01:15 31.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ліхаманкавыя захады
Калі ў Аляксандра Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі 15 студзеня спыталі, як Беларусь зьбіраецца вяртаць даўгі, бо сёлета трэба заплаціць крэдыторам каля $3 млрд плюс працэнты, то ён адказаў, што ўсё ў парадку, $3 млрд мы маем, засталося знайсьці недзе яшчэ $1 млрд. Але, падаецца, ня ўсё тут так аптымістычна. Тым больш што немалыя сумы трэба плаціць якраз на пачатку году: 14 студзеня — $100 млн, 23 студзеня — яшчэ $80 млн.
Фактычна, адзіная крыніца, адкуль можа прыйсьці дапамога, — гэта Расея. Яшчэ 7 сьнежня 2012 году на паседжаньні Рады Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у Менску ў амаль што ўрачыстай абстаноўцы было прынятае рашэньне выдзеліць Беларусі чарговую чацьвёртую траншу крэдыту ў памеры $440 млн. Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў на прэсавай канфэрэнцыі запэўніў, што грошы прыйдуць «бліжэйшым часам».
Але, здаецца, праз пэўны час гэтая пастаральная карціна моцнага славянскага сяброўства зьмянілася на іншую. Узьнікла неспадзяванка. Падаецца, паміж саюзьнікамі чарговым разам прабегла чорная кошка.
Ужо канец студзеня, а грошай усё няма. Ніколі раней такой доўгай затрымкі не было. Афіцыйныя прадстаўнікі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС тлумачаць яе тэхнічнымі прычынамі — маўляў, ніяк ня могуць пагасіць вэксаль.
Аднак падаецца, што прычыны гэтай затрымкі ўсё ж не тэхнічныя. Пра гэта сьведчаць тыя амаль ліхаманкавыя крокі, якія робяць апошнім часам беларускія ўлады. Справа ў тым, што Беларусь ня выканала тых умоваў, абавязаньняў, якія ўзяла на сябе падчас падпісаньня адпаведнай дамовы ў 2011 годзе. Напрыклад, беларускі ўрад павінен быў павысіць камунальныя плацяжы, кошт праезду ў грамадзкім транспарце, прадаваць дзяржактывы на суму $2,5 млрд штогод. Але нічога гэтага беларускія ўлады ня выканалі ў патрэбным памеры.
І вось адно за адным пачалі зьяўляцца паведамленьні з афіцыйных крыніц, якія падаюцца зусім не выпадковымі. 23 студзеня Савет міністраў прымае пастанову, якая ўводзіць для насельніцтва дыфэрэнцыяваную плату за электраэнэргію і газазабесьпячэньне, што фактычна азначае павелічэньне камунальных тарыфаў.
30 студзеня намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Жанна Бірыч паведаміла, што тарыфы на праезд у грамадзкім транспарце Менску ў першым квартале 2013 году павялічацца на 17,5%.
30 студзеня кіраўнік Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Георгі Кузьняцоў абвясьціў, што «ўрадам на 2013 год пастаўлена задача па фармаваньні пераліку аб’ектаў, продаж якіх дазволіць прыцягнуць замежныя інвэстыцыі ў суме ня менш за $2,5 млрд». Асабліва паказальная апошняя лічба.
30 студзеня кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Мясьніковіч заявіў: Беларусь будзе разам з Расеяй ствараць супольныя транснацыянальныя карпарацыі.
Але адных эканамічных захадаў, каб задобрыць Расею, беларускаму кіраўніцтву падалося мала. І таму ў Менску вырашылі прымяніць да саюзьніка і іншы мэтад. У бой пайшла цяжкая артылерыя.
29 студзеня Аляксандар Лукашэнка прымае міністра замежных спраў Уладзімера Макея. Чаго раптам? Якая самая актуальная тэма цяпер стаіць найперш на парадку дня вонкавай палітыкі Беларусі? Правільна, угадалі. «Асабліва закраналася пытаньне пэрспэктывы ўзаемаадносін Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам, Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў шэраг прапаноў МЗС Беларусі, накіраваных на далейшую актывізацыю працы з эўрапейскімі партнэрамі», — заявілі агенцтву Інтэрфакс-Захад у прэс-службе кіраўніка дзяржавы. «Што ў нас адбываецца на восі Ўсход-Захад? Мяне цікавіць больш заходняя праблематыка», — сказаў прэзыдэнт.
Вось так. Хто б мог падумаць, што Аляксандра Лукашэнку цяпер цікавяць больш не адносіны з Расеяй, а «заходняя праблематыка». І краіны ЭЗ ужо ня ворагі, а «партнэры», зь якімі патрэбна «далейшая актывізацыя працы». Трэба так разумець, што праца з «эўрапейскімі партнэрамі» і цяпер вельмі актыўная, але трэба яе актывізаваць яшчэ больш.
Гэта такі трохі прымітыўны, па-сялянску праставаты шантаж Расеі. Маўляў, давайце, хлопцы грошы, не дурыцеся. А то знойдзем іншых «партнэраў». Такая мэтода выкарыстоўвалася ўжо шмат разоў. Усе да яе прызвычаіліся, яна такая прадказальная. Але, паколькі Лукашэнка выкарыстоўвае яе раз за разам, то гэта азначае, што, нягледзячы на ўвесь свой прымітывізм, такая тактыка працуе. Ён выдатна зразумеў балючае месца расейскай эліты і пэрыядычна на яго націскае, выкарыстоўвае напоўніцу імпэрскія комплексы Масквы.
І што вы думаеце, нікуды ня дзенуцца, дадуць.
Валер КарбалевічИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме