01:01 15.12.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЛУКАШЭНКАВА МАТРЫЦА. У Байнэце з’явіўся праект здушэння гэтага самага Байнэту
У Байнэце з’явіўся здушэння гэтага самага Байнэту. Найпершая асацыяцыя: хутка выбары.
Дакумент, аформлены як праект прэзідэнцкага ўказу, мала падобны на фальшыўку. Ва ўсякім разе, намеснік кіраўніка БАЖ юрыст Андрэй Бастунец кажа, што «складзена з веданнем справы».
Магчыма, гэты ўкід ёсць зандажом. Калі рэакцыя інтэрнэт-супольнасці, Захаду будзе надта хваравітай, могуць падшліфаваць пэўныя моманты. Бо там вагароў, як звычайна, з вялікім запасам.
Увогуле ж тое, што падобнае рашэнне высокага начальства можа неўзабаве пабачыць свет, эксперты лічаць надзвычай імаверным.
Дзіва не гэты праект, а тое, што Сеціва ў нашай краіне не ўзялі на цугундар дасюль.
Друкаваную прэсу даўно прыціснулі, а вось тэхналагічную рэвалюцыю праспалі. А калі спахапіліся, асэнсавалі, што вольнае Сеціва становіцца сур’ёзнай небяспекай, то акурат пачалася адліга ў дачыненнях з Еўропай. Радок пра рэгістрацыю інтэрнэт-медый хоць і ўбілі ў новы закон аб СМІ, але да пары да часу замарозілі.
Зараз, мусіць, той час настае. Наверсе без шуму і пылу распачалі рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў.
Медыйны эксперт Андрэй Бастунец адзначае комплексны характар наступу на Сеціва. Новы парадак можа закрануць і правайдэраў (адказнасць за непрыманне захадаў што да перасячэння распаўсюду «шкоднай» інфармацыі), і журналістаў (рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ з усім букетам наступстваў), і шараговых карыстальнікаў (іх належыць ідэнтыфікаваць, прычым нават у інтэрнэт-кавярнях).
«Гэта рэч мацнейшая, чым „Фаўст“ Гётэ!» — вобразна пракаментаваў меркаваныя навэлы іншы юрыст, які пажадаў застацца неназваным.
Палітычныя вушы так і тырчаць з дакумента. Натуральна, ніхто не напіша, што збіраюцца караць за крытыку высокіх асобаў, абуджэнне палітычнай актыўнасці. А вось падагнаць непажаданы кантэнт пад «экстрэмізм» — як двойчы два.
Памятаеце, як ціснулі пад гэтай маркай «ARCHE»?
На думку кіраўніка TUT.BY Юрыя Зісера, у выпадку з’яўлення такога ўказу адпаведныя органы атрымаюць магчымасць «проста адсякаць непажаданыя сайты». Натуральна, цалкам блакаваць доступ да іх з Беларусі не ўдасца.
«Будзе прыкладна як з „варожымі галасамі“ за савецкім часам, — кажа Юрый Зісер. — Глушылкі, канечне, перашкаджалі, але хто хацеў, усё адно слухаў. Так і тут: будуць хадзіць цераз проксі. Зрэшты, калі ўлічыць, што ў інтэрнэце шмат „чайнікаў“, то, канечне, падобныя перашкоды стануць сурёзным бар’ерам».
Уладзе і хочацца і колецца. Наўрад ці тут пойдуць на жорсткі варыянт фільтрацыі Сеціва, як у Кітаі або Іране. Усё ж нейкі мінімум прыстойнасці перад Еўропай трэба захаваць. Хаця пра гэта клапоцяцца ў апошнюю чаргу, калі гаворка ідзе пра захаванне ўлады.
Зрэшты, татальная «зачыстка» і не патрэбная. Беларускае аўтарытарнае ноў-хаў — гэта пунктавыя рэпрэсіі.
Разлік такі: напалохаем адказнасцю правайдэраў, пашыхтуем інтэрнэт-рэсурсы ў чаргу па ліцэнзіі, дамо пару папярэджанняў зарэгістраваным сеціўным медыям, вылавім пару «экстрэмістаў» на форумах — і астатнія будуць сядзець як мыш пад мятлой.
Самацэнзура з яе ліпкім страхам — яшчэ страшнейшая, чым непаваротлівая, тупая казённая цэнзура.
Увогуле ж, калі дойдзе да такіх нарматыўных актаў, то інтэрнэт у нас не задушаць, а хутчэй прыдушаць. Як і бізнес, друкаваную прэсу, трэці сектар… Усё трымаць пад каўпаком і выбарачна даваць па галаве — такая тут стратэгія ва ўсіх сферах. Інтэрнэт з яго разгулам вербальнай вольніцы да пары да часу быў з гледзішча чыноўнікаў дзікай анамаліяй. А ўлада анамалій не любіць. Зараз унармуе ў сваім фірмавым стылі.
Ну і, натуральна, віртуальную «крамолу» асабліва імпэтна будуць глушыць на піку выбарчых кампаній, у дзень падліку галасоў: каб не было новай Плошчы.
Гэта галоўнае, што палохае ўладу: тое, што віртуальны пратэст некалі можа стаць вулічным. Што людзі выйдуць з Матрыцы.
Аляксандр Класкоўскі19:50, 14 снежня 2009
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме