суседзi — Польшча, Лiтва, Латвiя з'яўляюцца членамi ЕС.
Алена НОВIКАВА "Народная Воля" 27.03.2009   №47-48   -    

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме