19:30 19.03.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Людзі, якіх я лічыў сябрамі, здалі мяне ўладзе»
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў распавёў «Салідарнасці», пра што некалі дамаўляўся з Аляксандрам Лукашэнкам, з-за чаго ледзь не парваў адносіны з Васілём Быкавым і чаму не заўсёды рады, калі яго пазнаюць на вуліцы.
Фота Сяргея Балая
– Вы неяк узгадвалі, што калі ў 1998-м вас абралі кіраўніком Саюза пісьменнікаў, вы спрабавалі ўздзейнічаць на прэзідэнта. Якім чынам?
– Па сутнасці мы прапаноўвалі кампраміс: мы не чапаем палітыку – вы (улада) не чапаеце культуру. Не лезеце ў тое, у чым мы разбіраемся лепш. Найперш у літаратуру. «А мы хіба лезем? – пытаў Лукашэнка. – Пішыце, што заўгодна».
Напачатку ён паводзіў сябе падатліва – і выглядала на тое, што можам дамовіцца. Але гэтак толькі выглядала...
Найпершым праціўнікам беларускай літаратуры, мовы, увогуле культуры быў на той час Уладзімір Замяталін. Віцэ-прэм’ер, які якраз культуру і курыраваў. Прычым так, што прадыхнуць ёй не даваў. Таму я дамогся ў Палаце прадстаўнікоў (з дапамогай тагачаснага намесніка яе старшыні Ўладзіміра Канаплёва) слуханняў па культуры – і рэзка выступіў супраць віцэ-прэм’ера. З выступу вынікала, што пакуль ва ўладзе знаходзяцца людзі, якія нацыянальную культуру проста ненавідзяць, казаць пра супрацоўніцтва з уладай у гэтай сферы ніяк не выпадае.
Па сутнасці была пастаўленая ўмова: ці я – ці Замяталін. З гэтага моманту ён пачаў супраць мяне вайну. Насіў Лукашэнку «варожыя» матэрыялы з газеты «Літаратура і мастацтва», з часопіса «Крыніца» (я тады быў галоўным рэдактарам гэтых выданняў), насылаў рэвізію за рэвізіяй, праверку за праверкай, збіраў кампрамат, падключыў для гэтага гэбістаў – і ўрэшце дамогся таго, што на мяне была заведзеная крымінальная справа. Ну й адразу стала відавочна, каго выбраў Лукашэнка...
Ён, мусібыць, не думаў, што я зраблю тое, што зрабіў. Што з’еду з Беларусі. Я, можа, і не з’ехаў бы, бо асцерагацца мне не было чаго: «справа» як з нічога пачалася – гэтак нічым і скончылася. І я б мог яшчэ доўга стаяць, трываючы ўдары спераду, калі б не ўдарылі ў спіну, якую я лічыў абароненай. Рэдакцыя «Крыніцы», якой было паабяцанае казачнае жыццё, калі яна выступіць на баку Замяталіна супраць свайго рэдактара, павялася на гэбісцкую разводку. І людзі, якіх я лічыў сябрамі, здалі мяне ўладзе. Усе, апроч аднаго.
Цяпер, маючы досвед жыцця ў палітыцы, я б і гэта стрываў. Але тады не здолеў. Бо ўпершыню. Бо нават уявіць не мог такое...
Цікава, што калі я з’ехаў (спачатку ў Польшчу, пасля ў Фінляндыю) Лукашэнка зрабіў Замяталіна як бы адказным за маё вяртанне. О, якія казкі па тэлефоне ён мне распавядаў! Якія маляваў перспектывы!.. А эмісары, якіх пасылаў Лукашэнка (даволі высокія), наўпрост казалі: «Вяртайся – і Замяталіна не стане. Не адразу, каб не выглядала, што табе саступаюць, але не стане». Праз нейкі час яго і праўда не стала...
Нічога з той гісторыі цяпер як бы не мае значэння, апроч хіба аднаго. Да гэтай пары ёсць розныя меркаванні пра тое, ці правільна я зрабіў, парваўшы ўсе сувязі з уладай. Напрыклад, адзін з маіх найблізкіх сяброў – Генадзь Бураўкін – доўгі час лічыў, што правільна. А праз гады раптам сказаў, што не. Калі мы ставілі на мэце захаваць беларускае ў Беларусі, дык шлях абралі для гэтага не найлепшы. Бо чаго мы дасягнулі кафрантацыяй? Нічога. Значыць, правільна я шукаў ва ўладзе тых, хто мог паспрыяць нам, спрабаваў паўплываць на Лукашэнку. У палітыцы ён, вядома, наўрад ці змяніўся б, але сітуацыя з культурай, літаратурай, мовай магла быць не такой жахлівай.
Цяпер, вядома, як заўгодна можна меркаваць, а як яно было б – хто яго ведае... Вунь сышоў з улады беларусафоб Замяталін – і што? Прыйшлі іншыя. Прычым як бы свае. Беларусы сталі душыць беларускае. Той дык хоць беларусам не быў...
– Наколькі блізкія адносіны на той час у вас былі з Лукашэнкам?
– Ні наколькі. Ніколі сяброўскіх адносін з Лукашэнкам я не меў. Іх увогуле там, дзе ўлада, палітыка, не можа быць. Але столькі было навыдумляна, напляткарана...
Менавіта праз гэта, дарэчы, мае адносіны з Васілём Быкавым гэтак напружыліся, што ледзьве не парваліся. Я пытаў таго ж Бураўкіна: Генадзь, ну хто наплёў Быкаву, што я ў сябрах у Лукашэнкі, што мы разам у лазні парымся? Зноў жа: цяпер я на такое напляваў бы, але тады гэта мне шмат нерваў каштавала...
Дасюль дакладна не ведаю: хто гэта нас «парыў»? Хто пляткарыў?..
Між іншым, абвастрэнне адносінаў з Быкавам стала яшчэ адным каменьчыкам на вагах, калі я прымаў рашэнне пра эміграцыю. І я наўпрост сказаў яму пра гэта пазней... У Фінляндыі, куды я прыехаў па ягонай рэкамендацыі, мы па-мужчынску ва ўсім разабраліся – і выйшлі нават на больш блізкія адносіны, чым былі ў нас раней.
– Тое, што здарылася 19 снежня 2010 года, калі вас ледзь не забілі – гэта, на ваш погляд, маглі быць эмоцыі з боку Лукашэнкі, жаданне адпомсціць за мінулы канфлікт?
– Не ведаю. Я з ім не сустракаўся. Перш за ўсё тут, вядома, палітыка. Тым не менш не выключаю, што рашэнне «нейтралізаваць» мяне магло быць звязана не толькі з палітыкай, але і з асабістымі стасункамі. Лукашэнка ж лічыў і, мусібыць, дасюль лічыць, што ў той даўняй гісторыі толькі я вінаваты. Ён жа даваў мне такія магчымасці, нават «выпісаў» дзяржаўную прэмію, дык якога ражна?.. Вось гэтым ражном мне й маглі па галаве гэкнуць.
– Як вы сёння глядзіце на бескампраміснасць Быкава ў палітыцы?
– Быкаў быў такі, які быў. Як цяпер на гэта ні глядзі...
А ўвогуле ёсць людзі (Быкаў быў не з такіх), якім камфортна жыць у згодзе з усімі. Яны ніколі не скажуць «не». І ёсць людзі, якім камфортна жыць у канфліктных сітуацыях. Такі Лукашэнка, які ўвесь час з кім-небудзь ваюе.
Найбольшыя дасягненні і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў культуры ўсё ж там, дзе людзі здольныя да кампрамісаў. Возьмем той жа Эўразвяз. Праз што немцы, якія ва ўсе часы біліся з французамі, і французы, якія біліся з немцамі, прыйшлі да пасляваеннага ладу? Праз кампрамісы. Што такое дэмакратыя? Сістэма кампрамісаў. Што такое сям’я? Штодзённыя кампрамісы – інакш бы забілі адно адное адразу пасля шлюбнай ночы.
Прывабліва, канешне, выглядае гранітная нязломнасць: вось я так лічу – і не важна, што нехта лічыць інакш. Буду на гэтым стаяць. Добра, стой. Але ты стаіш, а жыццё абцякае цябе ручаінкамі. І ў рэшце рэшт, што ты, стоячы, выстаіш?..
– На прэзідэнцкіх выбарах-2006 вы былі ў камандзе Казуліна. Ужо тады думалі пра сваё вылучэнне ў якасці кандыдата?
– У свой час я сябраваў з Генадзем Карпенкам. У 1994 годзе, калі адбываліся першыя (і адзіныя больш-менш справядлівыя) прэзідэнцкія выбары, даводзіў яму, што ён саспеў для прэзідэнцтва. Ён адчуваў няўпэўненасць у сабе: маўляў, рана. А пасля было позна, бо ягоныя паплечнікі ў Вярхоўным Савеце падвялі яго. Павялі сябе як здраднікі... Дык вось тады я падумаў: «Ні за што і ніколі! На якую халеру гэта мне, паэту?..»
Карпенка мог выйграць выбары 1994 года, калі б не здрада. Але сталася тое, што сталася. І прыходзіць 2001-ы год – і кіруе, як кіраваў, Лукашэнка. І прыходзіць 2006-ы... Кандыдатамі ў прэзідэнты вылучаюцца Мілінкевіч і Казулін. Я падтрымліваю Казуліна, бо бачу ў ім больш сілы на тое, каб праз Плошчу скінуць рэжым. Не ўдалося. Але досвед, які займеў я на выбарах 2006 года, быў такі, што аднойчы падумалася: «А чаму б сярод сюжэтаў, якія стварыў я ў сваім жыцці, не быць яшчэ аднаму?..»
У 2010-м годзе я быў скіраваны толькі на перамогу – больш ні на што. Таму і дэвізам усёй маёй перадвыбарнай кампаніі стаў радок з верша: «Я прыйшоў, каб вы перамаглі!». Але, на жаль, не ўсё я пралічыў – і мяне подла, як у бойцы каламі пасля танцаў у вясковым клубе, спынілі на шляху да мэты.
– Пасля таго, як на вас напаў спецназ, калі ачунялі пасля збіцця, як вы ўспрымалі далейшыя падзеі? Што адчувалі?
Злосць і адчай. Гэткую злосць і гэтакі адчай, наколькі могуць выявіцца такія моцныя пачуцці ў чалавеку ў тым, у якім быў я, стане. Злосць на сябе: «Як я такое дапусціў?». Адчай: «Не дайшоў да Плошчы! Столькі часу, столькі высілкаў, столькі працы – і ўсё дарма. Усё – пад удар дручка...». Аж слёзы выступілі. З мяне цяжка выціснуць слёзы, а тут выступілі.
Пасля яшчэ быў страх. Гэта калі з бальніцы хуткай дапамогі, з палаты рэанімацыі .
– То бок, вы былі ў піжаме?
– Ні ў чым я не быў. Голы. На коўдру кінулі і пацягнулі. Вольга, жонка, крычыць: «Бандыты! Бандыты!..». Ёй рукі заламалі, рот заткнулі. А ў бальніцы – як нікога. Толькі гэтыя ў чорным... «Усё, – падумаў. – Інакш бы далі хоць нешта накінуць – вунь ад мароза снег трашчыць. Але яны ведаюць, што адзежа мне больш ніколі не спатрэбіцца...».
Гэта быў сапраўдны страх. Які не кантралюецца. Страх страты жыцця. Я цяпер ведаю ягоны смак, пах. Лепш бы абыйшлося без гэтага ведання, але што ж...
З іншага боку, я ведаю цяпер яшчэ й тое, што магу вытрываць. Каб сказалі, што змагу, не паверыў бы. Усё ж узрост... Але калі ёсць мэта, воля, чалавек здольны на неверагоднае.
– А што вы адчулі, калі вам сказалі, што на Плошчы праз вас забілі людзей?
– Гэта было тым, што трэба было вытрываць. Не кінуцца ў паніку, у псіхоз, а значыць, у слабасць, на што яны й разлічвалі. Я ж не генерал, які пры наступе можа прагназаваць прыблізную колькасць ахвяр. «Вось за гэту вышыню пакласці трыста чалавек – аптымальна». Я й адным чалавекам не магу ахвяраваць – толькі сабой.
А гэбісты зрабілі «ролік»: людзі на Плошчы ўпавалку, усе ў крыві... Мантаж такі, што не разабраць: жывыя, мёртвыя?.. «Полюбуйтесь на результаты вашей президентской кампании!». І сталі «шыць» мне спробу ўзброеннага дзяржаўнага перавароту. І пальцам у «закон» тыкаць: «А это вплоть до вышки!..».
– Кажуць, што мужчынам у жыцці кіруюць альбо грошы, альбо слава, альбо ўлада, альбо жанчыны. Што кіравала вамі?
– А нічога і нікога іншага няма? Бога, напрыклад? (усміхаецца – С.).
Гэта вельмі спрошчаны падыход. Так, я таксама не пазбаўлены спакусаў у пабытовым жыцці, на «гарызанталі» ў сістэме каардынат. Але ў сістэме каардынат ёсць яшчэ і вертыкаль. А яна – не рух ад школы да інстытута, ад меншай да большай пасады, ад меншых да большых грошай. Яна – рух да спазнання таямніцы быцця. Рух духу. Менавіта гэта найперш мяне заўсёды вабіла. І спакушала.
Што такое жыццё? Гэта рух Бога ў табе. Вось што жыццё такое.
Дарэчы, я ледзь не застаўся некалі ў Калькуце сярод будыйскіх манахаў. Бо бачыў у свеце розных людзей: магутных, багатых, але такіх шчаслівых, як тыя манахі, – не.
– Сёння вас пазнаюць на вуліцы?
– Пазнаюць. І розныя людзі па-рознаму. Адны як паэта – і тут без праблем. Іншыя, як палітыка – і тут часцяком праблемы. То дзяцей няма за што вучыць, то бацькоў няма за што лячыць... Іхнія праблемы, у якіх вінаваты нехта. А паколькі перад імі я, значыць, хто віноўнік?..
На мінулых выбарах найчасцей пыталіся: «А што ты нам дасі?». І хоць палітыка – гэта на 70% (калі не болей) папулізм, я не казаў: Лукашэнка вам абяцае 500 даляраў, а я тысячу дам. У цябе адзін залаты зуб – будзе тры (усміхаецца – С. ). Я казаў, што дам ім магчымасць зарабіць столькі, колькі яны пажадаюць. І распавядаў як. «А-а-а, часалі яны патыліцы. – Дык гэта нам самім упірацца...».
Не можа не кідацца ў вочы, што волі на тое, каб самім змяніць сваё жыццё, у сённяшніх беларусаў мала. Цяперашняя ўлада прывучыла іх, увогуле працавітых людзей, да халявы. Гэта можа згубна паўплываць на будучыню нацыі – і ў гэтым адно са злачынстваў рэжыму.
– Чаму вы вырашылі не ўдзельнічаць у будучых прэзідэнцкіх выбарах?
– Хто вам сказаў, што я так вырашыў? Сам я нідзе такога не заяўляў. А тое, што за мяне пазаяўлялі іншыя – гэта іх заявы. Не мае.
Тым не менш, рашэнне пра ўдзел у выбарах я пакуль не прыняў. І публічна тлумачыў прычыны, па якіх вагаюся. Бо відавочная агрэсіўнасць Расіі, кіраўніцтва якой не адмяняла прапановы ўвайсці ў склад РФ ці цалкам, ці па частках. Бо вайна ва Ўкраіне, агонь якой можа плёхнуцца цераз усе межы. Бо на вагах не лёс улады ці апазіцыі, мой лёс ці Лукашэнкі, а лёс Беларусі. І ў такіх варунках кожны мусіць дзесяць разоў узважыць кожнае сваё рашэнне, кожны крок.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме