09:45 14.12.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Мінскі абласны суд не задаволіў скаргу Мінскага абкама БСДП
Фота ілюстрацыйнае
МІНАБЛСУД НЕ ПАЛІЧЫЎ ЗА НЕКАМПЕТЭНТНАСЦЬ НЕЎКЛЮЧЭННЕ ЧАТЫРОХ ПАРТЫЙНЫХ КАНДЫДАТАЎ У СКЛАД КАЗЛОВІЦКАГА АКРУЖКАМА №50.
12 снежня бягучага года ў Мінскім абласным судзе суддзя Таццяна Кулакова разглядала скаргу Мінскага абкама Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) на адно з рашэнняў сумеснага паседжання Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і прэзідыума Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па пытаннях стварэння акруговых выбарчых камісіяў на так званых выбарах у Мiнскi абласны Савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Як вядома, згаданае паседжанне адбылося 4 снежня. На ім у склад акруговай выбарчай камісіі Салігорскай цэнтральнай выбарчай акругі №54 улады Міншчыны, дарэчы, уключылі вылучэнца ад Мінскага абкама БСДП Генадзя Масакоўскага, які працуе слесарам-рамонтнікам у ААТ «Беларуськалій» у Салігорску.
Двум жа іншым вылучэнцам ад абкама БСДП было адмоўлена ўвайсці ў склад акруговых выбарчых камісіяў. Сацыял-дэмакратам з Грамады Аляксандру Сдвіжкову і Анатолю Юрэвічу не далі зялёнае святло на ўключэнне ў акруговыя камісіі. Першы спадзяваўся папрацаваць у акружкаме Барысаўскай залінейнай выбарчай акругі №26, а другі быў наважаны зрабіцца сябрам камісіі Казловіцкай выбарчай акругі №50 у Слуцкім раёне.
Анатоль Юрэвіч выказаў жаданне абскардзіць ад імя абласнога камітэта Грамады гэтае рашэнне сумеснага паседжання Мінаблвыканкама і прэзідыума Мінаблсавета ад 4 снежня. Тады аўтар гэтых радкоў, які з'яўляецца старшынёй Мінскай абласной арганізацыі БСДП, правёў юрыдычныя кансультацыі з супрацоўнікам Беларускага Хельсінскага камітэта Зміцерам Чарных, бо БХК мае практыку юрыдычнага абскарджвання падобных пастановаў мясцовай улады. У выніку замоўным лістом у Мінаблсуд і была адпраўлена адпаведная скарга. У ёй сказана, што Юрэвіч, як старшыня Слуцкай раённай арганізацыі партыі, мае дастатковы вопыт і час для працы ў акружкаме №50.
Падчас разгляду грамадзянскай справы за ўключэнне слуцкага сацыял-дэмакрата ў склад Казловіцкай акружной камісіі высветліліся цікавыя акалічнасці. Напрыклад, у яе склад былі вылучаны прадстаўнікі не толькі ад БСДП, але таксама ад БНФ і яшчэ двух іншых зарэгістраваных партыяў, якія ўжо паводле сваіх статутных мэтаў маюць усе правы на падобныя дзеянні. Але не толькі Юрэвічу, але і ніводнаму з іх не дазволілі працаваць у складзе акружкама №50.
У судовых спрэчках Алесь Абрамовіч, рэагуючы на такі, мякка кажучы, вельмі сваеасаблівы падыход удзельнікаў сумеснага паседжання Мінаблвыканкама і прэзідыума Мінаблсавета, агучыў рытарычные пытанне: «Ці не падаецца ўдзельнікам сённяшняга суда, што неўключэнне вылучэнцаў адразу ад чатырох палітычных партыяў у склад акружкама Казловіцкай выбарчай акругі ёсць праявай некампетэнтнасці і непрафесіяналізму дзеячаў з Мінаблвыканкама і прэзідыума Мінаблсавета?!».
Намеснік загадчыка Галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінскага аблвыканкама Валянціна Бяляева шчыра адказала, што ёй такое не падаецца. Не падалося гэта і Таццяне Кулаковай, якая не ўбачыла падставаў для адмены рашэння ад 4 снежня. Такая пастанова Мінскага аблсуда, згодна з існуючым заканадаўствам, ёсць канчатковая і апеляцыі не падлягае.
Алесь АБРАМОВІЧ, старшыня Мінскай абласной арганізацыі БСДП
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме