16:15 24.06.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Міт пра сацыяльную дзяржаву
Пастулят пра «сацыяльную дзяржаву», «сацыяльна арыентаваную эканамічную палітыку» быў сымбалем, прадметам асаблівага гонару беларускай мадэлі разьвіцьця, асноватворным элемэнтам дзяржаўнай ідэалёгіі, апазнавальным знакам, што адрозьнівае Беларусь ад суседніх краін, якія сталі на шлях рынкавых рэформаў.
Гэты ідэалягічны канструкт быў пакладзены ў аснову і палітычнага рэжыму. Бо аўтарытарызм, захаваньне і дамінаваньне дзяржавы ў эканамічным, сацыяльным і грамадзка-палітычным жыцьці тлумачылася неабходнасьцю абароны насельніцтва ад нягод пераходу да рынку.
Аднак ідэалягічныя пастуляты рэдка супадаюць з рэальнасьцю. Пад акампанэмэнт цьверджаньняў пра нязьменнасьць сацыяльна арыентаванай палітыкі скарачэньне сацыяльных абавязаньняў дзяржавы перад насельніцтвам пачалося яшчэ ў далёкім 1995 годзе. Дарэчы, ліквідацыя льготаў супрацоўнікам міліцыі паслужыла прычынай адстаўкі тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.
Другім важным этапам дэмантажу сыстэмы сацыяльнай абароны насельніцтва стала ліквідацыя большасьці сацыяльных ільготаў у 2007 годзе. Тады левыя партыі з гэтай нагоды нават арганізавалі марш пратэсту. Ільготамі, якія адмянілі, карысталася каля 2/3 насельніцтва, а адрасная дапамога, якую ўлады прапанавалі ўзамен, тычылася толькі прыкладна 8% грамадзян.
Па меры паглыбленьня крызісу беларускай мадэлі, скарачэньня рэсурсаў, дзяржава чым далей, тым больш скідала са сваіх плячэй груз сацыяльнай адказнасьці перад уласнымі грамадзянамі. Хоць заканадаўствам дэкляравана бясплатная адукацыя, звыш паловы студэнтаў у краіне навучаецца за грошы. У ахове здароўя 30% паслуг пераведзена на платную аснову.
Кантрактная сыстэма разам з дамінаваньнем «жоўтых прафсаюзаў» вядзе да таго, што найманыя работнікі ў Беларусі практычна безабаронныя. Прычым працоўныя страчваюць што далей то болей правоў, нават элемэнтарных. У 2012 годзе Лукашэнка сваім дэкрэтам забараніў звальняцца работнікам дрэваапрацоўчай галіны да завяршэньня мадэрнізацыі. Незалежныя СМІ назвалі гэта ўвядзеньнем у Беларусі «прыгоннага права». Дэкрэт № 5 ад 15 сьнежня 2014 году «Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіраўнічых кадраў і работнікаў арганізацыяў» дае наймальнікам яшчэ больш падстаў, каб звальняць найманых работнікаў.
У зьвязку з крызісам у краіне пачаўся масавы рост беспрацоўя. На некаторых прадпрыемствах адбываюцца звальненьні. На іншых заводах скарачаецца працоўны тыдзень, работнікаў адпраўляюць у адпачынак без аплаты. І такім чынам працаўнікоў прымушаюць звальняцца саміх.
Але тут чакае неспадзяванка. Па-першае, высьвятляецца, што ў «сацыяльнай дзяржаве» — ці ня самая нізкая ў сьвеце дапамога па беспрацоўі. Яна складае каля 15 даляраў. І нават гэта чалавек можа атрымаць, толькі пагадзіўшыся адрабіць некалькі дзён у месяц на грамадзкіх працах.
А калі працаўнік не згаджаецца прымаць такія зьняважлівыя ўмовы, то тут яго чакаюць чыноўнікі, якія трымаюць у руках дэкрэт аб барацьбе з дармаедзтвам. Плаці грошы дзяржаве за тое, што нідзе не працуеш. Як той казаў, б’юць і плакаць не даюць.
Рост камунальных тарыфаў і коштаў на праезд у грамадзкім транспарце, які чакаецца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў (і заходнія, і ўсходнія крэдыторы выстаўляюць гэтае патрабаваньне як умову выдзяленьня крэдытаў) ліквідуе рэшткі сацыяльнай дзяржавы. Застанецца голае прапагандысцкае клішэ.
У выніку сацыяльная дзяржава паступова трансфармуецца ў бюракратычную дзяржаву, у якой уладныя інстытуты абслугоўваюць саміх сябе. Але ў такім выпадку руйнуецца сацыяльны кантракт паміж уладай і грамадзтвам. Калі аўтарытарная дзяржава абяцае сацыяльныя гарантыі ў абмен на свабоду, а потым ня ў стане выканаць свае абавязкі, то няхай аддае свабоду.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме