18:00 25.07.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
МАРНЫЯ СПАДЗЯВАННІ НА НЯМЕЦКА-РАСІЙСКІЯ ДАМОВЫ
Польскае прэсавае агенцтва паведаміла са спасылкай на прадстаўніка федэральнага канцлера Германіі, што стан справаў у Беларусі мусіў стаць адной з тэмаў нямецка-расійскіх кансультацыяў на вышэйшым узроўні ў Гановеры, якія прайшлі 18–19 ліпеня. Берлін нібыта збіраўся пераканаць Маскву разам націснуць на афіцыйны Мінск, каб той вызваліў палітвязняў.
Аднак у пераліку закранутых пытанняў, абвешчаным па завяршэнні перамоваў паміж бундэсканцлерынАнгелай Мэркель і расійскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым, гэты пункт не значыўся.
Стаўка на ўзаемадзеянне Бруселя і Масквы
Шчыра кажучы, нават не выключаючы гіпатэтычнай магчымасці такой размовы, любая надзея на яе станоўчы вынік была марная. Гэта мы ўжо праходзілі, прычым неаднаразова. Праўда, на першых этапах супрацьстаяння Бруселя і беларускага рэжыму ступень расійскага ўплыву на апошні яўна недаацэньвалася.
Вынаходнікам ідэі пра тое, што ў Беларусі нешта зменіцца толькі тады, калі яна зробіцца «зонай плённага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Еўрасаюзам», можна лічыць кіраўніка Кансультатыўна-наглядальнай групы АБСЕ ў Беларусі Ганса-Георга Віка. Нямецкі дыпламат спрабаваў прасоўваць гэтае меркаванне на пачатку сваёй дзейнасці, але сустрэў вельмі моцны супраціў з боку беларускай апазіцыі дый неўзабаве сам усвядоміў бесперспектыўнасць гэтай ідэі.
Тым не менш, некаторыя еўрапейскія палітыкі і аналітыкі з прычыны пастаянных няўдалых спробаў ЕС самастойна вырашыць «беларускае пытанне» прыйшлі да высновы, што магчымасці Еўрасаюза ў аказанні ўплыву на Беларусь ужо вычарпаныя і наспела неабходнасць ужыць іншую стратэгію.
На іхнае перакананне, еўрапейскія лідары, асабліва нямецкі канцлер, мусілі выкарыстаць свае добрыя адносіны з тагачасным расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, каб дамагчыся змены пазіцыі Масквы.
Больш ці менш сістэматычныя спробы далучыць нашу ўсходнюю суседку да рашэння «беларускай праблемы» пачаліся ў 2004 годзе, калі ў красавіку брытанскі дзяржаўны міністр па справах Еўропы Дэніс Макшэйн заявіў: «Нас моцна турбуе абсалютнае грэбаванне правамі чалавека ў Беларусі. Масква і Брусель павінны ўзаемадзейнічаць у падтрымцы дэмакратыі, у прасоўванні вяршэнства закону і захаванні правоў чалавека ў гэтай краіне».
Асабліва ўважліва такі падыход у Еўропе пачалі разглядаць напярэдадні і пасля правядзення ў кастрычніку 2004 года рэферэндуму, што даў Аляксандру Лукашэнку магчымасць кіраваць бестэрмінова. Меркавалася, у прыватнасці, што падчас перамоваў з Расіяй наконт яе ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю можна будзе падштурхнуць Маскву паўплываць на беларускае кіраўніцтва, каб прымусіць тое пайсці на нейкі кампраміс у захаванні агульнапрызнаных дэмакратычных стандартаў. Аднак у канчатковым выніку дазвол Еўрасаюза на ўступленне Расіі ў СГА быў дадзены, а так і застаўся на месцы.
Беларусь як сфера ўплыву Расіі
Кожны раз, калі прадстаўнікі Саюза размаўлялі пра Беларусь, яны чулі з Масквы адзін і той жа адказ: «Мы самі разбярэмся».
Напрыклад, 25 лістапада 2004 года ў Гаазе прайшоў чарговы саміт «Еўрасаюз–Расія», дзе ЕС планаваў абмеркаваць стаўленне РФ да яе суседзяў: Беларусі, Малдовы, Украіны і каўказскіх рэспублік. Аднак тая расцаніла гэта як «умяшанне ў сферу свайго ўплыву» і катэгарычна не пажадала не толькі падтрымліваць памкненні аб’яднанай Еўропы, але нават проста разглядаць гэтае .
Расійскае знешнепалітычнае ведамства наступным чынам пракаментавала абмеркаванне беларускага пытання на адной з сустрэч прадстаўнікоў Расіі ды ЕС: «Нам вядомы крытычны настрой Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі.
Разам з тым, мы не можам пагадзіцца са сцвярджэннямі пра тое, што Беларусь ёсць нейкай праблемнай зонай у плане дэмакратыі».
Па сутнасці, тое самае адбылося і праз два гады. Заклік старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу да Расіі «выкарыстаць свой велізарны ўплыў на Беларусь з тым, каб пераканаць яе заняць годнае месца ў дэмакратычным свеце», застаўся без адказу.
Вынікам усіх гэтых няўдалых спробаў сталася тое, што ў ЕС імкліва паменшыліся ілюзіі адносна магчымасці «дэмакратызацыі» Беларусі Расіяй.
ЕС і Расія: розныя намеры ўплыву на Беларусь
Вядома, з таго часу агульнае становішча даволі істотна змянілася. У першую чаргу гэта тычыцца беларуска-расійскіх дачыненняў, пагаршэнне якіх цяпер відавочнае, нягледзячы на заявы, што эмацыйнасць у стасунках з Масквой – гэта нармальная з’ява.
Хутчэй за ўсё, менавіта гэтае пагаршэнне і дало падставы асобным расійскім палітолагам прыйсці да высновы, што кансалідацыя Расіі ды Захаду ў беларускім пытанні працягваецца.
Яны сцвярджаюць, што падзеі 19 снежня аказаліся тым чыннікам, які нібыта аб’яднаў Еўропу і Расію, бо ў іх з’явілася агульнае абурэнне з таго, што адбываецца ў нашай краіне.
У тым, што абодва бакі віталі б змену вышэйшай улады ў Беларусі, сумненняў практычна няма. Вось толькі намеры пры гэтым у іх цалкам розныя.
Наўрад ці хто будзе спрачацца, што пры ўсіх намаганнях аб’яднаная Еўропа не здолела дабіцца кардынальных зменаў ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі. Адпаведна можна выстаўляць ёй з гэтай нагоды розныя прэтэнзіі, хоць пры гэтым не варта забываць пра абыякавасць пераважнай большасці беларускага насельніцтва.
Але што тычыцца галоўнай мэты, дык у Еўрасаюза немагчыма знайсці якіх-небудзь карыслівых памкненняў, апрача натуральнага жадання мець на сваіх межах добрых спакойных суседзяў.
Як паказвае практыка, такімі бываюць толькі дэмакратычныя дзяржавы.
Пра мары ж усходніх «хаўруснікаў» казаць так, на вялікі жаль, не выпадае. Цалкам зразумела, што ні раней, ні сёння ў Крамля не ўзнікла б сур’ёзных цяжкасцяў, калі б ён вырашыў ажыццявіць тут радыкальныя перамены «ў вярхах». Аднак раней улады Беларусі збольшага задавальнялі Расію ў якасці партнёраў. Цяпер жа існуе небяспека, што калі дазволіць падзеям развівацца бескантрольна, Беларусь, як у свой час Украіна, павернецца на Захад. А гэта для імперскіх настрояў, што па-ранейшаму пануюць у расійскім грамадстве (і асабліва ў палітычнай эліце), горш за востры нож. Не кажучы ўжо пра пэўныя ваенна-стратэгічныя і эканамічныя страты.
Ці можа дэмакратыя прыйсці ў Беларусь з усходу?
Што ж тычыцца «агульнага абурэння» з адсутнасці ў Беларусі дэмакратыі, дык яскравым сведчаннем таго, што адбываецца ў Расіі, стаў вакол прысуджэння расійскаму прэм’еру нямецкай прэміі «Квадрыга», які грымнуў якраз падчас сустрэч у Гановеры.
Ён чарговы раз пацвердзіў, што тамтэйшы палітычны рэжым прынцыпова не адрозніваецца ад беларускага. У Расіі таксама няма ні сумленных выбараў, ні па-сапраўднаму вольных медыяў, і там разганяюць пратэстныя дэманстрацыі, а журналістаў збіваюць. Так што калі б не энерганосьбіты і ядзерная зброя, адносіны да Масквы былі б такія самыя.
Таму не трэба ўспрымаць як ісціну выказванні расійскіх афіцыйных асобаў накшталт амбасадара Сурыкава. Справы дэманструюць сапраўдны стан рэчаў нашмат лепей, чым любыя словы. Спадзяванне на прыход дэмакратыі з усходу ёсць, як мінімум, небяспечнай наіўнасцю, якая – вольна ці нявольна – насамрэч падштурхоўвае Беларусь да страты дзяржаўнага суверэнітэту.
Міхась Ільінскі
25 лiпеня 2011
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме