10:45 14.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

МІКАЛАЮ СЦЕПАСЮКУ – 70

Нават не верыцца, што з таго часу, як я пазнаёміўся Мікалаем Сцепасюком, прайшло ўжо 19 гадоў.

Не памятаю, дзе і ў якіх абставінах адбылося наша знаёмства. На Устаноўчым з’ездзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (2–3 сакавіка 1991 года) ці пасля з’езду ў Лідзе, дзе Мікалай Мікітавіч жыве і працуе?

Мікалай Сцепасюк з тых людзей, якія, нягледячы на ўсе нягоды, канфлікты і мітрэнгі, засталіся верныя свайму выбару, зробленаму ў лёсавызначальны для Беларусі час. Ён не імкнуўся па кіруючыя ролі, але таварышы па партыі заўсёды ведалі, што Мікалай Мікітавіч выканае сваё абяцанне, дапаможа ў складанай сітуацыі. Гэта дзякуючы і яму ў Лідзе склалася цвёрдае партыйнае ядро.

Мікалай Мікітавіч быў і ёсць у ліку тых грамадскіх актывістаў, якія заклапочаныя захаваннем гістарычнай спадчыны Лідскай зямлі, якія ў не зусім спрыяльны час падтрымалі газету Таварыства беларускай мовы “Наша слова” і арганізавалі яе выпуск у Лідзе.

Тут мне трэба павініцца. Склалася так, што сёлета я не павіншаваў з юбілеямі маіх партыйных таварышаў: пінчука Сяргея Касцюковіча і мінчанку Раісу Міхайлоўскую, Не павіншаваў з 70-годдзем ветэрана партыі Валянціна Ржэуцкага (Бабруйск).

Цяпер я рады, што не ўчыніў яшчэ адной віны.

Сёння, 13 сакавіка, у дзень яго 70-годдзя я жадаю выпрабаванаму таварышу і паплечніку Мікалаю Мікітавічу Сцепасюку добрага здароўя, бадзёрасці і ўпэўненасці ў тым, што каштоўнасці сацыял-дэмакратыі ўсё ж возьмуць сваё і ва ўнутрыпартыйным жыцці, і ў жыцці нашае краіны.

Анатоль Сідарэвіч

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме