11:30 16.02.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
МАКЕЙ ЧАКАЕ ПРАПАНОЎ...
Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і адначасова старшыня Грамадска-кансультацыйнага савета чакае канструктыўных прапаноў ад сябраў, якія ўваходзяць у гэтую структуру.
Нагадаем, што Грамадска-кансультацыйны савет быў створаны на самым пачатку 2009 года для “абмеркавання актуальных пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства, выпрацоўкі прапаноў па больш актыўным уцягванні Беларусі ў агульнасусветныя працэсы, удасканалення накірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны”.
Агулам у склад структуры ўвайшло каля 30 чалавек. Сярод іх былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, старшыня РГПА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў і іншыя...
Сябры савета “доўга запрагалі”, абмяркоўваючы, як павінен працаваць дарадчы орган, якія пытанні павінны выносіцца на абмеркаванне, і ў рэшце рэшт “паехалі”...
У лістападзе мінулага года, якраз напярэдадні таго, як на парадак дня было вынесена пытанне аб унясенні змен у выбарчае заканадаўства, адбылося нешта надзвычайнае. Відавочна, што пытанне празрыстасці выбарчага працэсу застаецца адным з самых балючых для беларускіх улад. Таксама дакладна вядома, што ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч збіраўся агучыць цэлы шэраг прапаноў, якія былі б скіраваны на паляпшэнне “выбарчага клімату” ў краіне. Але не склалася... Напярэдадні пасяджэння Уладзімір Макей аб’явіў аб прыпыненні працы савета. “Спакойнае і канструктыўнае развіццё падзей аказалася не даспадобы некаторым апазіцыйным дзеячам. Нападкі на ГКС былі і раней, але напярэдадні пасяджэння па выбарчым заканадаўстве прынялі асабліва развязны характар”, — гаварылася ў заяве, якую тады распаўсюдзіў Уладзімір Макей. Старшыня савета вырашыў, што трэба ўзяць тайм-аут...
Пасля гэтага адны палічылі, што такім чынам Макей пазбегнуў непрыемнай размовы пра праблемы ў галіне правядзення выбараў, іншыя ўвогуле ўпэўнены, што Грамадска-кансультацыйны савет спыніў сваё існаванне. Трэція прадказвалі канец спробам, якія ледзь распачаліся, па лібералізацыі і дыялогу ў грамадстве...
Аднак падобна на тое, што Грамадска-кансультацыйны савет аказаўся не патрэбны ўладзе толькі на перыяд выбараў у мясцовыя Саветы. А пасля іх завяршэння ён працягне сваё існаванне. Па крайняй меры, менавіта такім аказаўся вынік кансультацый Уладзіміра Макея з членамі савета.
“Такая структура, безумоўна, патрэбная. Аб гэтым гаварылася на апошнім пасяджэнні сябраў ГКС, — расказаў “Народнай Волі” адзін з удзельнікаў пасяджэння Алег Трусаў. — Мы дамовіліся, што наступны раз збяромся ў маі бягучага года, пасля выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Да гэтага часу Уладзімір Макей чакае ад сябраў савета прапаноў наконт таго, якія пытанні павінны быць абмеркаваны. Што да мяне асабіста, то я прапаную абмеркаваць становішча беларускай мовы ў краіне. Гэта балючае пытанне, тут ёсць шмат праблем. Але, на здзіўленне, я пакуль не атрымаў падтрымкі сваёй ініцыятывы нават з боку дэмакратаў... Тыя ж Гулак і Багданкевіч, калі бачаць Макея, пераходзяць на рускую мову... Акрамя таго, асабіста мне хацелася б, каб былі абмеркаваны праблемы ў сучаснай беларускай адукацыі. Асабліва праблемы сярэдняй школы, якая фактычна зруйнавана... Пакуль немагчыма сказаць, якія канкрэтна пытанні будуць узняты на майскім пасяджэнні ГКС — да вясны яшчэ ёсць час...”
Сямён КАРПЫЗА "Народная Воля" ()Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме