09:47 22.09.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

МАЎКЛІВЫЯ АКЦЫІ НА ФОНЕ ГУЛЬНЯЎ З ЗАХАДАМ

Праведзеныя ў сераду акцыі маўклівага пратэсту абмяркоўваюць аглядальнік “Свабоды” Юры Дракахруст і намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Наша ніва” Зьміцер Панкавец.

Соўсь: Адноўленыя ў сераду пасьля амаль двух месяцаў перапынку агульнанацыянальныя акцыі пратэсту аказаліся зусім нешматлюднымі. У бальшыні гарадоў, анансаваных як месца збору неабыякавых грамадзянаў, на вуліцы выйшлі пераважна супрацоўнікі спэцслужбаў і міліцыянты. У Менску актыўнасьць таксама непараўнальная з той, што назіралася цягам двух першых летніх месяцаў. На якія асаблівасьці падзеяў 21 верасьня вы б зьвярнулі ўвагу?

Дракахруст: Па-першае, вядома, на малалюднасьць акцыяў. Няшмат людзей было ў Менску, у многіх гарадах, дзе акцыі плянаваліся, яны наагул не адбыліся. Калегі ўжо зьвярнулі ўвагу на параўнальна стрыманыя паводзіны праваахоўных органаў, хаця іх супрацоўнікаў было вельмі шмат. Як заўжды, месцы магчымага правядзеньня акцыі былі блякаваныя, але калі людзі ўсё ж сабраліся, то прынамсі ў Менску ім далі магчымасьць нават бесьперашкодна папляскаць у далоні, чаго раней не было. Затрыманьні былі фактычна адзінкавыя: хапуну, такога, як быў, скажам, 3 ліпеня, не назіралася.

Я б дадаў, што прычына ня толькі ў папярэджаньнях Эўразьвязу, бо ён заўсёды пра гэта папярэджваў, а фактычна ў той гульні, якую ўлады пачалі з Захадам – і ў сувязі з крэдытам МВФ, і ў больш шырокім фармаце, і таму была такая стрыманасьць. Сапраўды, што да інтэрнэту, то тут улады спрацавалі даволі граматна, і тролі працавалі праўрадавыя. Я б яшчэ зьвярнуў увагу на тое, што ў дадзеным выпадку арганізатары гэтай акцыі вылучалі чыста сацыяльныя лёзунгі, але, як бачым, гэта не спрацавала.   

Панкавец: Найперш хачу сказаць, што згубілася тая нэрва, якая існавала ў акцыях у чэрвені. Не было асаблівай цікавасьці да акцыі. Гэта можна было нават прасачыць па сайтах незалежных выданьняў: онлайны не чыталіся так актыўна, як раней. Цяжка ўвайсьці ў адну раку двойчы. І сёньняшняя акцыя гэта даказвае.

Як мне падаецца, малалюднасьць найперш можа сьведчыць пра тое, што ў людзей зьнікла тая першасная эўфарыя, што Лукашэнку можна скінуць з наскоку. Людзі бачаць, што эканамічны крызіс не да такой ступені моцна падарваў асновы гэтага рэжыму і што ўсё так лёгка не адбудзецца.

А што да таго, што міліцыя не ўжывала сілы, то тут таксама палка аб двух канцах. Вядома, гэта добра кладзецца ў фармат перазагрузкі стасункаў з Эўразьвязам, але, з другога боку, гэта стварае заўсёды небясьпеку для ўладаў, што іншым разам можа выйсьці людзей больш, і нават істотна больш, калі ня будзе ўжывацца сіла, і таму для іх гэта заўсёды цяжкое рашэньне.

Соўсь: Пасьля апошняй, ліпеньскай маўклівай акцыі выказваліся меркаваньні, што летам народ адпачывае, сядзіць на летніках, а вось увосень ужо зьбярэцца зь сіламі і... Чакалася, што сваю ролю адыграе і паглыбленьне крызісу. З паглыбленьнем крызісу прагнозы спраўдзіліся, цэны не спыняюць свайго бегу: ужо ў верасьні інфляцыя перасягнула гадавы прагноз МВФ. Чарговая дэвальвацыя паказала сапраўдны стан эканомікі краіны. Чаму гэта не адбілася на грамадзкіх настроях і на маштабах акцыі?

Дракахруст: Магчыма, таму, што форма з тых ці іншых прычынаў аказалася непрывабнай нават для тых, хто не задаволены існым становішчам. Уласна кажучы, рабочыя ці бюджэтнікі – тыя, хто асабліва цярпіць ад дэвальвацыі, ад росту цэнаў – і ўлетку ня надта былі схільныя ўдзельнічаць у гэтых акцыях. А цяпер, як сказаў Зьміцер, відаць, у іх расчаравалася і актыўная фэйсбукавая моладзь. Ці запалохваньне дало свой плён, ці і расчараваньне, і запалохваньне, аднак ясна, што людзі не захацелі рызыкаваць для таго, каб папляскаць у ладкі.

Не выключаю, што яшчэ ў ліпені гэтая ідэя, гэты жанр выпрацаваў, так бы мовіць, рэсурс сваёй прывабнасьці, і аднавіць яго цяпер не ўдалося.

Панкавец: Падаецца, што менавіта ў летнія месяцы людзі адчулі гэты крызіс, яго праявы найбольш востра. А цяпер у іх пачынае зьяўляцца асьцярожная надзея на стабілізацыю сытуацыі. На мінулым тыдні, скажам, зьявілася валюта ў абменьніках, цяпер людзі бачаць, што нібыта рубель крыху ўмацоўваецца. Калі такія тэндэнцыі будуць працягвацца, то казаць пра масавыя восеньскія акцыі, пра якія ня раз гаварыла партыйная апазыцыя, відаць, не выпадае.  

Соўсь: Шэраг палітычных і грамадзкіх арганізацыяў абвясьцілі, што 8 кастрычніка правядуць па ўсёй краіне акцыю “Народны сход”. У сьвятле вынікаў маўклівай акцыі 21 верасьня якімі вам бачацца пэрспэктывы “Народнага сходу”?

Дракахруст: Фармальна прагноз рабіць складана. Вядома, нарэшце ў абменьнікі вярнуўся даляр, але, з другога боку, яго вяртаньне вельмі шмат каму паказала рэчаіснасьць, паказала, што сярэдні заробак 180 даляраў, а не 500. На кагосьці гэты факт можа паўплываць.

Магчыма, пашырыцца ўсьведамленьне людзьмі, што ўлада, распачаўшы гульню з Захадам, у пэўнай ступені зьвязвае сабе рукі і змушаная паводзіцца больш стрымана. Такое ўсьведамленьне, несумненна, можа зьменшыць страх у грамадзтве.

Нарэшце, калі да 8 кастрычніка адбудзецца выхад на волю палітвязьняў-кандыдатаў у прэзыдэнты, гэта таксама можа некага натхніць. Але досьвед сёньняшняй акцыі паказаў, што разьлічваць на спантанны выхад масавага пратэсту не даводзіцца. Не даводзіцца спадзявацца, што нехта прызначыць дату і месца і туды і тады зьбягуцца тысячы.

Панкавец: Калі карыстацца слэнгам карыстальнікаў сацыяльных сетак, то пакуль што не адчуваецца ніякай “дзьвіжухі” перад “Народным сходам”. Не адчуваецца, што Менск рыхтуецца, што будуць масавыя акцыі.

Я згодзен зь Юр'ем, што вызваленьне палітвязьняў у нейкім пляне магло б адыграць тут станоўчую ролю для “Народнага сходу”. Думаю, што пэўная частка людзей магла б прыйсьці на гэты сход, каб пабачыць вызваленых Статкевіча, Саньнікава – гэта была б нейкая разынка гэтага сходу...
    

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме