19:15 22.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ЛУКАШЭНКА ПРАЙГРАЎ ДЭМАКРАТАМ НА АДНЫМ З УЧАСТКАЎ МІНСКА
Беларускае Радыё Рацыя валодае эксклюзіўным відэаматэрыялам, які трапіў да журналістаў ад аднаго з затрыманых падчас акцый пратэсту 19 снежня ў Мінску.
У відэа, адзнятым назіральнікам Змітром Альшэўскім на партатыўную камеру, прыводзяцца непрыемныя для ўладаў вынікі галасавання па ўчастку № 49 Ленінскага раёна ў цэнтры сталіцы.
На пачатку відэа сябры выбарчай камісіі агучваюць вынікі галасавання, праведзенага ў дзень выбараў. Так, згодна афіцыйным дадзеным, 19 снежня за кандыдата Лукашэнку прагаласавала усяго 315 выбарцаў. Андрэй Саннікаў набраў трошкі меней – 291 голас. Трэцяе месца займае Уладзімір Някляеў са 148 галасамі падтрымкі. Замыкае чацвёрку мацнейшых – Яраслаў Раманчук. За прадстаўніка партыі АГП прагаласаваў 101 мянчук. Як мы бачым, сумарная колькасць галасоў за апазіцыйных кандыдатаў амаль што ўдвая пераўзыходзіць сціплыя паказнікі быццам бы безумоўнага фаварыта прэзідэнцкай гонкі А. Лукашэнкі.
У сярэдзіне відэа назіральнік звяртае ўвагу сябраў выбарчай камісіі на наступным цікавым моманце: з 1735 асобаў, прапісаных да ўчастку № 49, усяго прагаласавала 1232 чалавекі. Разам з тым, паводле старшыні камісіі, засталося 570 невыкарыстаных бюлетэняў. Простая арыфметыка даводзіць, што камісія на руках мела 1802 бланкі для галасавання (1232 прагаласаваўшых + 570 чыстых бюлетэняў), што, сваёй чаргой, стварала дадатковыя магчымасці для ўкідванняў фальшывых бюлетэняў у скрыню для галасавання. Зрэшты, прыканцы відэасюжэта зафіксаваны чалавек, які “засвяціўся” перад незалежнымі назіральнікамі ажно тры разы як падчас датэрміновага галасавання, так і непасрэдна ў дзень выбараў 19 снежня.
Як канстатавалі незалежныя назіральнікі, колькасць прагаласаваўшых за А. Лукашэнку на 49 выбарчым участку склала 39,2%. І гэта ўключна з вынікамі датэрміновага галасавання.
Такім чынам, улічваючы выкарыстаныя тэхналогіі фальсіфікацый, можна цвердзіць, што на канкрэтным участку для перамогі А. Лукашэнкі спатрэбілася б, як мінімум, правядзенне другога тура галасавання. На відэа зафіксаваныя і прозвішчы сябраў участковай камісіі, якія забяспечылі “элегантную перамогу” свайму кандыдату: Сальнікава І.В., Гарбаценкава М.А., Федарэнкаў В.У., Г.В. Крэмень, М.Я. Цяцеркін, А.Г. Грыгаровіч, П.Я. Сіўчык, Н.М. Белая, Т.А. Ставец, А.В. Шалько.
Дадамо, што аўтар відэа – сябра партыі БСДП Зміцер Альшэўскі – быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі адразу па выхадзе з участка галасавання. Сам участак № 49 знаходзіцца ў будынку агульнаадукацыйнай школы № 4 непадалёку ад Кастрычніцкай плошчы. Трэба меркаваць, што прэвентыўны арышт назіральніка Змітра Альшэўскага быў выкліканы сполахам спецслужбаў перад тым, што інфармацыя пра нікчэмна малы ўзровень падтрымкі А. Лукашэнкі на канкрэтным участку ў цэнтры Мінска стане вядомай шырокаму колу грамадскасці.
Радыё РацыяИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме