09:00 12.11.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Літва гістарычная
На жаль, у самых ранніх дакументах не акрэсліваецца тэрыторыя Літвы і не даюцца хаця б некаторыя геаграфічныя прывязкі. Таму нашы сучаснікі ў большасці прывыклі атаясамліваць Літву старажытную з сучаснай Літоўскай Рэспублікай, хаця саманазва апошняй - Летува (Lietuva), а асноўнае насельніцтва называе сябе "летувіс", "летувяй".
Крыніца: Наша Слова, № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
Сёлета спаўняецца 1000 гадоў з часу першай згадкі ў пісьмовых дакументах Літвы як тэрыторыі і народа. Гэтым пісьмовым дакументам, у якім пад 1009 годам упершыню згадвалася Літва, былі Кведлінбургскія аналы, дзе распавядалася пра жыццё і смерць Бруна-Баніфацыя з Кверфурта. Біскуп Бруна-Баніфацый з'яўляўся вядомым прапаведнікам, які вёў місіянерскую працу сярод люцічаў (славянскі народ у цяперашняй зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія на паўночным усходзе Германіі) і печанегаў (качэўнікі-цюркі ў паўночным Прычарнамор'і), бываў у Польш-чы і Кіеўскай Русі. Пры чарговай спробе пропаведзі хрысціянства сярод язычнікаў Бруна і яго 18 спадарожнікаў загінулі на мяжы Русі і Літвы 14 лютага 1009 года. Пазней Бруна-Баніфацый як пакутнік за веру рымска-каталіцкім касцёлам быў абвешчаны святым.
Згадка пра смерць Бруна-Баніфацыя, была першай, звязанай з Літвой. Наступны раз Літва згадана пад 1040 годам, калі ва ўсходнеславянскім летапісе - "Аповесці мінулых гадоў" - паведамляецца пра паход на яе кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Гэты паход папярэднічаў вайсковай выправе Яраслава "ў ладдзях" на Мазовію, якая раней аддзялілася ад Польшчы і вярнулася з хрысціянства ў язычніцтва. Некаторыя гісторыкі нават мяркуюць, што Мазовія, яцвягі (заходнебалцкае племя) і Літва ўтварылі вайсковы саюз, задачай якога было супрацьстаянне хрысціянскім Польшчы і Кіеўскай Русі. Пазней ва ўсходнеславянскіх летапісах Літва пералічваецца сярод народаў, якія плацяць даніну Русі. Хутчэй за ўсё, даніна на Літву была ўскладзена ў выніку ўжо згаданага паходу Яраслава Мудрага. Толькі пад канец ХІІ стагоддзя Літва настолькі ўзмацняецца, што пачынае рабіць набегі на сваіх суседзяў. Набегі робяцца яшчэ больш частымі ў пачатку ХІІІ стагоддзя. Але характэрна, што ў летапісах практычна адсутнічаюць згадкі пра набегі Літвы на цяперашнія беларускія землі - тэрыторыі Полацкага княства і Панямоння. Набегі гэтыя звычайна рабіліся на Валынь, Пскоўскую, Смаленскую і Чарнігаўскую землі, і Польшчу. У 1240-х гадах насельніцтва Літвы было аб'яднана ў дзяржаву пад кіраўніцтвам Міндоўґа, які ў 1252 г. каранаваўся ў Наваградку каралеўскай каронай. Нягледзячы на ўсе складанасці гістарычнага лёсу, Літва Міндоўга стала ядром Вялікага Княства Літоўскага - адной з найбуйнейшых сярэднявечных дзяржаў Еўропы.
На жаль, у самых ранніх дакументах не акрэсліваецца тэрыторыя Літвы і не даюцца хаця б некаторыя геаграфічныя прывязкі. Таму нашы сучаснікі ў большасці прывыклі атаясамліваць Літву старажытную з сучаснай Літоўскай Рэспублікай, хаця саманазва апошняй - Летува (Lietuva), а асноўнае насельніцтва называе сябе "летувіс", "летувяй". Між тым, гістарычныя матэрыялы сведчаць, што на працягу многіх стагоддзяў Літвой называліся паўночна-заходняя і цэнтральная часткі сучаснай Беларусі, а на тэрыторыі сучаснай Літоўскай Рэспублікі - толькі яе меншая, паўднёва-усходняя частка, Віленшчына. Этнічная тэрыторыя беларусаў у сярэднявеччы і пазней, да ХІХ стагоддзя, падзялялася на такія гістарычныя вобласці, як ўжо згаданая Літва, на паўночным усходзе - Русь (пазней Белая Русь), на поўдні - Палессе, на захадзе - Падлессе (якое ў асноўным супадае з цяперашняй Беласточчынай), па некаторых звестках на паўднёвым усходзе яшчэ выдзяляўся такі гістарычны рэгіён як Панізоўе (куды ўваходзіла тэрыторыя вакол Крычава, Чачэрска, Прапоўска, Рагачова, Гомеля, Рэчыцы). Амаль ўсё Падзвінне і частка Падняпроўя (з Магілёвам уключна) называліся Белай Руссю (яшчэ раней Руссю), але назва Белая Русь (Беларусь) канчаткова распаўсюдзілася на іншыя рэгіёны нашай краіны толькі пад канец ХІХ стагоддзя. У прыватнасці, такое пашырэнне назвы Беларусь адлюстравана ў прадмове да зборніка Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская". У пачатку ж і нават у сярэдзіне ХІХ стагоддзя паўночны захад і часткова цэнтр Беларусі (з Менскам уключна) па традыцыі ўсё яшчэ называліся Літвой. Дзекабрыст Аляксандр Бястужаў-Марлінскі, які ў 1821-22 гг. па абавязку вайсковай службы знаходзіўся ў вёсцы Выганічы цяперашняга Валожынскага раёна (недалёка ад Ракава), у лістах да сваіх блізкіх паведамляў, што піша "з Літвы". Нават значна пазней пісьменніца Эліза Ажэшка, якая наведала Ракаў, называла гэта мястэчка "літоўскімі (паўночнымі) Афінамі". А.С. Пушкін у сваім вядомым вершы "Клеветникам России", называў насельніцтва гістарычнай Літвы славянамі, а значыць, адносіў гэту назву да тэрыторыі сучаснай Беларусі:
"Что возмутило вас?
волнения Литвы?
Оставьте: это спор
славян между собою,
Домашний, старый спор,
уж взвешенный судьбою,
Вопрос, которого
не разрешите вы."
У 1839-1922 гг. існавала Літоўская праваслаўная епархія, у якую уваходзілі не толькі Віленская і Ковенская, але і Гарадзенская ґуберні (ўключаючы і заходнюю частку цяперашняй Берасцейскай вобласці). У 1800-1830 гг. адной з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у Расій-скай імперыі было Літоўскае ваеннае ґубернатарства, якое складалася з Віленскай і Гарадзенскай губерняў. Няма сумнення, што "Літоўскім" яно было названа паводле старадаўняй назвы таго тэрытарыяльнага абшару, хоць ахоплівала пераважна беларускія этнічныя землі. Нават яшчэ ў 1882 г. у трэцім томе шматтомнага выдання "Живописная Россия" пад "літоўскімі" меліся на ўвазе Віленская, Ковенская і Гарадзенская губерні, хоць і адзначалася, што Гарадзенская ґуберня ў асноўным населена беларусамі, а ў Віленскай беларусы складаюць пераважную большасць у Ашмянскім, Свянцянскім, Вілейскім і Дзісенскім паветах.
Але відавочна, што ў XIX стагоддзі ў грамадскай свядомасці адбываўся працэс распаўсюджання на заходнія і паўночна-заходнія тэрыторыі назвы "Беларусь", а для назвы "Літва" - звужэнне да абшару, заселенага балцкамоўным насельніцтвам. Што яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя Літвой называлі і частку тагачаснай Менскай ґуберні, сведчаць вышэйпрыведзеныя прыклады з ваколіц Менска, а ўраджэнец Наваградчыны Адам Міцкевіч адну са сваіх паэм пачынаў словамі: "Літва! Мая Айчына…" ("Litwo! Ojczyzno moja!")
У петыцыі праваслаўнай шляхты да сойму Рэчы Паспалітай (1623 г.) да Літвы, акрамя Вільні, аднесены Менск, Наваградак, Гародня, Слонім, Берасце, Кобрын, Камянец, а да Белай Русі - Полацк, Дзісна, Віцебск, Орша, Мсціслаў, Магілёў, хаця абедзве гэтыя гістарычныя вобласці на той час уваходзілі у адну і тую ж дзяржаву, мелі ў асноўным славянамоўнае (дакладней, беларускамоўнае) насельніцтва, а ва ўсіх узгаданых гарадах пераважалі, ці прынамсі, складалі значную частку вернікаў, праваслаўныя. У адрозненне ад Вільні і Віленшчыны, большая частка тэрыторыі цяперашняй Літоўскай Рэспублікі ў сярэднявеччы належала да асобнай гістарычнай вобласці Жамойць (Жмудзь), а адміністрацыйная мяжа паміж уласна Літвой і Жамойцю з пачатку XV стагоддзя (г.зн. пасля Грунвальдскай бітвы) праходзіла па ніжнім і сярэднім цячэнні р. Нявежы (Нявежыс). Хоць пасля Грунвальда дзяржава нашых продкаў называлася Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, паводле тытулу правіцель гэтай дзяржавы называўся "вялікім князем літоўскім і рускім", але толькі "князем жамойцкім", што паказвае на падпарадкаванае, другараднае значэнне Жамойці як часткі дзяржавы.Усяго толькі як прыдатак, а не карэнная частка ВКЛ Жамойць разглядалася і ў XIII-XIV стагоддзях, калі Міндоўг, Ягайла, Вітаўт выкарыстоўвалі яе тэрыторыю як разменную манету ў адносінах з рыцарамі-крыжакамі, не раз саступаючы яе цалкам альбо буйнымі кавалкамі. У адрозненне ад Віленшчыны і земляў цяперашняй Беларусі, гербам Жамойці была не "Пагоня", а выява чорнага мядзведзя.
У той час, як адміністрацыйная мяжа Літвы і Жамойці была выразна зафіксаваная, усходняя і паўднёвая межы гістарычнай Літвы ў ВКЛ (а пазней і ў Рэчы Паспалітай) не былі афіцыйна пазначанымі і не супадалі з межамі ваяводстваў. Але беларускія гісторыкі В.Л. Насевіч і М.Ф. Спірыдонаў з выкарыстаннем мноства пісьмовых дакументаў XVI стагоддзя картаграфавалі больш за сотню гарадоў, маёнткаў і асобных сёлаў, пра якія ў дакументах сказана, што яны знаходзяцца "на Русі", альбо ў "рускіх воласцях". Заходнюю мяжу размяшчэння гэтых населеных пунктаў і можна лічыць мяжой паміж гістарычнымі абласцямі Русь і Літва. Аказалася, што гэтая мяжа праходзіла (з поўначы на поўдзень) па ўсходніх частках цяперашніх Мёрскага, Глыбоцкага, цэнтральнай частцы Докшыцкага, паўночным усходзе Вілейскага і усходняй частцы Лагойскага раёнаў. Далей на поўдзень мяжа ішла па заходняй частцы Смалявіцкага, захадзе Чэрвеньскага і цэнтральнай ці ўсходняй частцы Пухавіцкага раёнаў. На ўсходзе Глыбоцкага раёна (у ваколіцах возера Шо) недалёка адна ад другой маюцца вёскі Літоўскі Завулак і Рускі Завулак, якія абазначаюць памежжа колішніх гістарычных абласцей. Магчыма,яшчэ раней усходняя мяжа гістарычнай Літвы праходзіла па р. Бярэзіне. Ускосна пра гэта могуць сведчыць некаторыя дыпламатычныя дакументы Маскоўскай дзяржавы XVI ст., якія згадвалі, што раней "рубеж была тем городом с Литовскою землею по Березыню", хаця такія згадкі і былі ў першую чаргу праявай тэрытарыяльных прэтэнзіяў. На Бярэзіну як усходнюю мяжу Літвы ўказваў польскі храніст XV стагоддзя Ян Длугаш. Беларуска-літоўскія летапісы, распавядаючы пра міжусоб-ную вайну 1430-х гадоў паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам Альгердавічам, згадваюць размешчаны на р. Бярэзіне г. Барысаў як свайго роду першы больш-менш буйны населены пункт Русі недалёка ад памежжа з Літвой, а Менск, Заслаўе, Маладзечна напрамую адносілі да Літвы. Паводле этнаґрафічных дадзеных XIX стагоддзя, сярэдняе цячэнне Бярэзіны было ўсходняй мяжой распаўсюджання сахі так званага літоўскага тыпу, пашыранай ў Беларускім Панямонні. Сучасныя этнографы, падзяляючы тэрыторыю Беларусі на 6 гісторыка-этнаграфічных раёнаў, сярэдняе і часткова верхняе цячэнне Бярэзіны лічаць усходняй гістарычнай мяжой Цэнтральнай Беларусі. Да таго ж трэба мець на ўвазе, што Бярэзіна была мяжой паміж Менскім ваяводствам і Віцебскім, якое звычайна адносілі да "Русі".
На поўдні да гістарычнай Літвы варта аднесці Слуцк, Капыль і Клецк з ваколіцамі, паколькі нідзе ў пісьмовых крыніцах XVI-XVIII стагоддзя яны не аднесены да Русі ці да Палесся. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што ў "Списке русских городов дальних и ближних" (складзены, як мяркуецца, у канцы XIV стагоддзя, ці на некалькі дзесяцігоддзяў раней) сярод пералічаных "градов Литовских" Слуцк і Клецк з'яўляюцца самымі паўднёвымі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Калі ж браць межы пазнейшых гістарычна-этнаграфічных раёнаў, дык прыблізная мяжа Цэнтральнай Беларусі з Усходнім Палессем праходзіла па лініі Любань - Старобін - Чудзін - паўночней ад Ганцавічаў. Ад Ганцавічаў мяжа Панямоння з Заходнім Палессем ішла далей на захад (на поўдзень ад Івацэвічаў - ваколіцаў Бярозы, і далей па вярхоўях Ясельды і Нарава). Гэта этнаграфічная мяжа збольшага супадае з паўночнай мяжой заходнепалескай групы гаворак (Ганцавічы - Целяханы - Пружаны), якая прасочваеццпа паводле дадзеных дыялекталогіі. У адным з дакументаў 1570 г. маёнтак Косава (зараз у Івацэвіцкім раёне) аднесены да ўласна Літвы, у 1566 г. маёнтак Серабрышча (цяпер у Баранавіцкім раёне) згаданы ў Літве і адрозніваецца ад "палескіх маёнткаў". Паводле этнаграфічных запісаў XIX стагоддзя, насельніцтва з поўдня ад Выганаўскіх балотаў (Выганаўскае возера - у Івацэвіцкім раёне) лічыла тых, хто жыў на поўнач ад іх - ліцьвінамі, а сябе - палешукамі.
Не зусім вызначанай уяўляецца заходняя мяжа гістарычнай Літвы, невядома дакладна, ці супадала яна з усходняй мяжой Падлесся альбо не даходзіла да яе.
У XVI стагоддзі і нават на некалькі стагоддзяў раней большая частка акрэсленага намі абшару была месцам пражывання ў асноўным славянамоўнага насельніцтва. Толькі на Віленшчыне пражывалі балты, але і там ішоў працэс славянізацыі, дакладней - беларусізацыі. Крыжацкі храніст XIV ст. Віганд з Марбурга характарызаваў Вільню як "civitas Rutenica" альбо горад, што быў заснаваны русінамі. Паводле іншага крыжацкага храніста, Борнбаха, русіны жылі ў наваколлях Трокаў (Тракая), і нават далей на поўнач і захад - каля Коўна (Каўнаса) і да ўпадзення ў Нёман ракі Нявежа (Нявежыс). Пра тое, што славяне пранікалі на Віленшчыну яшчэ ў часы існавання крывічоў, сведчаць і некаторыя тапонімы: у Малетайскім раёне (на паўночны ўсход ад Вільні) маецца вёска Крывічы (Kriviиiai), а каля Чуленай таго ж раёну - вёска Крывіцішкі. Паводле даведніка І.І. Гашкевіча "Виленская губерния. Полный список населённых мест" (1905), засценак Крывічы знаходзіўся за 14 вёрст ад Немянчыне. Паколькі крывічы як плямянное аб'яднанне апошні раз узгаданы ў летапісах пад 1162 годам, то ёсць падстава датаваць узнікненне паселішчаў з такой назвай часам не пазней за згаданую дату, у крайнім выпадку не пазней за XIII стагоддзе. У Зарасайскім раёне Літоўскай Рэспублікі ёсць вёска Славенішкі, недалёка ад Рудаміны (ваколіцы Вільні) - вёска Русінай (г.зн Русіны). Такая назва хоць і больш позняя за назву "Крывічы", але таксама датуецца сярэднявечнай эпохай.
Матэрыялы археалагічных раскопак сведчаць, што ўжо ў XII стагоддзі ва ўсіх трох частках пазнейшай Вільні - Верхнім замку (на гары Гедзіміна), Ніжнім замку (раён сучаснага катэдральнага пляцу) і ў Крывым горадзе (знішчаны крыжакамі ў канцы XIV ст. і больш не адрадзіўся) - існавалі паселішчы, на якіх знойдзены ўсходнеславянскія рэчы, уключаючы кераміку і шкляныя бранзалеты. Апошняя катэгорыя знаходак характэрная менавіта для гарадоў Кіеўскай Русі, куды гэтая традыцыя распаўсюдзілася з Візантыі. Шмат усходнеславянскіх рэчаў знойдзена і пры раскопках Кернава. Нездарма, відаць, у "Списке русских городов дальних и ближних", сярод "рускіх" (г. зн. усходне-славянскіх) гарадоў пералічваюцца і гарады на тэрыторыі цяперашняй Летувы: Вільня, Трокі (Тракай), Меднікі (Мядзінінкай), Майшагола, Коўна (Каўнас), Вількамір (Укмярге), Мерач, Кернава. Паколькі ва ўсходнеславянскіх землях XII-XIV стагоддзяў гарадское жыццё дасягнула значнага развіцця, то дзякуючы славянам, гарады сталі ўзнікаць і на тэрыторыі з акаляючым балцкім насельніцтвам. Як вынікае з "Жыція" трох віленскіх пакутнікаў - Антонія, Іаана і Яўстафія, ліцвінаў па паходжанні, пакараных смерцю ці каля сярэдзіны XIV стагоддзя, ці яшчэ пры Гедзіміне, - у іх да хрышчэння былі славянскія імёны - Кумец, Круглец і Няжыла. Існаванне такіх імёнаў сведчыць, што ў часы да Крэўскай уніі 1385 г. частка жыхароў Вільні і Віленшчыны беларусізавалася, але заставалася язычнікамі. Літоўскі мовазнаўца З. Зінкявічус, які даследваў летувіскія сярэднявечныя антрапонімы, прыйшоў да высновы, што частка з іх была запазычанай ад усходніх славянаў яшчэ да сярэдзіны XII ст. і што хрысціянская царква ўсходняга абраду пачала ўплываць на Летуву ў XI ст. З другой паловы XII ст. гэты ўплыў узмацніўся. Да XIV ст. ад усходніх славянаў была запазычана і большая частка хрысціянскіх тэрмінаў.
Хаця пачынаючы з XV стагоддзя (пасля Грунвальдскай бітвы), адміністрацыйная мяжа ўласна Літвы з Жамойцю праходзіла па р. Нявежы (Нявежыс), археалагічныя дадзеныя дазваляюць меркаваць, што ў дадзяржаўны перыяд (прынамсі, у пачатку XI ст.), калі Літва ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых дакументах, на паўночным захадзе яна займала крыху меншую тэрыторыю. Справа ў тым, што археалагічная культура (г.зн. гістарычная агульнасьць археалагічных помнікаў, якія існавалі на акрэсленай тэрыторыі прыблізна ў адзін час і аднастайныя па сваёй матэрыяль-най культуры) так званых усходнелітоўскіх курганоў на паўночным захадзе свайго арэалу была тэрытарыяльна распаўсюджана толькі да р. Святой (Швянтойі), а міжрэчча Святой і Нявежы ў другой палове I і пачатку II тысяча-годдзя н.э. займала насельніцтва іншай археалагічнай культуры, для якой характэрны грунтавыя могільнікі з целаспаленнямі людзей і трупапалажэннямі коней. Вядомыя археолагі Валянцін Сядоў і Адольфас Таўтавічюс насельніцтва гэтай культуры атаясамлівалі з аўкштайтамі. Пако-лькі тэрыторыя, занятая аўкштайтамі, у параўнанні з тэрыторыямі Літвы і Жамойці была невялікай, што можа сведчыць і пра адпаведныя суадносіны колькасці насельніцтва, то з пачаткам дзяржаваўтварэння Аўкштайція досыць хутка патрапіла ў сферу уплыву больш моцнай Літвы. На поўначы сучаснай Летувы яшчэ ў XI-XIII стст. абшары рассялення Літвы і Жамойці не даходзілі да сучаснай летувіска-латышскай мяжы і досыць значныя тэрыторыі былі занятыя плямёнамі зямгалаў і куршаў, якія ў асноўным маюць дачыненне да фармавання латышскага народу.
У самым даўнім з вядомых усходнеславянскіх летапісаў, "Аповесці мінулых гадоў", складзенай у пачатку XII стагоддзя на падставе больш ранніх крыніцаў, Літва пералічваецца сярод тых неславянскіх народаў ("инии языци"), якія плацяць даніну Кіеўскай Русі ("иже дань дають Руси"). Акрамя культуры ўсходнесла-вянскіх курганоў, якая на паўднёвым усходзе ахоплівала тэрыторыю да возера Свір і сярэдняе цячэнне р.Віліі, пад Літвой напэўна мелася на ўвазе і прастора, дзе большая частка насельніцтва была ўжо славянамоўнай, але захоўваліся яшчэ асобныя астраўкі балтаў. Абшар, які ў XVI стагоддзі называўся Літвой, напачатку сярэднявечча (у V-VIII стст.) быў заселены плямёнамі двух этнічна балцкіх культураў: усходнелітоўскіх курганоў і банцараўскай (апошняя месцілася ў цэнтральнай і часткова паўночна-заходняй частках цяперашняй Беларусі). Асновай, на якой узніклі абедзве гэтыя культуры, была больш ранняя культура штрыхаванай керамікі, якая праіснавала да IV-пач.V стст. Характэрна, што арэал гэтай культуры на познім этапе яе існавання распаўсюджваўся, паводле сцвярджэння археолага А.А. Егарэйчанкі (які прысвяціў ёй адмысловую манаграфію),ад р. Святой (Швянтойі) і сярэдняга цячэння Нёмана да водападзелу Нёмана і Прыпяці, уключаючы вярхоўі Лані, Случы і Пцічы, а на ўсходзе - у асноўным да р. Бярэзіны. Няцяжка заўважыць, што гэты арэал супадае з той тэрыторыяй, якая ў дакументах XVI стагоддзя аднесена да Літвы ў вузкім сэнсе слова. Таму ёсць падставы сцвярджаць, што згаданая тэрыторыя называлася Літвой ужо на заключным этапе існавання культуры штрыхаванай керамікі, г.зн.не пазней чым у IV-V стст. Хаця пад уплывам і ў выніку пранікнення суседніх плямёнаў на месцы культуры штрыхаванай керамікі ўтварылася дзве - усходнелітоўскіх курганоў і банцараўская, але абедзьве яны засталіся этнічна прыналежнымі да балцкага этнасу. Большая частка раней-шага насельніцтва таксама напэўна нікуды не мігравала, і верагодна назва ўсёй той тэрыторыі засталася ранейшай. Варта сказаць, што археалагічнай навуцы вядома шмат прыкладаў, калі адзін этнас прадстаўлены двумя альбо некалькімі археалагічнымі культурамі. Што датычыць паўднёвай часткі арэалу культуры штрыхаванай керамікі, насельніцтва якога ў канцы I-пачатку II тысячагоддзя н.э. было славянізавана, але на працягу ўсяго сярэднявечча тая тэрыторыя працягвала называцца Літвой, то можна прывесці з еўрапейскай гісторыі наступныя прыклады. Такія тэрыторыі як Прусія, Фракія, Далмацыя, Брытанія, Бургундыя, Багемія, Бельгія і нават Францыя атрымалі свае назвы ад засяляўшых іх першапачаткова этнасаў, але тым не менш гэтыя назвы тэрыторыяў захаваліся і пасля змены (у выніку міграцыяў альбо асіміляцыяў) этнічнага складу іх насельніцтва. Да таго ж не толькі паўднёвая частка гістарычнай Літвы (у межах цяперашняй Беларусі) абславянілася, але і насельніцтва паўночнай часткі (у цяперашняй Летуве) ўсё больш пераймала пануючыя славянскія (дакладней, старабеларускія) мову і культуру. Гэтаму спрыяла і наяўнасць сярод насельніцтва гарадоў паўднёва-ўсходняй Летувы значнай часткі беларусаў. Таму не дзіўна, што падарожнікі з замежных краінаў, а таксама ўраджэнцы Вялікага Княства нярэдка пад літоўскай мовай мелі на ўвазе старабеларускую, а саміх ліцвінаў адносілі да славянскіх народаў. Так, у першай палове XVI ст. аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн сцвярджаў у сваіх запісках, што на "літоўскай мове" бізона называюць зубрам (Suber), хоць па-летувіску гэтая жывёла завецца stumbras. Гэтак сама ён прыводзіў і "літоўскую" назву лася (Loss). У XVII ст. вядомы праваслаўны дзяяч Лаўрэнці Зізаній разумеў пад "літоўскай" мовай старабеларускую, а пад "рускай" - царкоўна-славянскую. Так, у прадмове да складзенага ім "Катэхізісу" ён пісаў, што гэтая кніга "глаголемая по-гречески катехизис, по-литовски оглашение, русским же языком нарицается беседословие." У тым жа XVII ст. Мялеці Сматрыцкі ў творы "Апраўданне нявіннасці" прыгадваў "Літву" сярод "хрысціянскіх рускіх народаў", на адным узроўні з валынцамі, украінцамі, Белай і Чорнай Руссю, і г.д. Расейскі дыпламат князь Б. Куракін у пачатку XVIII ст., праяжджаючы праз Беларусь, адзначаў падабенства "літоўскай" мовы да расейскай. Толькі паступова назва Літва стала выключна абазначэннем аднаго з балцкіх народаў і замацавалася за тэрыторыяй, большую частку якой складае гістарычная Жамойць (Жэмайція), а назва Беларусь з абазначэння гістарычнай вобласці ў Падзвінні і Падняпроўі набыла сучаснае значэнне.Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме