10:15 22.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

МІХАСЬ ЧАРНЯЎСКІ

МІХАСЬ ЧАРНЯЎСКІ

 

  20 студзеня 2013 года скончыў зямны шляхініцыятар адраджэння беларускай сацыял-дэмакратыі, выдатны беларускі археолаг і гісторык, пісьменнік, грамадскі дзеяч, дацэнт кафедры археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага універсітэта Міхась Чарняўскі.

Міхась Міхайлавіч Чарняўскі нарадзіўся 7 сакавіка 1938 года ў вёсцы Круці Вілейскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Мядзельскага раёна Мінскай вобласці). Скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. З 1966 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук, вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру першабытных плямёнаў каменнага і бронзавага вякоў на поўначы і захадзе нашай краіны. У 1971 годзе па выніках даследаванняў абараніў дысертацыю “Неаліт Паўночна-Заходняй Беларусі”.

Працуючы ў Інстытуце гісторыі, Міхась Чарняўскі ўваходзіў у клуб патрыятычна настроенай інтэлігенцыі, вядомы як “Акадэмічны асяродак”. За сваё іншадумства ў 1974 годзе ён быў звольнены з працы ў Акадэміі навук.

Па вяртанні ў Акадэмію навук Міхась Чарняўскі працягваў вывучэнне старажытнай гісторыі Беларусі. Ён вылучыў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўныя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. У 1990–2001 гг. Міхась Чарняўскі загадваў аддзелам каменнага і бронзавага веку Інстытута гісторыі.

Пяру вучонага належаць кнігі “Неаліт беларускага Панямоння” (1979) і “Археалагічныя помнікі Міншчыны” (1988). Ён стаў таксама суаўтарам кнігі “Старажытныя шахцёры на Росі” (1996). “Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі”  (1997) Міхася Чарняўскага, а пазней яго “Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд” (2003) сталі неафіцыйнымі падручнікамі для вучнёўскай моладзі.

У якасці аўтара і рэдактара Міхась Чарняўскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да друку такіх грунтоўных выданняў, як “Гісторыя беларускага мастацтва”, чатырохтомная “Археалогія Беларусі” і “Гісторыя Беларусі” ў шасці тамах. Вучоны быў навуковым кансультантам і аўтарам энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі” (1993), Энцыклапедыі гісторыі Беларусі ў сямі кнігах.

Нямала ўвагі Міхась Чарняўскі надаваў папулярызацыі гістарычных ведаў. З гэтаю мэтай ён пісаў кнігі для  падлеткаў:  “З глыбінь тысячагоддзяў” (1978), “Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі” (1981), “Страла Расамахі” (1985), “Вогнепаклоннікі” (1989), “Дзесяць бітваў” (2004). З-пад пяра вучонага выйшла папулярная біяграфія вялікага гетмана літоўскага Яна Кароля Хадкевіча (“Правадыр крылатых вершнікаў”, 1998). Творы гісторыка ўключаны ў рэкамендацыйны спіс для пазакласнага чытання.

Міхась Чарняўскі займаўся не адно старажытнай гісторыяй Беларусі. Яго і яго сям’ю звязвала сяброўства з выдатнай паэткай і пакутніцай ГУЛАГу Ларысай Геніюш. Менавіта яму паэтка аддала на захаванне сваю “Споведзь”, якая была апублікавана ўжо ў час палітычных перамен у Беларусі. Ён склаў зборнік матэрыялаў пра дзейнасць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля “Не бойцеся ахвяраў і пакут” (2006). У тым самым годзе свет убачыла напісаная М. Чарняўскім біяграфія героя антыкамуністычнага падполля Расціслава Лапіцкага “Як пошуг маланкі”.

Ужо ў незалаженай Беларусі Міхась Чарняўскі быў другі раз звольнены з працы ў Інстытуце гісторыі. Аднак на гэты раз яго запрасілі выкладаць у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Працуючы ў БДУ, вучоны напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік “Каменны век на тэрыторыі Беларусі: ілюстраваны канспект лекцый” (2011).

Займаючы паслядоўна дэмакратычныя і патрыятычныя пазіцыі, Міхась Чарняўскі ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза браў чынны ўдзел у руху за дэмакратычную незалежную Беларусь. Ён быў у ліку сябраў арганізацыйнага камітэта Беларускага народнага фронту. У час працы ўстаноўчага з’езду БНФ у Вільні (24 чэрвеня 1989 г.) ён выказаў думку аб неабходнасці адраджэння сацыял-дэмакратыі ў Беларусі. У канцы 1990 г. Міхась Чарняўскі стаў сябрам Ініцыятыўнай групы, а потым Арганізацыйнага камітэта дзеля стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (з 1996 г. – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя). Як асноўнага аўтара першага партыйнага Статута, на Ўстаноўчым з’ездзе Грамады таварышы абралі яго старшынёй Цэнтральнай Кантрольна-Рэвізійнай Камісіі БСДГ. Шмат часу Міхась Чарняўскі аддаў стварэнню і працы ў Мінскай гарадской і Заводскай раённай арганізацыях партыі.

Актыўная і бескарыслівая праца на ніве беларускай навукі і культуры зрабіла імя Міхася Чарняўскага адным з самых аўтарытэтных у беларускім грамадстве. У асобе Міхася Міхайлавіча беларускія сацыял-дэмакраты страцілі аднаго з самых выдатных сваіх сваіх таварышаў, які паслядоўна адстойваў каштоўнасці дэмакратычнага сацыялізму, ідэал незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой беларускай дзяржавы, салідарнага грамадства.

 Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)

Мінскі гарадскі камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме